“Дом без насілля”

Асноўны этап гэтай рэспубліканскай прафілактычнай акцыі пад такой назвай стартаваў з 29 сакавіка. Мерапрыемствы будуць доўжыцца да 9 красавіка, да ўдзелу ў іх будуць прыцягнуты не толькі вартавыя правапарадку, але і медыкі, педагогі, сацыяльныя работнікі, якім па сілах справіцца з праблемай сямейнага гвалту ў раёне.

А праблема гэта не губляе сваю актуальнасць ужо каторы год і называе ўсё новыя і новыя трывожныя адрасы, — удакладніў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка Бярэзінскага РАУС Сяргей Шкуратаў, — на ўліку ў міліцыі стаіць ужо 39 сямейных буянаў і скандалістаў, у адносінах да 3 жыхароў Беразіно ўзбуджаны крымінальныя справы за гвалт у дачыненні да членаў сям’і. І гэта лічбы толькі за першы квартал бягучага года.

За гэты час у дзяжурную часць міліцыі паступіла 67 паведамленняў аб сямейна – бытавых канфліктах, з якіх 37 – ад жыхароў горада, а 30 — ад вяскоўцаў. Дарэчы, скардзяцца на сваіх “небяспечных” родных нават людзі старэй за 60 гадоў. Па выніках рэагавання ўжо 67 сямейных хуліганаў прыцягнуты да адказнасці, вынесена 30 афіцыйных папярэджванняў і 15 ахоўных прадпісанняў, 10 скандалістаў адправіліся на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя. На ўлік да ўрача-нарколога пастаўлены парушальнікі сямейнага спакою, якія ў нецвярозым стане крыўдзяць сваякоў.

— Праблема сямейнага гвалту каторы год адна з галоўных у рабоце міліцыі і іншых структур , — дадаў Сяргей Валер’евіч, — бо прычынай сямейных канфліктаў могуць быць і п’янства, і фінансавыя нястачы, і ў рэшце рэшт псіхалагічныя асаблівасці людзей.

Трэба падкрэсліць, што ў ролі ахвяр могуць апынуцца не толькі мужчына альбо жанчына, але і дзіця, і пенсіянер, беспрацоўны і забяспечаны чалавек. Таму вырашаць гэтую балючую праблему патрэбна не толькі людзям у пагонах, але і кожнаму з нас работай па папярэжванні правапарушэнняў у галіне сямейна-бытавых злачынстваў.

Паважаныя бярэзінцы! Не будзьце абыякавымі да сямейнага гвалту. Памятайце, што ваш своечасовы зварот у міліцыю па гэтай прычыне можа выратаваць камусьці жыццё!

Тэлефон бясплатнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга насілля — 8-801-100-8-801 (тэлефанаваць трэба са стацыянарнага тэлефона).

“Тэлефон даверу” Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — 8-1715- 55596.

МІлана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *