Цяжка пачаць бегаць? А вы паспрабуйце! Карысныя і правераныя парады ад бярэзінскіх спартсменаў

Міхаіл Сынкоў — фігура ў нашым горадзе прыкметная. Хто з бярэзінцаў не бачыў гэтага бегуна ў спёку альбо дождж? Бегае ён шмат і ў любое надвор’е. І справа не толькі ў тым, што малады мужчына — педагог дадатковай адукацыі турыстычнага цэнтра “Юнацтва”, дзе ён займаецца з юнымі аматарамі спартыўнага арыентавання і такім спартанскім шляхам падтрымлівае сябе ў выдатнай фізічнай форме, але і ў пэўнай філасофіі жыцця. Параўнаўча нядаўна ён сабраў аднадумцаў і наладзіў работу групы фізічнай падрыхтоўкі.

Міхаіл Сынкоў у дзень прабягае 30-40 кіламетраў і яшчэ мае сілы пакатацца на веласіпедзе

Халоднае надвор’е і пранізлівы дождж для Міхаіла — дробязь. Здаецца, ён проста не заўважае ніякага дыскамфорту.
— Гэта выдатны стымул бегаць, каб сагрэцца, — распавядае мужчына. – Ведаю, большасць бярэзінцаў гэта літаральна шакіруе. Аднак я навучыўся не заўважаць рэакцыю людзей. Ды і рэгулярны бег праганяе мой дрэнны настрой. Прабягу, падумаю. Спачатку праблемы сам-насам пачынаю вырашаць, а потым заўважаю, што думкі накіроўваюцца ў іншае, больш пазітыўнае рэчы-шча, а на сканчэнні дыстанцыі — ужо добры настрой. Так і жыву.
Бегае Міхаіл даўно, бо шмат гадоў займаецца спартыўным арыентаваннем, як роўны, са сваімі навучэнцамі бярэ ўдзел у спаборніцтвах і займае не апошнія месцы ў рэйтынгу. Не баіцца малады чалавек і разнастайных мерапрыемстваў на выжыванне.
— Спартыўнае арыентаванне – унікальны від спорту, які патрабуе ўменняў кіраваць веласіпедам і катацца на лыжах, але ў яго аснове ляжыць вынослівасць. А бег, як ні круці, выдатная і добрая школа вынослівасці, — дадае Міхаіл Георгіевіч. — Таму кожны адолены кіламетр для мяне вельмі важны. Так мне ўдаецца не толькі стабільна кантраляваць вагу і адчуваць пэўную лёгкасць, але і рыхтаваць сябе да будучых спартыўных стартаў.
Міхаіл — заўзяты аматар здаровага ладу жыцця і спорту. У дзень прабягае па 30-40 кіламетраў, не лянуецца займацца ў трэнажорнай зале, ды і не хоча падстройвацца пад рэкорд таго ці іншага бегуна. Ідзе толькі сваім шляхам.
— Кожны чалавек ведае свой патэнцыял і павінен сам яго раскрываць, — распавядае Міхаіл Георгіевіч. – Так, я маю ўласную сістэму падрыхтоўкі, яе прытрымліваюся і ўжо не магу знайсці для прабежак дастойных партнёраў.
Выключэнне складаюць яго навучэнцы. Так, вось ужо некалькі месяцаў разам з трэнерам бегае Яўгеній Шумскі. Ён сёлета скончыў СШ №3 і мае намер паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту. Перспектыва працаваць выкладчыкам фізічнай культуры яго ніколькі не палохае.
— Я з дзяцінства маю схільнасць да спорту, — расказвае Яўгеній, — займаўся тэнісам, плаваннем, аднак з-за адсутнасці трэнераў заняткі давялося спыніць. Таму лепшым выйсцем для мяне стала спартыўнае арыентаванне. А затым — заняткі бегам. Яны — лепшая трэніроўка для здачы адказнага экзамену па фізічнай падрыхтоўцы.

Яўгеній Шумскі ўжо не ўяўляе сябе без бегу

Праўда, пачынаць бегаць для Яўгенія было няпроста.
— Добра памятаю сваю першую прабежку, — успамінае юнак. –  Здаецца, я ніколі не адчуваў такога дыскамфорту. Ужо на першых кіламетрах усё ныла і балела. Спіна не разгіналася, а ногі не слухаліся. У думках біла: “Спыніся!” Яшчэ некалькі тыдняў гарэлі ўсе мышцы, але паступова, дзень за днём, уцягваўся — і сёння ўжо не ўяўляю сябе без бегу.
Прыйсці да гэтага юнаку дапамог Ілья Крушны. Апошняму няма роўных у спартыўным арыентаванні. Таму бег для яго — выдатная магчымасць быць заўсёды ў форме і добрая падрыхтоўка да будучых важных стартаў.

Ілья Крушны, член зборнай Беларусі па спартыўным арыентаванні, аддае перавагу бегу як выдатнаму сродку самападрыхтоўкі да будучых спартыўных стартаў

— Пандэмія калі-небудзь скончыцца і вернецца спаборніцкі сезон, — заўважае юнак. — І толькі той, хто не скарыўся пэўным абставінам і правільна наладзіў самападрыхтоўку, зможа выступаць у іх.
Вылучаецца ў гэтым атрадзе Дзіяна Паддубская. Яна таксама сёлета збіраецца штурмаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту і бачыць сябе ў будучым трэнерам па спартыўным арыентаванні. Сумнявацца, што мара дзяўчыны здзейсніцца — не даводзіцца. Яна ўжо каторы год жыве па жорсткім спартыўным раскладзе.

Дзіяна Паддубская займаецца бегам з 6–га класа

— Я бегаю з шостага класа, — распавядае Дзіяна. — Таму не ведаю праблем з лішняй вагой. Але не для гэтага мне патрэбен у жыцці бег. Цяжка паверыць, але ён выхоўвае самаарганізаванасць і зараджае на пазітыў.

Як жа пачаць бегаць?

Здавалася б, чаго прасцей: апранай красоўкі — і наперад. На самой справе, не ўсё так адназначна.
— Па–першае, трэба пільна сачыць за сэрцабіццём, — тлумачыць Міхаіл Георгіевіч. — Калі ж пача-шчанае сэрцабіццё не спыняецца доўга, варта скараціць час і хуткасць бегу. Трэба падумаць і пра час заняткаў. Калі для вас прачнуцца рана не праблема, то лепш здзяйсняць прабежкі гадзін у 6-7 раніцы. Ранішні бег дае выдатны эмацыянальны настрой на ўвесь дзень. Калі ёсць час займацца днём, то гэта дасць штуршок да ўмацавання мышачнай сістэмы. Бегаць можна і ўвечары. Вячэрняя нагрузка добра адаб’ецца на постаці, і вам удасца скінуць лішнія кілаграмы. Адзіная ўмова — павячэрайце праз гадзіну-дзве пас-ля прабежкі.
Па словах бярэзінскіх бегуноў, перад кожнай прабежкай неабходна праводзіць размінку: нахілы, прысяданні, павароты тулава. Па-чынаць варта з некалькіх хвілін і паступова, не спяшаючыся, давесці час трэніроўкі да паўгадзіны-сарака хвілін. Калі на тыдзень атрымаецца пазаймацца тры-чатыры разы, гэта, вядома, дасць добры вынік.
— Мала сказаць сабе: “Хачу пачаць бегаць!” — дадае Міхаіл Сынкоў. — Трэба яшчэ пераадолець псіхалагічныя бар’еры. Чалавек, выходзячы на дарожку, адчувае няёмкасць, некаторую сарамлівасць. Здаецца, усе вакол глядзяць толькі на цябе, як ты нязграбна і цяжка бяжыш. Каб зламаць бар’ер, можна для пачатку выбраць такія час і месца для бегу, дзе будзе менш назіральнікаў. Лепш за ўсё падыдуць лясныя сцежкі. Можна ўгаварыць сяброў пазаймацца фізкультурай разам, а можна падключыць мужа або дзяцей — гэта ўсім пойдзе на карысць. Перад тым, як пачаць бегаць, трэба паклапаціцца аб спартыўным гарнітуры і зручным абутку. Ваш бездакорны выгляд надасць упэўненасці ў сабе і дапаможа выйсці на «сцежку барацьбы» за сваё здароўе і прыгажосць.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

5 карысных і правераных парад, каб пачаць бегаць, шукайце ў № 48 газеты ад 24 чэрвеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *