Цёплае дажджлівае надвор’е чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні

«Каляндарная вясна пачалася з цяпла. Але калі першыя два дні сакавіка ў шматкіламетровай тоўшчы атмасферы захоўваўся заходні вецер то ў бліжэйшыя дні ўсталююцца паўднёва-заходнія патокі, паветра пачне паступаць з акваторыі Міжземнага мора. А гэта значыць, што тэмпература яшчэ павысіцца. Як вынік, упадуць папярэднія рэкорды, што трымаліся з 1995 года. А паколькі цёплае паветра будзе напоўнена вялікай колькасцю вільгаці, то часта будуць ісці дажджы», — расказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 3 сакавіка, будзе воблачна з праясненнямі. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, удзень па поўначы — невялікія кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 5 градусаў. Удзень будзе ад плюс 5 па поўначы Віцебскай вобласці да 15 градусаў цяпла па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

У сераду, 4 сакавіка, захаваецца ўплыў вельмі цёплых паветраных мас міжземнаморскага паходжання. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-8 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 6-13 градусаў цяпла, у паўднёва-ўсходніх раёнах — плюс 14-16 градусаў. Пры паўднёвым, паўднёва-ўсходнім ветры пераважна па паўночна-заходняй частцы Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай па паўднёвым усходзе месцамі магчымы туман.

У чацвер, 5 сакавіка, надвор’е ў краіне стане вызначаць халодны атмасферны фронт, які пачне адцясняць цяпло на ўсход. Паўднёвы вецер зменіцца паўночным, стане халадней. У многіх раёнах пройдуць дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-8 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 4-9 градусаў цяпла, ва ўсходніх раёнах — плюс 10-15.

У пятніцу, 6 сакавіка, захаваецца няўстойлівае надвор’е. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі Беларусі, удзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, пераважна па захадзе з мокрым снегам. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман, у заходніх раёнах слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля па захадзе да плюс 7 градусаў па ўсходзе краіны. Удзень будзе 2-9 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе — да плюс 13 градусаў.

Па інфармацыі БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *