Цёплыя словы селяніну

У сапраўднага селяніна-гаспадара паміж буднямі і святамі практычна няма ніякага адрознення. У любы дзень зямля павінна быць апрацавана, сельгаскультуры — своечасова пасеяны, дагледжаны, убраны, жывёла напоена, накормлена, падоена… І як толькі адно звяно выпадае з гэтага ланцужка, пачынае пакутаваць уся справа. Таму працу сельскага працаўніка цяжка пераацаніць, бо ад вынікаў, дасягнутых хлебаробамі, жывёлаводамі, механізатарамі, спецыялістамі, людзьмі іншых прафесій, у першую чаргу залежаць наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні і наш камфорт.

І сёння, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, з самай шчырай павагай і цеплынёй мы расказваем пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Гонар пачынаць першымі выпаў работнікам адкрытага акцыянернага таварыства “Першамайскі” Вераніцы Прыгоцкай і Алене Ярмалінскай. Першая сёлета прызнана лепшай даяркай гаспадаркі, бо па выніках работы за 9 месяцаў на 115 тон павялічыла свой валавы надой малака, давяла прадуктыўнасць жывёлы да 4818 кілаграмаў. Не менш пастаралася і другая — яе цяляткі ва ўзросце да 3 месяцаў у суткі набіраць вагу амаль па 800 грамаў.
Славяцца гэтыя руплівыя жывёлаводы сярод вяскоўцаў як дбайныя гаспадыні, а Алена Іванаўна яшчэ і клапатлівая матуля. Яны сцвярджаюць, што ўпраўляцца на ферме і дома ім дапамагае тое, што працуюць яны з любоўю да сваёй справы і сельскага жыцця.

Мілана Трапянок.
Фота Юліі Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *