ДЭУ-6 клапоціцца аб тым, каб дарогі не сталі катком!

На мінулым тыдні надвор’е паднесла нам нечаканы сюрпрыз – галалёдзіцу. Як падрыхтаваны дарожныя службы да зімы? Аб гэтым мы пагутарылі з начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела ДЭУ-6 Аляксандрам Кутасам.

— Да зімы, непагоды, снегу і галалёдзіцы мы гатовы, — заўважае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ДЭУ-6 Аляксандр Кутас. – Тэхніка спраўная, падсыпка для дарог падрыхтава-на

— Якія дарогі ў вас на абслугоўванні?

— У нас на абслугоўванні знаходзяцца тры рэспубліканскія дарогі трох узроўняў утрымання. Першы – Мінск-Магілёў, другі – Барысаў-Беразіно-Бабруйск (Р67), трэці – Чашнікі-Бобр-Бабруйск (Р62). Мы займаемся падсыпкай дарожнага пакрыцця, ачысткай яго ад снегу, ды і ўвогуле, наша галоўная задача – сачыць, каб дарогі былі ў належным стане.

— Раскажыце, калі ласка, да прыкладу, на адным з участкаў дарог – галалёдзіца… Адкуль вам паступае інфармацыя, што той альбо іншы ўчастак дарогі неабходна падсыпаць, пачысціць?

— Зімой у нас кругласутачна працуе дыспетчарская служба (працуюць пазменна 4 дыспетчары). На дарогах устаноўлены сеткі дарожна-вымяральных станцый. У нашым раёне такія сеткі стаяць на мосце (104 кіламетр аўтадарогі Мінск-Магілёў) і каля Хутара. Дыспетчар, гледзячы на манітор камп’ютара, бачыць, што неабходна зрабіць. Можа высвяціцца папярэджанне па льду, па інею… І зыходзячы з гэтых дадзеных, спецыяліст вырашае, куды каго накіроўваць. Рабіць, да прыкладу, прафілактычную апрацоўку (каб папярэдзіць галалёдзіцу).
Таксама па ўсім участку дарог стаяць камеры відэаназірання. Дыспетчар, дзякуючы ім, бачыць непасрэдна абстаноўку на дарогах. І таксама прымае рашэнне ў залежнасці ад умоў надвор’я, дзе першачаргова неабходна падсыпаць, пачысціць.

— Якая сумесь выкарыстоўваецца для падсыпкі дарог?

— Мы падсыпаем дарогі і чыстай соллю, і пясчанасалянай сумессю (дзе 50 працэнтаў пяску, 50 — солі).

— Ад чаго залежыць састаў сумесі?

— Вядома ж, ад надвор’я. Калі мароз да -10 – падсыпаем соллю, калі больш за 10 градусаў – пясчана-салянай сумессю.

— Колькі нарыхтавана такой сумесі?

— Солі ад усёй колькасці нарыхтавана больш за 90 працэнтаў, пясчана-салянай сумесі – 89%. Гэтай колькасці звычайна хапае на ўсю зіму. Калі неабходна, у працэсе мы яшчэ нарыхтоўваем.

— Колькі тэхнікі задзейнічана звычайна ў барацьбе з галалёдзіцай?

— Задзейнічана 7 пясчана-саляных размеркавальнікаў, 1 аўтагрэйдар, 2 пагрузчыкі, 7 трактароў, ёсць і снегаўбо-рачныя машыны.

— Калі ў гэтым годзе пачалі падсыпаць дарогі?

— Крыху падсыпалі яшчэ ў кастрычніку, калі на дарозе былі мінусавыя тэмпературы. Да прыкладу, так тэмпература +, а на дарозе – пераходзіць за мінус, ствараецца іней, і каб прадухіліць галалёдзіцу, праводзім прафілактычныя падсыпкі. Вяліся работы ў лістападзе. А зараз, з надыходам маразоў, амаль кожны дзень падсыпаем.

— Атрымліваецца, ваша служба поўнасцю гатова да зімы?

— Сумесь для падсыпкі нарыхтавана, тэхніка гатова да працы. Падрыхтаваны і дарогі да зімы: дзесьці ўстанавілі вехі, у іншых месцах – агароджы, сеткі, якія затрымліваюць снег. Таму зіму сустракаем у поўнай «боегатоўнасці»!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *