Да 90 — годдзя раёнкі. Газета – летапісец гісторыі

Сёлета другога лістапада ў нашай газеты юбілей – ёй спаўняецца 90 гадоў з часу выхаду першага нумара. А гэта, пагадзіцеся, добрая нагода яшчэ раз узгадаць пройдзены за амаль стагоддзе шлях, расказаць аб умовах, у якіх стваралася і выходзіла ў свет наша выданне. У публікацыях, прысвечаных гэтай знакавай падзеі ў жыцці нашага калектыву, мы не толькі будзем прыводзіць тагачасныя матэрыялы, але і расказваць пра само жыццё рэдакцыі, аб яе супрацоўніках, аб тым, якім чынам “нараджаецца” чарговы нумар раёнкі, і пра многае іншае, што застаецца па-за полем зроку нашых падпісчыкаў-чытачоў, у рукі да якіх трапляе гатовы экзэмпляр газеты.

Пачатак

Сёння мы можам назваць прозвішчы чацвёркі бярэзінскіх энтузіястаў, намаганнямі якіх нарадзілася наша выданне. Гэта першы рэдактар газеты В. Аўдзюшын, а таксама Перадня, Яблонскі і Якуб Родаў. Прататыпам раёнкі была простая шматтыражка, выпушчаная з дапамогай шклографа яшчэ вясной 1931 года і размешчаная на сцяне дома сацкультуры.

Праз чатыры месяцы прымаецца наступнае рашэнне: у бярэзінцаў павінна быць свая раённая газета. Доўга абмяркоўваецца яе назва. Канчатковым варыянтам прызнаецца “Калгаснік”. Слова на той час новае, папулярнае і адпавядаючае рытму часу, бо менавіта з канца 20-х гадоў у краіне пачынаецца калектывізацыя — эфектыўны метад пабудовы новага сацыялістычнага грамадства. На першай старонцы нумара красаваўся лозунг “Друк – самая вострая, самая моцная зброя партыі. Работа з рабселькорамі павінна стаць здабыткам кожнай газеты”.

Так, з дапамогай шклографа газета перыядычна выходзіла да 2 лістапада. З гэтага дня (ён і стаў афіцыйнай датай нараджэння раёнкі) выданне набыло новы фармат і стала друкавацца ў Магілёўскай друкарні імя Молатава. А назва “Калгаснік” была заменена на “За сацыялістычную жывёлагадоўлю”. Пад такім лагатыпам (пагадзіцеся, назва больш падышла б насцен-газеце на ферме, яна вельмі перагрувашчаная і не адлюстроўвае паўнаты ўзнімаемых тэм) выйшла толькі 25 нумароў, і ўжо з наступнага нумара раёнка становіцца “Сцягам Леніна”. Гэтую назву і сёння можна пачуць ад некаторых нашых даўніх падпісчыкаў, бо як-ніяк, а імя Леніна газета насіла больш за 70 гадоў і толькі ў 2003 годзе стала “Бярэзінскай панарамай”.

Новая эпоха – новыя павевы

30-ыя гады мінулага стагоддзя… Што гэта была за эпоха, чым жылі людзі таго часу і якія падзеі адлюстроўваліся на старонках нашага выдання? Пачнем з таго, што толькі 7 ліпеня 1920 года ў ходзе другой (ліпеньскай) Бярэзінскай наступальнай аперацыі ў час савецка-польскай вайны наша мястэчка было поўнасцю вызвалена ад белапалякаў (хаця асобныя іх бандфарміраванні ўстройвалі пагромы і забойствы прадстаўнікоў новай улады аж да снежня). Яшчэ праз чатыры гады (17 ліпеня 1924 года) на тэрыторыі Барысаўскай акругі быў створаны Бярэзінскі раён як асобная адміністрацыйная адзінка. Раён падзяляўся спачатку на 15 сельсаветаў, а 25 ліпеня 1931 года быў канчаткова сфарміраваны і да яго былі далучаны Сялібскі і Якшыцкі Саветы ліквідаванага Свіслацкага раёна.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі краіна ўступіла ў новае жыццё, у якое ўвайшло шмат новых паняццяў. У раёне паступова з’яўляюцца камсамольскія і піянерскія арганізацыі, ладзяцца камуністычныя суботнікі, прынародным доме адкрываецца бясплатная публічная бібліятэка, на вёсцы — хаты-чытальні, на Бярэзіншчыне з’яўляюцца радыё, тэлефон, тэлеграф, па маршруце Мінск-Беразіно адпраўляецца першы аўтобус, ствараюцца сельгаставарыствы, кааператывы і калгасы (гэты працэс быў завершаны ў 1935 годзе, у раёне арганізаваны 151 калгас). Развіваецца і эканоміка раёна. То тут, то там адкрываюцца новыя прадпрыемствы – электрастанцыя, райпрамкамбінат, меліярацыйныя таварыствы, машынна-трактарныя станцыі, лясгас, ДЭУ-718… Акрамя таго, працавалі 10 смалакурных, 7 цагельных, 3 вапнавыя і бондарска-апрацоўчыя заводы.

“Палкі ў колах”

Час быў цікавы, але і вельмі няпросты. Рэформы і нваўвядзенні новай улады нярэдка натыкаліся на сцяну непаразумення, а часам — і адкрытай барацьбы з боку асобных катэгорый насельніцтва. У памяць аб тых падзеях у в. Багушэвічы ўстаноўлены помнік аднаму з першых камсамольцаў Бярэзіншчыны Мікалаю Рыбачонку, які загінуў ад рук кулакоў. Ахвярамі станавіліся таксама кіраўнікі сельсаветаў, актывісты, якія падтрымлівалі Савецкую ўладу. Так, у пасёлку Чырвоны Сад быў забіты актывіст Лазар Раманенка, крыху пазней – член Дзмітравіцкага сельсавета Іван Чайкоўскі. Стрэлам праз акно з абрэза атрымліваюць раненні старшыні Капланецкага сельсавета Андрэй Губіч і Сялібскага – Сцяпан Крыварот, у в. Высокая Гара адзначана спроба забойства старшыні мясцовага сельсавета Саковіча. Так, было нямала тых, хто непадтрымліваў калектывізацыю і “ставіў палкі ў колы” на шляху гэтага працэсу. Такія асобы падлягалі высылцы. А народны суд Бярэзінскага раёна разглядаў крымінальныя справы па абвінавачванні аднаасобнікаў у “кулацкім сабатажы” хлебапаставак i “супраціўленні прадстаўнікам улады” (жыхары вёсак Лясковічы, Пуцькава, Міраслаўка, Месціна, Марціянаўка, Паплавы, Падкамень i інш.).

Масла ў агонь падлівала і ўвядзенне ў краіне суцэльнага атэізму. Вось сяляне в. Белічаны прымаюць рашэнне аб закрыцці царквы, святар Якшыцкай царквы Прохар Рабаў адракаецца ад духоўнага сана, у Беразіно разбураюць уніяцкую царкву, а ў былой Сялібскай сінагозе адкрываюць клуб на 200 месцаў. Культработнікі і школьнікі ставяць пастаноўкі антырэлігійнага зместу. З-за нежадання адмаўляцца ад веры пад рэпрэсіі трапляе святар Брадзецкай царквы Леанід Біруковіч.

Першыя ўдарнікі і стаханаўцы

Нягледзячы на падобныя перыпетыі і цяжкасці, жыццё паступова пачынае наладжвацца, а людзі прыходзяць да стваральнай працы. У газетных публікацыях тых гадоў мы знаходзім прозвішчы першых перадавікоў і стаханаўцаў Бярэзіншчыны, атрымліваем інфармацыю аб ураджайнасці сельгаскультур, паступленні ў калгасы трактароў і камбайнаў.

Чытаем: “18 ліпеня ў МТС завезены паўночны камбайн. Пасля праверкі частак камбайна, камбайнеры Шэкун Аляксей і Маркоўскі Мікола ўбралі камбайнам 3 га жыта ў Бярэзінскай МТС. 20 ліпеня камбайн пераведзены на ўборку зерневых у калгас “Камунар” Пагосцкага сельсавета. У гэтым калгасе камбайнам убрана 3,5 га жыта”. (“Сцяг Леніна”, №74, 1936 год).

З тых жа газетных заметак даведваемся, што пасадка збожжавых культур у той час вялася радковым метадам. Угнойвалі іх не толькі традыцыйным спосабам, але і попелам, і лубінам. Пасяўныя плошчы гаспадарак значна саступалі цяперашнім, але на іх вырошчвалася значна больш разнастайных культур. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, публікацыя раёнкі пра кандыдатаў на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку. Сярод іх –звяно Салавейчыка з калгаса “Камунар”, члены якога са свайго ўчастка атрымалі ў 1938 годзе па 286 цэнтнераў з гектара бульбы, гароху – 19,5, коксагыза насення – 0,2, а карэнняў — 5,8 цэнтнера
з гектара.

У калгасе імя Войтава ў тым жа годзе з 6 гектараў атрымалі па 21 цэнтнеры з гектара насення канюшыны, годам раней за насенне канюшыны гаспадарка атрымала 20 тысяч рублёў прыбытку. На выстаўку дэлегіраваны даглядчыцы свіней Фёдарава і Койпіш з калгаса імя Калініна. Апошняя з іх ад 6 свінаматак атрымала і поўнасцю захавала 87 парасят. У калгасе “Рассвет” (загадчык МТФ Клімко) прыплод цялят захаваны на 100%, прыбаўленне ў вазе кожнай жывёлы склала 600 грамаў. Залічаны кандыдатам на выстаўку і трактарыст Бярэзінскай МТС Калбаска, які за папярэдні год на трактары “У-2” выпрацаваў 239,1 гектара.

А самым першым прадстаўніком Бярэзіншчыны, які ўславіў свой край ударнай працай яшчэ ў 1921 годзе, стаў ураджэнец в. Якшыцы Ігнат Шалупенка, які будучы забойшчыкам шахты “Іван” атрымаў атэстат “Герою Працы”. Не застаецца без увагі і работа іншых спецыялістаў. Так, у 1939 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР па раёне медалямі “За працоўную доблесць” адзначаны настаўнікі Алена Баразнёнак (Неганічы) і Юлія Несцяровіч (Жабіхаў), медалём “За працоўную адзнаку” – Канстанцін Барысевіч (Сяліба).

Дарэчы, у 1936 годзе ў нашым раёне было 90 школ, з іх 1 поўная (у Беразіно, акрамя яе, існавалі таксама польская і яўрэйская). На сацыяльна-культурнае будаўніцтва было адпушчана 2.078.650 рублёў, што склала 74,8% раённага бюджэту. У раёне адкрыты 17 хат-чытальняў, радыёкропкі мелі большасць сельсаветаў, але яны не працавалі з-за адсутнасці сілкавання і тэхагляду. Ставілася задача на працягу года забяспечыць прагляд кожным калгасам гукавых фільмаў за кошт выкарыстання 9 кінаперасовак. Медыцынскую службу прадстаўлялі (1939 г.) раённая бальніца на 90 ложкаў, 9 урачоў і 80 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, Дзмітравіцкая ўчастковая бальніца на 10 ложкаў, у калгасе імя Леніна — калгасны радзільны дом. Поўнасцю знішчаны такія хваробы, як чума, чорная воспа, халера.

Яны былі першымі

Наўрад ці захаваліся б да гэтага часу ўсе гэтыя факты, падзеі, лічбы і прозвішчы. Прывесці і аднавіць іх у гэтым матэрыяле стала магчымым дзякуючы тагачасным публікацыям у райгазеце. На жаль, самыя першыя яе нумары не захаваліся ў архівах, ёсць толькі асобныя з іх, датаваныя 1932-м годам. Тады ж, у снежні, пастановай бюро РК КП(б)Б В. Аўдзюшын быў вызвалены ад абавязкаў рэдактара, а на гэтую пасаду прызначаны В. Булай. Газета на пачатку свайго існавання выходзіла на 2-х старонках тыражом 2500-3000 экзэмпляраў з перыядычнасцю раз у дэкаду – з-за адсутнасці сваёй друкарні (яна з’явілася толькі ў 1936 годзе). “Сцяг Леніна” была органам Бярэзінскага райкама партыі і поўнасцю адпавядала сваёй галоўнай задачы — быць не толькі калектыўным прапагандыстам і агітатарам, а і калектыўным арганізатарам мас. Пераважная большасць матэрыялаў была чыста інфармацыйнай і мела кантрасны характар: у іх актыўна прапагандаваліся поспехі і дасягненні новай улады і выкрываліся недахопы калгаснага будаўніцтва, на шляху якога стаялі аднаасобнікі (нават у 1939 годзе, пасля завяршэння калектывізацыі было 1600 аднаасобных гаспадарак), кулакі, а затым і ворагі народа.

Яшчэ ў даваенны час у газеты з’яўляецца шмат няштатных аўтараў, рэдакцыя атрымлівае шмат допісаў, якія затым друкуюцца. У калектыве ствараецца касцяк журналістаў. Акрамя названых рэдактараў тут працуюць І. Лескавец, В. Буры, І. Сакалоўскі, В. Барысевіч. У нумары газеты за 7 мая 1936 года прыводзіцца пісьмо камандзіра Чырвонай Арміі лейтэнанта Геніна, у якім той выказвае падзяку за добрае выхаванне байца В. Бандарэнкі, што, аказваецца, з 1933 па 1935 год (да часу прызыву) працаваў загадчыкам сельгасаддзела райгазеты і таксама добрасумленна выконваў ускладзеныя на яго абавязкі. У якасці журналіста, члена рэдкалегіі газеты “Савецкая Беларусь”, першага сакратара ЦК ЛКСМБ у 1924-25 гадах заявіў пра сябе яшчэ адзін наш зямляк – Аляксандр Самахвалаў з в. Якшыцы.

Так на самым пачатку існавання газеты журналісты і работнікі рэдакцыі наладжвалі яе выпуск, заваёўвалі аўтарытэт у падпісчыкаў, мабілізоўвалі працаўнікоў на дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, вялі за сабой, закладвалі падмурак і першыя традыцыі, якія затым годна неслі наступныя пакаленні супрацоўнікаў выдання. Пройдзены шлях аказаўся няпростым, складаным і мужным, але ён ніколі не быў адасобленым ад жыхароў Бярэзіншчыны і падпісчыкаў, дзеля якіх і сённяшнія журналісты не шкадуюць свайго таленту і часу.

Аўтар праекта
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *