Ці займаюцца бярэзінцы добраўпарадкаваннем? Высвятляў наш карэспандэнт

Пагадзіцеся, красавік – месяц чысціні. Заўважаю, што дбайныя гаспадары прыбіраюць прысядзібныя ўчасткі і рыхтуюцца да пасадкі агарода. Многія з тых, хто жыве ў шматпавярховых дамах, імкнуцца ўпрыгожыць тэрыторыю вакол дома. Адным словам, “кіпіць” работа па навядзенні парадку.

Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў жыхароў Бярэзіншчыны, ці распачалі яны добраўпарадкаванне, якія работы ўжо выканалі, што плануюць яшчэ зрабіць, ды і ўвогуле, як адносяцца да суботнікаў.

Ірына КУДЗЕЙКА, жыхарка Беразіно:

– Мы ўжо не проста прыступілі да навядзення парадку, а амаль завяршылі: згрэблі смецце, падрыхтаваліся да пасадкі пладовых дрэў і агародніны, разбілі клумбы. Калі працавала, пастаянна ўдзельнічала ў суботніках. І мне гэта справа, сапраўды, падабалася. Бо, пагадзіцеся, суботнік прывучае людзей па-іншаму адносіцца да чысціні і парадку. Упэўнена, кожнаму прыемна бачыць, як мяняе выгляд горад, прагуляцца каля прыбранай і добраўпарадкаванай тэрыторыі.

Кацярына КОРСУК, працуе ў Бярэзінскай ЦРБ:

– Я жыву ў Глухім Таку. І як толькі пацяплела, пачала наводзіць парадак вакол дома. А суботнікі – гэта добрая традыцыя, якая прыйшла да нас з савецкіх часоў. І я заўсёды ўдзельнічаю ў іх. Ды і ўвогуле, нават без суботнікаў мы падтрымліваем чысціню і парадак каля нашай райбальніцы. Імкнёмся як мага лепш добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Тады і цудоўны настрой, і душа радуецца.

Ігар РАМАНОВІЧ, супрацоўнік РАНС:

– Я жыву ў кватэры, але маю дачны ўчастак. І даўно адкрыў дачны сезон. Прыбраў тэрыторыю падрамантаваў. У суботніках таксама заўсёды прымаю ўдзел. Гэта – неабходная і карысная справа. Шкада, не ўсе разумеюць. Таму часам атрымліваецца, што адны наводзяць парадак, а іншыя – наадварот, забруджваюць тэрыторыю.

Сяргей ГОМАН, працуе ў Пагосцкім лясніцтве:

— Жыву я ў Косаўцы. Таму, як толькі сышоў снег і пацяплела, пачаў займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол дома. І, шчыра прызнаюся, справа мне ў радасць. Прыемна жыць у чысціні і парадку. У раённых мерапрыемствах па навядзенні парадку таксама ўдзельнічаю.

Варвара НІКУЛІНА, Крысціна МЕЛЬНІКАВА, Ангеліна ЕРМАЧОНАК, вучаніцы 6 класа Бярэзінскай гімназіі:
Варвара:

– Мы з матуляй даволі часта ходзім прыбіраць бераг рэчкі Бярэзіны. Навошта? Прыемна ж потым гуляць па чыстым беразе. Ды і хочацца проста зрабіць добрую справу.

Крысціна:

– У школе мы таксама далучаемся да мерапрыемстваў па навядзенні парадку. Прыбіраем тэрыторыю вакол установы.

Ангеліна:

– У класах наводзім парадак. І нам падабаецца дружна, разам працаваць.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *