Члены МААП адсвяткавалі дзень нараджэння. На свяце пабываў бярэзінец Яўгеній Тарасёнак

У дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які адзначаўся 4 лютага, каля 50 удзельнікаў руху з Мінскай вобласці прынялі ўдзел у мерапрыемстве «МНС. БРСМ. БЯСПЕКА». Ад Беразіно на свяце пабываў малады кіраўнік спартыўна-турыстычнага цэнтра “Брадзец” Яўгеній Тарасёнак.

— Кандыдатура выбрана была невыпадкова, — падкрэслівае першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык, — бо малады чалавек – актывіст нашага грамадскага аб’яднання, баец маладзёжнага атрада аховы правапарадку, дружыннік, у якога заўсёды хапае часу прымаць удзел у разнастайных мерапрыемствах і быць узорным прыкладам для бярэзінскай моладзі.

Усе гэтыя якасці запатрабаваны сёння ў моладзі, якая жадае прымаць удзел у ахове правапарадку, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Актывістаў гатовы сёння прыняць у маладзёжныя атрады правапарадку, якія закліканы не толькі падтрымліваць парадак, але і займацца патрыятычным выхаваннем.

— Дзейнасць у складзе атрада асаблівая, бо прывучае да дысцыплінаванасці і патрабуе пастаяннага ўзаемадзеяння з маладзёжным асяроддзем і цяжкімі падлеткамі, — заўважае Яўгеній. — Мяне ў гэтай справе выратоўвае пэўны вопыт работы ў школе, захапленне спортам і, вядома ж, той факт, што я працую ў роднай вёсцы. А гэта як-ніяк абавязвае несці адказнасць за ўсё, што адбываецца на малой радзіме.

У ходзе мерапрыемства прайшла дэманстрацыя магчымасцей аварыйна-выратавальных службаў. Удзельнікаў пазнаёмілі з тэхнічнымі характарыстыкамі, магчымасцямі тэхнікі і абсталявання выратавальнікаў, прадэманстравалі дзеянні выратавальнікаў у непрыдатным для дыхання асяроддзі. Супрацоўнікі МНС змадэлявалі таксама сітуацыю выратавання людзей з вышынных будынкаў.

Важным момантам мерапрыемства стала правядзенне адкрытага дыялогу з удзельнікамі і гасцямі ў цэнтры бяспекі Барысаўскага раённага аддзела МНС. Эксперты дыялогу – прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый, выратавальных службаў – закранулі пытанні бяспекі грамадзян, прапанавалі новыя формы і метады ўзаемадзеяння БРСМ і МНС.

Пасля заканчэння мерапрыемства самым актыўным удзельнікам уручылі граматы Мінскай абласной аргані-зацыі БРСМ. Падзяку за грамадзянскую пазіцыю і актыўны ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання сакратар абласнога ГА “БРСМ” К. Шык уручыў нашаму Яўгенію Тарасёнку.

— Атрымліваць такую ўзнагароду заўсёды прыемна, аднак так хочацца, каб армія нашых аднадумцаў множылася з кожным днём, — зазначае дружыннік. – Садзейнічаюць гэтаму новыя напрамкі дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Нядаўна яны пашырыліся яшчэ пошукавай, інфармацыйнай дзейнасцю і наладжваннем кібербяспекі. У якасці пераемнасці традыцый застаецца, вядома, спецыфіка службы ў сілавых арганізацыях і спартыўны накірунак. Калі гэта вам па душы, будзем рады бачыць у нашых радах! Добрых і карысных спраў на ўсіх хопіць!

Усіх, хто жадае ўступіць у рады членаў маладзёжнага атрада аховы правапарадку рады бачыць у раённым камітэце ГА “БРСМ”. Дастаткова быць членам арганізацыі і мець актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку – сумесны праект БРСМ, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, які аб’яднаў больш за 15 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і выратавальнікамі рабяты забяспечваюць грамадскі парадак, займаюцца прафілактычнай дзейнасцю па бяспецы жыццядзейнасці, удзельнічаюць у мерапрыемствах па бяспецы дарожнага руху, задзейнічаны пры правядзенні культурна-забаўляльных і спартыўнамасавых мерапрыемстваў, арганізатарам якіх выступае саюз моладзі.

У Мінскай вобласці рух МААП аб’ядноўвае 2222 юнакоў і дзяўчат у 85 атрадах. У нашым раёне структуру прадстаўляюць 30 чалавек, большасць – маладыя актывісты.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *