Чым запомніцца бярэзінцам велапрабег у гонар Перамогі?

Першага мая ў гарадскім скверы стартаваў велапрабег па месцах баявой славы ў гонар 75–годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наладжаны ён быў у рамках маладзёжнага праекта 5 “D”, а арганізавалі падлеткам з СШ №2 горада цікавы і карысны першамай супрацоўнікі ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры”, ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” і ДУА Турыстычны цэнтр “Юнацтва”. Паклапаціліся яны не толькі аб тым, каб юныя веласіпедысты ўдала пакруцілі педалі на свежым паветры, але і пра тое, каб яшчэ раз данесці да іх суровую праўду аб самай кровапралітнай вайне мінулага стагоддзя.

Маршрут веласіпедыстаў пачаўся з ускладання кветак каля мемарыяльнага знака ў гонар падпольшчыкаў і партызан, забітых у 1942 годзе, і скульптуры на брацкай магіле ў гарадскім скверы. Затым іх шлях ляжаў у вёску Жорнаўка. Яна была выбрана арганізатарамі мерапрыемства невыпадкова. Тут у час Вялікай Айчыннай вайны вяліся самыя жорсткія баі па вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гераічныя старонкі тых слаўных баявых падзей юнакі перагарнулі каля воінскіх пахаванняў у вёсцы Жорнаўка. Так, на вясковых могілках у 7 брацкіх магілах пахаваны 170 воінаў, якія загінулі ў час вызвалення Жорнаўкі. Тут знайшлі свой апошні прытулак салдаты 42-ой і 153-яй стралковых дывізій 49 арміі 2-га Беларускага фронту. У гонар сваіх вызваліцеляў у 1951 годзе тут устанавілі абеліск.


Беражліва захоўваюць мясцовыя жыхары і слаўную памяць пра загінуўшых землякоў у час ваеннага ліхалецця. У скверы турыстычнага цэнтра «Юнацтва» не зарастае сцежка да абеліска памяці 40 вяскоўцам, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах у ваенны час.
Ёсць яшчэ дарагое і свяшчэннае месца для кожнага жыхара вёскі Жорнаўка. Гэта стэла з чорнага мармуру ў гонар воінаў 153-яй стралковай дывізіі 49–ай арміі 2-ога Беларускага фронту. На ёй выбіта: «Здесь 2 июля 1944 года полки 153 стрелковой дивизии в тяжелом кровопролитном бою форсировали реку Березину, штурмом овладели сильно укрепленной позицией противника на высоком берегу и освободили д. Жорновка от фашистов, вынудив их к отступлению из г. Березино».


— Трэба аддаць належнае сучаснай дзятве, — зазначае адзін з арганізатараў і экскурсавод велапрабегу Вікторыя Багадзяж, — уважліва слухалі ўспаміны пра ваенныя часы, выказвалі цікавасць да падзей Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкіх салдат у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. Ім было цікава даведацца, што сярод пахаваных у гарадскім скверы воінаў і партызан, якія загінулі ў час абароны і вызвалення нашага раёна, ёсць і грамадзянін Францыі Раман Дзюбас. Ён загінуў 10 кастрычніка 1943 года ў вёсцы Альхоўка. Нікога з падлеткаў не пакінулі абыякавымі і воінскія пахаванні ў вёсцы, паверыць, што ў гэтых маляўнічых месцах гінулі людзі, ім было складана.


Завяршыўся велапрабег, як і належыць, салдацкай кашай і духмянай гарбатай, цікавымі гульнямі і віктарынамі.
— Падобныя велапрабегі — выдатная магчымасць даказаць, што мы памятаем пра подзвігі нашых дзядуляў і прадзядуляў, шануем Вялікую Перамогу і мужасць людзей, — зазначылі ўдзельнікі велапрабегу, — і ўдзячны ім за мірнае неба і спакой.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Бярэзінскага раённага цэнтра культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *