Чорнае золата ярка — жоўтых палёў

Нельга не заўважыць, як прыгожа і дружна цвіце ў гэтыя майскія дні рапс. Ім заўсёды хочацца палюбавацца! Аднак не кожны ведае, што за гэтым ярка – жоўтым хараством стаіць сапраўднае багацце. Рапс — каштоўная сельскагаспадарчая культура, багатая бялком і мікраэлементамі, таму і незаменная ў вытворчасці камбікармоў.

А яшчэ, хто не ведае, з масланасення рапсу атрымліваюць харчовае і тэхнічнае масла, а рапсавы экстракт з’яўляецца адным з кампанентаў біяпаліва. Ды і самае галоўнае — гэта культура займае ў рэйтынгу рэнтабельнасці вырошчвання сельскагаспадарчых культур адно з першых месцаў і востра запатрабавана на рынку нашай краіны.

Сеюць усе, за выключэннем ААТ “Уша”

У нашым раёне амаль усе гаспадаркі вырошчваюць азімы рапс. Выключэнне складае толькі сельгаспрадпрыемства “Уша”, дзе некалькі гадоў таму катэгарычна адмовіліся ад гэтай капрызнай і патрабавальнай культуры па прычыне нізкай бальнасці глебы. Рапс і сапраўды даецца селяніну няпроста. Ён патрабуе пэўных папярэднікаў, выдатнага насення, бездакорнага выканання ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, а яшчэ лагоднага надвор’я. Не ўсе рапсавыя палеткі захоўваюцца пасля зімы і вясенніх халадоў. Вось і сёлета частка азімага рапсу загінула не дачакаўшыся цяпла. У выніку ў гаспадарках раёна расліннае багацце займае 2858 гектараў. Здаецца, плошча невялікая, але нават яна пры належнай ураджайнасці дазваляе гаспадаркам разлічваць на прыбытак. І гэта пры тым, што ўкладваецца ў яе вырошчванне нямала сродкаў.

Практыкай даказана, што вырошчванне рапсу – справа выгадная, — лічыць галоўны аграном ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Анатоль Шабан. — Гэта культура рэнтабельная і карыстаецца попытам у вытворцаў. Таму пад ураджай сёлетняга года пасяўныя плошчы гэтай культуры ў гаспадарцы налічваюць 300 гектараў. Калі летась яго сеялі на 300 га, то і сёлета – на 300. Расліна гэта капрызная, патрабуе апрацоўкі, падкормкі. Але, калі дакладна захоўваць тэхналогію вырошчвання, яна дае добры ўраджай. Па адзнаках спецыяліста, сёлета ўраджайнасць рапсу тут плануецца ў межах 14 цэнтнераў з гектара. Гэта маль удвая больш, чым летась. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло

Яшчэ з восені ў гаспадарках правялі хімпраполку азімага рапсу, апрацавалі яго супраць шкодных раслін, вясной зрабілі дзве падкормкі і правялі інсектыцыдную апрацоўку супраць біялагічных шкоднікаў. Да таго як пачаць уборку масланасення (а гэта, звычайна, першая палова ліпеня), яшчэ застанецца правесці ў пасевах фунгіцыдную апрацоўку супраць хвароб і апрацаваць стручкі раслін для таго, каб яны заўчасна не растрэскваліся. Таму сёлета, па сціплых прагнозах, мяркуюць атрымаць на круг звыш 13 цэнт-нераў з гектара і дасягнуць валавога збору ў памеры 3790 тон масланасення рапсу. Асаблівыя спадзяванні маюць на сёлетні ўраджай хлебаробы філіяла “Ома”, якія летась намалацілі на круг па 22 цэнтнеры.

А хто зарабляе?

Летась гаспадаркамі раёна было намалочана з 2932 гектараў 3772 тоны масланасення рапсу, з якіх 3192 было прададзена, выручка склала з улікам падатку на дадатковы кошт — 3021,7 тысячы рублёў. Прыбытак пры цане рэалізацыі ў 861 рубель дасягнуў 556 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць склала 16,8 %. Сярод тых, хто дастойна папоўніў бюджэт гаспадаркі, аграрыі філіяла “ОМА”. Яны здолелі давесці цану рэалізацыі масланасення рапсу да 900 рублёў і выйшлі на рэнтабельнасць у 133,5%.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *