Дбайныя гаспадары + клапатлівыя бацькі (рэйд)

Падчас выхадных, канікул, вечарам, у вольны час – дзеці заўсёды павінны быць пад пільным наглядам дарослых. Аб гэтым у чарговы раз нагадалі сацыяльны педагог Ушанскай школы Мая Белых і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў Таццяна Харэвіч падчас рэйду ў межах рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат”.

Мы наведалі шматдзетныя, няпоўныя сем’і, якія пражываюць ва Ушы і Котава.

Спачатку зазірнулі да шматдзетнай сям’і Макоўскіх. Нас з радасцю сустрэла гаспадыня Анжэла. Адразу заўважаем, што дома і каля яго – ідэальная чысціня.

– У нас чацвёра дзетак, – заўважае шматдзетная матуля Анжэла Макоўская. – Таму іх бяспека – на першым месцы

– Я люблю парадак, – дадае з усмешкай Анжэла. – Здаецца, што калі прыбрана дома, то і жывецца лягчэй. У нас трое непаўналетніх дзетак, а старэйшай дачушцы ўжо 18. З дзяцінства прывучаем малых да працы. Тлумачым, што толькі з уласнага мазаля можна нешта мець. Клапоцімся і пра бяспеку. Ёсць пажарны апавяшчальнік, электраабсталяванне ў спраўным стане. Ад гэтага ж залежаць наша здароўе і жыццё.

Наступны прыпынак: вёска Котава. Тут пражывае некалькі шматдзетных сем’яў. Мы завіталі да некаторых. І парадавала, што ва ўсіх дамах утульна! Не было ў членаў рэйдавай групы пытанняў і па бяспецы. Толькі агульныя рэкамендацыі: не пакідаць маленькіх дзетак адных, тлумачыць ім, што запалкі – не цацкі, нагадваць правілы дарожнага руху.

Прыемна было пагутарыць са шматдзетнай матуляй Ірынай Шукан. Адразу бачна, жанчына – руплівая гаспадыня і дастойная матуля і жонка.

Ірына Шукан – шматдзетная матуля. – Мы з мужам робім усё, каб нашы дзеці ні ў чым не мелі патрэбы, – дадала Ірына. – А я дапамагаю бацькам з хатнімі справамі, – заўважыў сын Косця

– Мы з мужам выхоўваем 5 дзетак. 3 непаўналетнія, – заўважыла Ірына. – Працуем у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Кіраўніцтва ставіцца з разуменнем. Клапоціцца пра наш дабрабыт: атрымліваем неблагія заробкі, а яшчэ матэрыяльную дапамогу, да прыкладу, калі збіраем дзетак у школу. Працуем добрасумленна. І дома не лянуемся: садзім агарод. Тэрыторыю добраўпарадкоўваем. Дзеці – нашы галоўныя памочнікі.

– Я для бацькоў – першы памочнік, – заўважае сын Косця. – Іншы раз і на ферме матулі дапамагаю. А чаму б і не?! Неяк сорамна ляжаць на канапе ў той час, калі матуля працуе. Ці “завісаю” ў тэлефоне? Бывае. Але мне больш падабаецца гуляць на вуліцы з сябрамі.

А мы адпраўляемся яшчэ па адным адрасе, да сям’і Панкавец. Сустракае гаспадыня Алеся. Яна – матуля дваіх дзетак. Пэўны час сям’я стаяла на ўліку: знаходзілася ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Прычыны… Праблемы з пячным ацяпленнем.

Алеся Панкавец выхоўвае адна дваіх дзетак. Пэўны час сям’я знаходзілася на ўліку. Зараз тут няма пытанняў па пажарнай бяспецы

– Мы печ адрамантавалі, – заўважае Алеся. – І зараз не маем праблем і пытанняў з пажарнай бяспекай. З мужам у разводзе. Даволі складана выхоўваць дзетак адной, але я спраўляюся. Працую на мясцовай ферме. Імкнуся рабіць усё, каб дзеткі ні ў чым не мелі патрэбы.

На сёння гэтая сям’я знята з уліку. Але знаходзіцца пад пільным кантролем у мясцовай школе.

У дзень рэйду мы наведалі каля 10 вясковых сем’яў. Шчыра прызнаюся, засталіся толькі станоўчыя эмоцыі. Парадавала, што бацькі, з якімі давялося пагутарыць, любячыя ТАТЫ І МАТУЛІ, дбайныя гаспадары. Яны плённа працуюць. Гэтаму ж вучаць дзетак. І для іх бяспека “кветак жыцця” – на першым месцы. Хацелася б, каб такіх сем’яў у нашым раёне было як мага больш.

Мая БЕЛЫХ:

– У нашай установе 2 сям’і трапілі ў сацыяльна-небяспечнае становішча. А адна – на патранаце. І класны кіраўнік, і сацыяльны педагог, і адміністрацыя школы наведваюць іх. З вопыту магу сказаць, што ў большасці выпадкаў бацькі праз пэўны час адумваюцца, робяць усё магчымае, каб зноў вярнуцца да нармальнага жыцця.

У нас невялікая школа. Добра ведаем усіх вучняў. Таму калі бачым першыя званочкі нядобранадзейнасці ў сем’ях, неадкладна рэагуем.

 

 

Аб бяспечным выкарыстанні газавых балонаў у побыце расказала майстар Бярэзінскага раёна газазабеспячэння Анастасія Ладуцька: — Балоны дастаўляюцца грамадзянам, якія пражываюць у горадзе і сельскай мясцовасці. Паслуга платная. Умова: наяўнасць індывідуальнай балоннай устаноўкі з дагаворам куплі-продажу і тэхнічным пашпартам.
Спажыўцам трэба забяспечыць пад’езд да дома, пазначыць у заяўцы назву вуліцы, абаненцкі або нумар дома. А таксама аплаціць і распісацца за дастаўку балонаў у ведамасці. Захоўваць балоны ў непадключаным выглядзе забаронена. Пры парушэнні патрабаванняў бяспекі абанентаў чакае адміністрацыйная адказнасць. Таксама інфармуем спажыўцоў, што ў нас змяніўся рэжым працы. З 31 мая ён наступны: панядзелак-чацвер — з 8.00 да 17.00, пятніца — з 8.00 да 15.45, субота — з 8.00 да 12.00. Перапынак — з 12.00 да 12.45. Нядзеля — выхадны.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *