Дзе ў Беразіно можна наладзіць лыжныя паходы?

Катанне на лыжах — адзін з цудоўных зімовых заняткаў. У дадатак да гэтага, забава — унікальная магчымасць выдатным чынам адпачыць ад працоўных і хатніх клопатаў, а таксама дадаткова, без асаблівага напружання, умацаваць арганізм.

Чым карысныя лыжныя паходы?

Лыжныя прагулкі валодаюць карыснымі якасцямі. Так, адна з іх — загартоўваць арганізм і ўмацоўваць імунітэт. Гэта не стане лішнім у час пандэміі. Заняткі лыжным відам спорту ўмацоўваюць сэрца, мышцы, станоўча ўздзейнічаюць на нервовую і дыхальную сістэмы. Хадзьба на лыжах — ідэальны спосаб прывесці фігуру ў форму і «скінуць» лішнія кілаграмы. Толькі за час за-няткаў можна пазбавіцца ад 400-500 калорый. Памятайце і пра тое, які моцны зарад бадзёрасці і аптымізму вы атрымаеце ад лыжнага паходу і надоўга развітаецеся з дрэнным настроем.

На рукі – пальчаткі, на галаву — зручную шапку!

Адзенне для заняткаў павінна быць зручным і камфортным, каб не перашкаджала рухам. Падбірайце яго згодна з тэмпературай за акном. Але ў любым выпадку на вас павінны быць тры слаі адзення, на ногі — хопіць два. На рукі надзеньце пальчаткі, а на галаву — зручную шапку альбо павязку, не занадта цёплую. Аднак самае галоўнае — лыжы, палкі і чаравікі. Цяпер іх багаты выбар. Кошт у магазінах пачынаецца ад 50 рублёў за пару лыж для дарослых, а для дзяцей — ад 30.

Дзе ёсць лыжня?

Выбірайце такі маршрут для катання, каб ён прыносіў вам задавальненне. Лепш за ўсё адпраўляцца на ўладкаваную лыжню. Добра, калі яна будзе спалучаць розныя віды трасы. У Беразіно пракладзена ўжо лыжня вакол штучнага возера па вуліцы Перамогі. Тут можна катацца хоць цэлыя суткі, бо ёсць святло. Ёсць лыжні на школьных стадыёнах. Тым жа, каму яны пададуцца вельмі простымі, варта звярнуць увагу на лясны масіў у вёсцы Жорнаўка. Тут аматарам зімовага экстрыму абавязкова хопіць спускаў, пад’ёмаў і роўнай трасы. Аматары лыжных вандровак таксама могуць пакатацца ў лясных масівах і пракласці лыжню ўласнымі сіламі.

Каментарый спецыяліста

Кацярына Акуліч, намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”:

 

— Даўно вядома, што хадзьба на лыжах — добры спосаб актыўнага адпачынку. Трэба толькі падрыхтавацца належным чынам: падабраць адзенне, правільна выбраць адпаведна росту лыжы і палкі. Тут можна смела разлічваць на дапамогу спецыялістаў, якія працуюць у пунктах пракату спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву і ў нашым цэнтры. Кошт на паслугі дэмакратычны. Яшчэ неабходна сачыць за часам заняткаў, лепш пачынаць пакрыху, а далей арыентавацца на свае адчуванні. Немалую ролю адыгрывае надвор’е. Аптымальнае — невялікі мароз, адсутнасць ветру.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *