Чатыры – яшчэ не мяжа!

Днямі ў раён прыйшла добрая вестка: узорны тэатр танца “Пестрый мир” стаў лаўрэатам І ступені ІХ Міжнароднага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Містэрыя танца”.

Пераможны марафон не спыняецца

— Нават дзіўна, што яшчэ не паспелі высахнуць чарніла і дайсці да нас ранейшыя ўз-нагароды, — смяецца кіраўнік калектыву Алена Бабашава.

— А ў красавіку мы ў чацвёрты раз атрымалі міжнароднае прызнанне.

Ці не спыніцца такі пераможны марафон?

— Мяркую, што не, — гаворыць Алена Міхайлаўна, — бо кожны дыплом, кожная намінацыя прымушаюць дзяцей яшчэ больш працаваць над сабой і развівацца. Ды і апладысменты публікі запальваюць вочы хлопчыкаў і дзяўчынак жаданнем выступаць.

І сапраўды, на рэпетыцыі ў Алены Міхайлаўны заўсёды горача. Тут усё падпарадкавана яе слову, эмоцыям, жэстам і рухам.
– Без поўнай самааддачы не дасягнуць грацыёзнасці і лёгкасці, асабліва вытанчанай пластыкі, жывых эмоцый і па-сапраўднаму гарачых апладысментаў публікі і прызнання журы, – гаворыць кіраўнік калектыву. – Таму ў нас не прынята ленавацца, прапускаць рэпетыцыі без уважлівых прычын і пярэчыць педагогу.

Праўда, хітрыць, кажучы апошняе, Алена Міхайлаўна. Бо карыстаецца бязмернай любоўю выхаванцаў і аўтарытэтам, добра ведае, чым зачапіць дзіцячую душу, як даць надзею і падтрымаць.

Работа з аркестрам — «Куточак Беларусі»

Любоў да танца – любоў да дзяцей

— Маё шчырае меркаванне, што кожнае дзіця мае талент, — зазначае яна. — А вось педагогу трэба яго ўбачыць, раскрыць і нястомна развіваць. А гэта — найскладанейшая задача і патрабуе асаблівага педагагічнага прызвання.

Яго, як і артыстычнага майстэрства, і рэжысёрскай выдумкі, у Алены Міхайлаўны з лішкам, бо яна скончыла Мінскую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, затым авалодала майстэрствам харэаграфіі ў Мінскім дзяржаўным універсітэце культуры.

— Атрыманыя веды даюць магчымасць не толькі плённа працаваць з дзецьмі, але і бясконца імправізаваць у пастаноўках, — дадае педагог. — Сёння наш рэпертуар складаецца з эстрадных, народных танцаў, харэаграфічных кампазіцый і
творчых работ з аркестрам.

І кожная з іх можа ўпрыгожыць любое мерапрыемства і запасці ў душу журы.

З гэтым не паспрачаешся, бо ўявіць святочны канцэрт альбо ўрачыстае мерапрыемства без ўзорнага тэатра “Пёстрый мир” немагчыма. Яго з нецярпеннем чакаюць шматлікія паклоннікі калектыву.

На рэпетыцыі ў харэографа Алены Бабашавай юныя танцоры з групы ранняга развіцця “Мажорыкі”

— Бярэзінцам нашы танцы па душы, — гаворыць Алена Міхайлаўна, — таму на аддзяленні харэаграфіі няма пытанняў з наборам.

Любоў да танца і дзяцей Алены Бабашавай адзначана на высокім узроўні. У 2019 годзе імя кіраўніка ўзорнага тэатра “Пёстрый мир” было занесена на раённую Дошку гонару.

На 1 красавіка харэаграфіяй займаюцца 112 хлопчыкаў і дзяўчынак, а склад тэатра танца налічвае 86 дзяцей.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і з архіва школы мастацтваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *