Чым кормяць дзяцей у школах Бярэзіншчыны?

Атручванне вучняў адной са сталічных школ не пакінула абыякавым ні бацькоў, ні педагогаў. Такая горкая гісторыя — лішні напамін усім дарослым, што дробязей у арганізацыі харчавання дзяцей няма. Добра разумеюць гэта ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Яно і зразумела: забяспечваюць сняданкамі– абедамі 2435 вучняў і 864 дашкольнікаў з 6 устаноў дашкольнай адукацыі, дзіцячага сацыяльнага прытулку, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 11 вучэбна-педагагічных комплексаў у сельскай мясцовасці і 4 установах сярэдняй адукацыі. Дык як жа фарміруецца меню, з якіх прадуктаў гатуюцца стравы і хто непасрэдна адказвае за якасць ежы ў школах і садках? На ўсе гэтыя пытанні адказвае інжынер-тэхнолаг ДУ “Бярэзинскі раёны цэнтр па абяспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый” Галіна Ржэвуцкая.

— Прызнаюся чэсна, мяне, як спецыяліста, гісторыя з масавым атручваннем дзяцей шакіравала. Думаю, не лепшыя эмоцыі перажылі і бярэзінскія таты і матулі, чые дзеці харчуюцца ў школах і садках. Аднак спяшаюся іх супакоіць: чыкен-ролаў, шаўрмы і рознага фастфуду ў нашым меню няма!

— А што тады ў школьным меню?

— У аснову наладжвання харчавання пакладзена прыкладнае перспектыўнае меню, якое распрацавана спецыялістамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і ўзгоднена з Мінскім абласным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Прыкладныя двухтыднёвыя меню дзяцей разнастайныя і складзены з улікам велічынь фізіялагічных патрабаванняў у харчовых рэчывах і энергіі, норм харчавання, сезоннасці. Мы прытрымліваемся прынцыпаў беражлівага харчавання, усе прадукты праходзяць спецыяльную кулінарную апрацоўку Таму ў нашым меню — кашы, пюрэ з бульбы, запяканкі, салаты з агародніны, мяса і рыба, кісялі і кампоты.

— А што канкрэтна ў рацыёне дзяцей?

— Тут штодзень малако і кісламалочныя прадукты, масла сметанковае і алей, хлеб, крупы, мяса, агародніна, свежая садавіна. Пры прыгатаванні ежы не выкарыстоўваюцца вострыя прыправы, воцат і перац. Перавага аддаецца выключна нятлустым гатункам мяса – ялавічыне, свініне мясной і мясу куранят-бройлераў, а са смачнасцей — зефіру і мармеладу.

— А ці трэба баяцца якасці прадуктаў харчавання?

— Мяркую, што не. Усе прадукты харчавання паступаюць у школы і садкі напрамую ад пастаўшчыкоў. Малочная прадукцыя – тройчы на тыдзень, садавіна і гародніна — адзін раз на тыдзень, свініна, каўбасы, птушка — 1 раз у дзесяць дзён, хлебабулачныя вырабы, ялавічына – штодзень. Пастаўшчыкі тавараў — пераможцы тэндараў і беражліва ахоўваюць сваю рэпутацыю.

— Каб прыгатаваць смачную і якасную страву адных прадуктаў яўна недастаткова. Ці маецца належная матэрыяльна-тэхнічная база харчблокаў? І якая кваліфікацыя ў школьных кулінараў?

— На гэты конт бацькам таксама не раю хвалявацца. Толькі ў гэтым годзе набыта 16 адзінак халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання харчблокаў. Выкананы бягучыя рамонты ў складскіх і кухонных памяшканнях 2 дашкольных устаноў. Што тычыцца павароў, то іх штат налічвае 49 чалавек, з якіх 10 маюць 3 разрад, 34 работнікі — 4 разрад і 5 — пяты. Вялікая ўвага надаецца навучанню павароў. Зараз 7 работнікаў праходзяць навучанне на атрыманне 4 разраду.

— А хто кантралюе якасць харчавання ў школах?

— Гэтым непасрэдна займаецца створаная ў кожнай школе і дашкольнай установе бракеражная камісія. Яна сочыць за якасцю прыгатаваных страў, строгім выкананнем тэхналогіі прыгатавання, а таксама за захаваннем усіх санітарна-гігіенічных патрабаванняў пры прыгатаванні і раздачы ежы ў садках і школах. Яна робіць, здымае пробы і афармляе адпаведны журнал. Дарэчы, пробы захоўваюцца на працягу сутак, каб у выпадку спрэчнай сітуацыі на прадмет якасці, адправіць на аналіз.

Заўважу, што пытанні наладжвання харчавання знаходзяцца пад пастаяным кантролем. Дзеля гэтага дзейнічае міжведамасная камісія па кантролі за наладжваннем харчавання ва ўстановах адукацыі раёна. Яна штотыднёва збіраецца на свае пасяджэнні. Добра ў гэтай справе сябе зарэкамендавалі і саветы па харчаванні, якія створаны ў кожнай школе і садках. У склад іх абавязкова ўваходзяць прадстаўнікі папячыцельскіх саветаў і прафсаюзаў. Рэгулярна пытанні харчавання абмяркоўваюцца на сходах пры дырэктарах установы, начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме, на пасяджэннях з іншымі кіраўнікамі.

— Што яшчэ хочаце сказаць бацькам наконт харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна?

— Магу толькі супакоіць і запэўніць татаў і матуль у тым, што харчаванне іх дзяцей наладжана належным чынам і меню адпавядае ўсім патрабаванням. Таму нашы павары і педагогі з пачуццём вялікай адказнасці гавораць дзецям у сталовай “Смачна есці!”.

Гутарыла  Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *