Да 100 балаў не хапіла адной дзясятай

Хто стаў лепшым на раённым конкурсе-атэстацыі па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы?

Спецыяліст па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы — адна з ключавых фігур у развіцці як жывёлагадоўлі, так і гаспадаркі ў цэлым. Ад яго напрамую залежаць аднаўленне дойнага статка, а таксама ўзровень вытворчасці малака і сутачных прыбаўленняў жывёлы.

Менавіта кваліфікацыя і вопыт гэтых работнікаў вызначаюць эфектыўнасць вытворчасці малака і мяса. Таму спецыялісты, нягледзячы на вялікую практыку, павінны рэгулярна пацвярджаць кваліфікацыю. Дзеля гэтага і прыехалі жывёлаводы на раённы конкурс-атэстацыю тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы.

У аснове — вынікі

Мерапрыемства наладжваецца раз у два гады і прадстаўляе сабой сапраўдны экзамен, дзе патрабуецца паказаць не толькі ўзровень тэарэтычных ведаў, а і пэўныя навыкі. Яшчэ абавязкова ўлічваецца і паказчык па выхадзе цялят на 100 кароў.

Экзаменаваў удзельнікаў конкурсу галоўны ветэрынарны ўрач Мінскага племпрадпрыемства Уладзімір Шэўкун, а ініцыятарам атэстацыйнага мерапрыемства выступілі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама разам з райкамам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Уладзімір Мікалаевіч прафесіі прысвяціў 42 гады і зараз займаецца падрыхтоўкай работнікаў па штучным асемяненні на базе Рэспубліканскага вучэбнага цэнтра ў пасёлку Сеніца. Многія яго вучні плённа працуюць у Бярэзінскім раёне.

– Каб дасягнуць поспеху ў нашай няпростай жывёлагадоўчай справе, трэба быць душэўным, умець правільна падысці да жывёлы і выклікаць у яе давер, – такімі словамі вітаў тэхнікаў-асемянатараў Уладзімір Шэўкун.

Па словах дырэктара філіяла Бярэзінская райплемстанцыя Марыі Саскавец, намаганнямі тэхнікаў-асемянатараў дасягнуты нядрэнны вынік, аднак хочацца, каб ён быў значна вышэйшым. Таму конкурс – выдатная магчымасць падцягнуць веды, уразіць прафесіяналізмам і навучыцца новаму.

Марыя Саскавец – самы вопытны спецыяліст раёна ў дзейнасці па аднаўленні статка і высока цэніць уклад кожнага тэхніка-асемянатара ў гэтую справу

Вынік залежаў не толькі ад практычнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі, але і ад знешняга выгляду ўдзельнікаў, выканання патрабаванняў санітарнага стану пункта асемянення, ад строгага вядзення дакументацыі.

У падарунак — сертыфікат

Конкурс цягнуўся больш за тры гадзіны. Толькі тэарэтычных тэставых заданняў налічвалася звыш 25, а ў ходзе практычнай часткі патрабавалася падрыхтаваць рабочае месца і інструменты для працы, пакарпець над мікраскопам.

Грашовыя сертыфікаты пераможцам уручалі выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карына Аруцюнян, старшыня раённага аграпрамысловага саюза Наталля Сокал і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч.

– Выказваю ўсім вам вялікую павагу за старанне і сумленную працу, – гаварыла ўдзельнікам конкурсу Наталля Уладзіміраўна.

– Без вашага прафесіяналізму і адказнасці не будзе належнай вытворчасці малака і мяса, даходаў у гаспадарцы і дабрабыту ў вяскоўцаў. Нізкі паклон вам, тэхнікі-асемянатары!

– Прафесія тэхніка-асемянатара не з лёгкіх, аднак яна па сілах людзям шчырым і працавітым, – лічыць Алена Калянковіч

Трэцяе месца і грашовы сертыфікат на 300 рублёў атрымала тэхнік-асемянатар з ААТ “Пагосцкі” Алена Калянковіч. У яе працоўны стаж звыш дзесяці гадоў.

– Я яшчэ моцна сумнявалася, калі параілі перайсці з даярак у тэхнікі-асемянатары, – гаворыць жанчына, – але нічога, справілася! Ужо праз месяц адчула, што гэта маё сапраўднае прызванне. Бо тут аказаліся куды больш запатрабаванымі мая энергія, рухавасць і любоў да жывёлы. А што тычыцца прэміі, дык яна пойдзе на новыя чахлы для аўтамабіля, каб з камфортам ездзіць на свае фермы ў Лешніцу і Навасёлкі!

Другое месца і сертыфікат на 400 рублёў атрымала прадстаўнік СУП “АграМАЗ” Таццяна Барэйша. У яе таксама і ўменняў не пазычаць, бо са 100 магчымых балаў яна набрала 98,7. Не раз называлася ў ліку лепшых па прафесіі. Ды і на роднай ферме “Казлоў Бераг” без яе як без рук!

У Таццяны Барэйша выхад цялят на 100 галоў налічвае 94. Вось адкуль бяруць пачатак малочныя рэкі аператараў машыннага даення з малочнатаварнага комплексу “Казлоў Бераг”

А каму ж дастаўся сертыфікат на 500 рублёў? Яго заслужана атрымала прадстаўніца ААТ “Уша” Алена Раманава. Такое рашэнне суддзяў ніколькі не здзівіла канкурсантаў, бо Алена Віктараўна – жывёлавод ад Бога!

– Сумленна прызнаюся, прыемна адчуваць сябе пераможцам, – гаворыць Алена Раманава. – Тэставыя заданні былі няпростымі, ды і ў практычнай частцы давялося пакарпець. Шкада толькі, што да 100 балаў крыху не хапіла!

– Як і большасць з нас, у прафесію тэхніка-асемянатара прыйшла з даярак і ўжо звыш шасці гадоў не шкадую аб сваім рашэнні, – гаворыць Алена Віктараўна. – Справу сваю люблю. Жывёлу люблю! Работа наша цяжкая, але надзвычай патрэбная. А каб не «выгараць» на ёй, я захапляюся кветкаводствам. Вось куды часткова пойдзе грашовы сертыфікат.

Акрамя гэтага, яшчэ тры сертыфікаты на суму ў 100 рублёў атрымалі Вольга Хлебнікава з МТФ “Паплавы” філіяла “Здравушка-агра”, Таццяна Цюхай з ААТ “Бярэзінскі” і Марына Малькевіч з МТФ “Крапіўня” ААТ “Брадзец”. Не былі пакрыўджаны і астатнія ўдзельнікі: кожнаму ўручылі сувенір на памяць.

За 2020 год эфектыўнасць асемянення ў гаспадарках раёна налічвае 76 на 100 кароў і цялушак.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *