Дыялогавая пляцоўка для шматдзетных матуль працавала ў Бярэзінскім раёне

Па ўсёй краіне сёння наладжваюцца дыялогавыя пляцоўкі. Такія сустрэчы важныя як для органаў улады, так і для насельніцтва. Яны дазваляюць пачуць адзін аднаго, адкрыта выказаць меркаванне, падзяліцца праблемамі, унесці прапановы, а таксама знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Аналагічная дыялогавая пляцоўка працавала ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў, куды на мінулым тыдні запрасілі шматдзетных матуль раёна. Дыялог датычыўся дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў.
У ім прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі, спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аксана Федарынчык, начальнік штаба Бярэзінскага РАУС Аляксей Крывянкоў, дырэктар Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Алена Жолудзева, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук, іерэй, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга Васіль Васількоў. Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вольга Калячка. Яна нагадала прысутным пра льготы, што прадугледжаны дзяржавай для шматдзетных сем’яў.

Капітал – на навучанне і жыллё?

— Ці можна выкарыстаць мацярынскі капітал на аплату навучання дзіцяці? – пыталася адна з матуль.

— З 2020 года сямейны капітал можна выкарыстоўваць датэрмінова. 85 сем’яў ужо скарысталіся гэтым правам. Дарэчы, 2 з іх патрацілі сродкі на адукацыю, 3 — на медыцынскія паслугі ў дзяржаўных установах аховы здароўя, — адзначыла В. Калячка.

— А грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, могуць выкарыстаць сямейны капітал і на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё ва ўласнаць дома ці кватэры, — патлумачыла А. Федарынчык.

Колькі даплацяць адрасна?

Цікавіліся прысутныя парадкам і ўмовамі аказання адраснай сацыяльнай дапамогі.

Апошняя прадугледжана для сем’яў, дзе сукупны бюджэт членаў сям’і ніжэйшы за пражытачны мінімум. У такім выпадку штомесяц ажыццяўляецца даплата да бюджэту пражытачнага мінімуму кожнаму члену сям’і пры ўмове, што ўсе працаздольныя члены сям’і ці адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і занятыя ў эканоміцы дзяржавы.

З верасня павялічаны крытэрый патрэбнасці са 100 да 115% бюджэту пражытачнага мінімуму і перыяд прадастаўлення для шматдзетных сямей — на 12 месяцаў.

Трэба ехаць на Перамогі! А калі няма аўтамабіля?

Жыхары прыватнага сектара — вуліцы Шумскага, Нехая, Паўночная — у новым мікрараёне горада занепакоены адсутнасцю тут дзіцячай гульнявой пляцоўкі. Раён малады, таму дашкольнікаў і школьнікаў пражывае шмат.

Але дзецям няма дзе праводзіць вольны час разам. Так, гульнявы комплекс з’явіўся непадалёк, на вуліцы Пралетарскай горада, але ж там няма добраўпарадкавай зоны, дзе маглі б камфортна адпачываць дарослыя, што суправаджаюць дзяцей. Варыянт, вядома, бацькі знайшлі: наладжваюць сямейны адпачынак каля штучнага возера па вуліцы Перамогі горада. Але ж толькі тыя з іх, хто мае ўласны аўтамабіль. Астатнія ж прапаноўваюць мясцовым уладам выдзеліць на тэрыторыі мікрараёна месца для добраўпарадкаванай зоны адпачынку для сумеснага правядзення вольнага часу дарослых і дзяцей.

Рух – гэта жыццё

А рух аўтобусаў тым больш. Асабліва, калі трэба хутка дабрацца з адной кропкі горада ў другую. Таму і папрасілі матулі распрацаваць зручныя маршруты з мэтай шырокага ахопу жыхароў розных раёнаў горада.

— Чаму, да прыкладу, не выкарыстаць эфектыўна час адстою аўтобуса нумар адзін, які рухаецца ў напрамку ПМК-182? Расклад руху аўтобусаў разлічаны чамусьці толькі для тых, хто едзе раніцай, у абед і вечарам. А што рабіць, калі дзіцяці неабходна пасля вучобы наведаць некалькі гурткоў па інтарэсах? Магчыма, зручна і больш рэнтабельна было б пусціць па горадзе маршрутныя аўтобусы праз кожную гадзіну, чым вялікія аўтобусы тры разы на дзень, — звярнулася з прапановай адна з матуль.

— Пытанне па ўдасканаленні існуючых маршрутаў гарадскога грамадскага транспарту, згодна з запытамі бярэзінцаў, абавязкова будзе вывучана адпаведнымі спецыялістамі, — адказаў В. Лашкоўскі.

Як трапіць да оталарынголага і акуліста?

— У Бярэзінскай ЦРБ працуюць 13 урачоў агульнай практыкі. Усе яны маюць права прымаць пацыентаў як оталарынголагі і акулісты. Калі цікавяць спецыялісты вузкага профілю, то на прыём да акуліста можна звярнуцца ўжо сёння, а да ота-ларынголага — з 1 жніўня наступнага года, калі ўрач прыбудзе ў паліклініку пасля размеркавання, — патлумачыла К. Крук.

Ці могуць адмовіць у абслугоўванні дзіцяці без маскі?

— У раёне, вобласці і па ўсёй краіне працягвае дзейнічаць масачны рэжым. Выкарыстанне маскі абавязкова ва ўсіх месцах масавага знаходжання людзей. Сусветная арганізацыя аховы здароўя дала рэкамендацыі па нашэнні масак дзецьмі. Абавязковы масачны рэжым павінны выконваць толькі дзеці з 12 гадоў. Для дзяцей да 5 гадоў такое патрабаванне неабавязковае. У выпадку, калі гэта датычыць дзяцей 6-11 гадоў, трэба ўлічваць некалькі фактараў: узровень распаўсюджвання COVID-19, здольнасць карыстацца маскай, нагляд з боку дарослых, уплыў маскі на працэс навучання і псіхасацыяльнае развіццё і іншыя, — адказала К. Крук.

Таксама галоўны ўрач пазнаёміла прысутных з эпідэміялагічнай сітуацыяй у Бярэзінскім раёне і нагадала некаторыя правілы, што дапамогуць захаваць здароўе і жыццё:

— Наперадзе нас чакаюць святочныя дні. Іх лепш правесці дома, пазбягаючы масавых мерапрыемстваў. Дзеля агульнай бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей не трэба грэбаваць маскамі, неабходна праветрываць памяшканні і захоўваць дыстанцыянаванне.

Што датычыць дзяцей, то яны ў большасці сваёй пераносяць каранавірусную інфекцыю ў бессімптомнай форме, таму ўяўляюць небяспеку для асоб старэйшага ўзросту. У асноўным дзеці да 10 гадоў з’яўляюцца кантактамі 2 ўзроўню і падлягаюць абследаванню толькі пры наяўнасці клінічных сімптомаў. Пры такіх абставінах яны могуць наведваць дашкольныя і школьныя ўстановы без медыцынскага назірання. І наадварот, кантакты першага ўзроўню накіроўваюцца на самаізаляцыю тэрмінам на 10 дзён. Для дзяцей без сімптомаў захворвання экс-прэстэсціраванне і ПЦР-даследаванне не прадугледжаны.

“Дапамажыце прайсці дадому!”

З такім зваротам жыхарка горада нядаўна звярнулася ў раённы аддзел міліцыі. Справа ў тым, што яе дзіця з-за сабак не змагло прайсці са школы дадому.

— Ёсць праблема бадзяжных сабак, ды і хатнія гадаванцы нярэдка самастойна шпацыруюць па вуліцы, палохаючы дзяцей. Асабліва адчуваюць гэта жыхары прыватнага сектара па вуліцах Мінскай, Кастрычніцкай, Ка-муністычнай. Дарэчы, пытанні не толькі з утрыманнем сабак, але і з іх выгулам. Некаторыя гаспадары лічаць за норму выгульваць гадаванца вышэй за 25 см без намордніка на дзіцячай пляцоўцы, — паскардзіліся матулі.

— Так, шмат зваротаў паступае ў раённы аддзел міліцыі на гэты конт. За парушэнне правілаў утрымання хатніх гадаванцаў уладальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу або папярэджання. Гэта пры ўмове, што іх атрымліваецца вызначыць, — адзначыў А. Крывянкоў. – Увогуле, адлоў бадзяжных сабак не ўваходзіць у кампетэнцыю праваахоўных органаў. У нашым раёне гэтым займаюцца спецыялісты сталічнага прадпрыемства “Фаўна горада” па заяўках бярэзінскіх камунальнікаў. Але, калі вы раптам трапілі ў непрыемную сітуацыю: сабакі перашкаджаюць прайсці або атакуюць, бярэзінскія міліцыянеры ў дапамозе не адмовяць.

— Традыцыйна восенню і вясной у прыёмнае аддзяленне Бярэзінскай ЦРБ паступаюць і дзеці, і дарослыя з укусамі сабак. Лячэнне пацярпелых уключае анты-рабічную тэрапію, якая разлічана на 6-9 месяцаў, што абыходзіцца дзяржаве нятанна. Таму бачым неабходнасць у арганізацыі штомесячных мерапрыемстваў па адлове бадзяжных сабак, — выказала меркаванне К. Крук.

«Што вы ведаеце пра сваё дзіця…

Над гэтым пытаннем неабходна задумацца кожнаму з бацькоў. Бо даволі часта паміж бацькамі і дзецьмі адсутнічае давер. Сведчаць пра гэта і канкрэтныя факты. Так, 4 дзяўчынкі да 18 гадоў сталі на ўлік па цяжарнасці, на ўліку за ўжыванне алкагольных і спіртных напояў знаходзяцца 18 непаўналетніх. У выніку неабачлівасці бацькоў ламаецца жыццё дзіцяці, брудная пляма кладзецца на яго далейшую будучыню. Таму трэба больш часу праводзіць з дзецьмі, цікавіцца іх праблемамі і асяроддзем. Надаваць увагу і палавому выхаванню непаўналетніх.

— Нагадайце дзецям і правілы дарожнага руху, патлумачце значэнне і ролю святлоадбівальных элементаў у захаванні жыцця і здароўя. Не забудзьцеся і пра існаванне забароны на знаходжанне непаўналетніх па-за жыллём пасля 23.00 без суправаджэння дарослых. За невыкананне дадзенага патрабавання прадугледжаны штраф да 4 базавых велічынь, — папярэдзіў А. Крывянкоў.

…і ўласную бяспеку?»

— Апошнім часам назіраецца рост колькасці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Злодзеі тэлефануюць патэнцыяльным ахвярам з замежных нумароў, называюцца супрацоўнікамі банка і просяць прадаставіць персанальныя дадзеныя для
папярэджання і ліквідацыі праблем з карт-рахункам. Запомніце, ніколі супрацоўнікі банка не будуць прасіць прадастаўляць дадзеныя па тэлефоне, для гэтага вас асабіста запросяць у банк, — падкрэсліў А. Крывянкоў.

І пра высокае

Узнікаюць праблемы сёння і з духоўна-маральным выхаваннем падрастаючага пакалення. У вырашэнне іх павінны ўключыцца як бацькі, так і грамадства ў цэлым, бо без духоўнасці цяжка дамагчыся ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці.
— Духоўнае выхаванне павінна будавацца на запаведзях да Бога і бліжняга, — зазначыў В. Васількоў.
***
Падчас работы дыялогавай пляцоўкі шматдзетныя матулі мелі магчымасць наведаць прэзентацыю кніжных выстаў “Сям’я — вышэйшая каштоўнасць грамадства” і “Сям’я ў зоне рызыкі”. З мастацкай літаратурай аб сямейных каштоўнасцях і праблемах бацькоў і дзяцей прысутных пазнаёміла загадчыца аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч.

Арганізатары выказваюць словы падзякі за спонсарскую дапамогу старшыні раённай грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Алене Жолудзевай і старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Алегу Купічу.

Кацярына Шпак, шматдзетная матуля: — Для мяне як для матулі з 10-гадовым дэкрэтным стажам падобныя сустрэчы — заўсёды міні-свята. А дзякуючы сённяшняй дыялогавай пляцоўцы, я яшчэ змагла атрымаць кампетэнтныя адказы на хвалюючыя пытанні. Упэўнена, што ўзнятыя праблемы знойдуць вырашэнне ў далейшым, бо мясцовай уладай з году ў год шмат робіцца для павышэння ўзроўню нашага жыцця.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *