Дзе куюцца чэмпіёны і мацуецца здароўе?

Развіццю спорту ў нашым раёне ўдзяляецца вялікая ўвага. Штотыдзень наладжваюцца спаборніцтвы і турніры, штодзень праходзяць трэніроўкі і заняткі для людзей самых розных узростаў, да позняга вечара не заціхаюць галасы на спартыўных пляцоўках і стадыёнах. Тон нязменна задаюць маладыя і ініцыятыўныя спецыялісты раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Падрыхтоўка будучых спартсменаў

– У прыярытэце – падрыхтоўка спартыўнага рэзерву, – уводзіць нас у курс справы дырэктар установы Аляксандр Сахончык. – І вырашэнне гэтай задачы магчыма дзякуючы прыцягненню да заняткаў фізічнай культурай і спортам максімальнай колькасці дзяцей. А таксама дарослых, што сваім прыкладам прывіваюць любоў да спорту. Мы захавалі традыцыйна моцныя напрамкі нашай дзейнасці: футбол, валейбол, грэка-рымская барацьба і ўвялі плаванне. Найбольшай папулярнасцю сярод дзяцей карыстаецца менавіта апошняя секцыя. У 9 групах займаюцца 90 чалавек. А ўсяго ў школе ў 23 групах – 234 навучэнцы.

Аляксандр Сахончык адзначае прафесіяналізм і вопыт сваіх трэнераў-выкладчыкаў, большасць з якіх – гадаванцы спартыўнай школы, што па слядах настаўнікаў выбралі трэнерскую справу. Таму ўвайшло ў практыку даваць навучэнцам установы мэтавыя накіраванні на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Асабліва будуць запатрабаваны трэнеры па плаванні і барацьбе, спецыялісты па аздараўленні. Спорт можа падарыць юнакам і дзяўчатам пуцёўку да прафесіі мары

Колькасць жадаючых займацца спортам нязменна расце, бо працуе “старая” гвардыя трэнераў – Мікалай Міхалёў, Сяргей Палянскі, Сяргей Булойчык. Ды і паступова набіраюцца майстэрства Яўгеній Благародны, Кірыл Мінін і Сяргей Рашотка. Дзякуючы іх прафесіяналізму, навучэнцы за апошнія тры гады занялі 45 прызавых месцаў на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Каму з нас невядомы бліскучыя перамогі дзявочай валейбольнай зборнай альбо юных футбалістаў, частка якіх ужо паспяхова выступае ў вядомых футбольных клубах краіны. Паступова запальваюцца зорачкі ў плаванні. Ды і, напэўна, парадуе бярэзінцаў той факт, што гадаванец нашай школы Андрэй Самец папоўніў рады нацыянальнай зборнай па грэка-рымскай барацьбе і мае намер пазмагацца за пуцёўку на летнюю алімпіяду ў Токіа.

Кірыл Мінін і Сяргей Рашотка – трэнеры па барацьбе. Гэта – упадабаны від спорту не адным пакаленнем бярэзінцаў. Ды і сёння 68 навучэнцаў рэгулярна наведваюць заняткі. Вабіць дзяцей не толькі магчымасць асвоіць азы барацьбы, але і палепшыць фізічную форму. А гэта значыць: здаровы лад жыцця ў трэндзе маладых!

 

Яўгеній Благародны – трэнер па плаванні. Гэты від спорту паступова набірае папулярнасць у бярэзінскай дзятвы. Ім актыўна займаюцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Таму чакаць перамог засталося нядоўга!

Не забываемся і пра актыўны лад жыцця

Належная матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы дае магчымасць прыняць максімальную колькасць жадаючых весці актыўны адпачынак. Плавальны басейн і спартыўныя залы ніколі не прастойваюць. Бярэзінцы займаюцца на трэнажорах, гуляюць у більярд і тэніс. Да паслуг наведвальнікаў – саўна, секцыя аквааэробікі і кафэ. Створаны ўмовы для заняткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Карыстаецца папулярнасцю варкаўт-пляцоўка. Яе наведваюць усе жадаючыя. Умовы простыя: дысцыпліна, бяспека і належны абутак.

– У апошні час наша школа стала ўпадабаным месцам правядзення спаборніцтваў, – зазначае Аляксандр. – Самы шматлікі – турнір Кубка Надзеі па плаванні, які налічвае да 500 удзельнікаў. Нярэдка наладжваюцца спартакіяды школьнікаў, а таксама спаборніцтвы сярод арганізацый і ўстаноў. Набіраюць папулярнасць сямейныя турніры па більярдзе і настольным тэнісе.

Наперадзе — летняя аздраўленчая кампанія

На летні перыяд тут таксама свае планы – аздараўленне школьнікаў як на базе аздараўленчага лагера “Папараць-кветка”, так і непасрэдна ў спартыўнай школе. Летні перыяд для калектыву ўстановы самы дынамічны і актыўны: павялічваецца колькасць наведвальнікаў з ліку гасцей раёна. Да гарачай пары тут ужо гатовы: спартыўная школа цалкам укамплектавана інвентаром.

– Да прафесійнага свята мы падышлі з пэўнымі поспехамі, здабытымі дзякуючы традыцыі ветэранаў галіны, і сур’ёзнымі задачамі, што ставіць перад намі час, – завяршыў гутарку Аляксандр Сахончык.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *