Дзе лепшы SPA–салон і на сэрцы спакой? Аб гэтым раскажа чарговы ўдзельнік рэдакцыйнага праекта «Ваша дача» Іна Ладуцька

Каму з гараджан незнаёма жаданне ўцячы ад гарадской мітусні, акунуцца ў атмасферу цішыні і спакою, атрымаць задавальненне ад ціхамірнасці і прыгажосці прыроды. Хтосьці імчыцца на свае “соткі шчасця” ў прадчуванні зараду станоўчай энергіі, свежага паветра і масы ўражанняў, іншы – паглядзець, ці ўзышлі пасаджаныя тыдзень назад пятрушка з кропам, нехта – з поўнымі сумкамі расады памідораў, перцаў і рулонамі поліэтылену для будучай цяпліцы. Так, дачныя клопаты ў самым разгары. Для працуючых гараджан на градках пасля работы пачынаецца другая змена. А пенсіянеры і ўвогуле на лета перасяляюцца з кватэр сюды. У маладога пакалення адносіны да дач іншыя, чым у іх бацькоў. Загарадныя домікі яны выкарыстоўваюць як месца адпачынку на прыродзе. Замест градак з агароднінай аддаюць перавагу газонам і кветнікам. І на поўным сур’ёзе раяць старэйшаму пакаленню палічыць выдаткі і прыбытак ад сваіх сотак. А што параіць тым, чыя дача – куточак да болю знаёмы і родны з дзяцінства – бацькоўская сядзіба. Аб гэтым раскажа чарговы ўдзельнік рэдакцыйнага праекта “Ваша дача” Іна Ладуцька (Камлёнак).

— Мае бацькі рана пайшлі з жыцця: матулі не стала ў 70 гадоў, а бацька перажыў яе роўна на тры гады, — расказвае Іна Яўгенаўна. — Яны доўга і цяжка хварэлі і мы з дзвюма сёстрамі даглядалі іх па чарзе. Бацькі бачылі наш клопат і не спяшаліся распарадзіцца маёмасцю. Ды і нам нічога не патрабавалася, бо ўсе мелі жыллё. Мы аднадушна ўступілі ў спадчыну, каб захаваць бацькоўскую сядзібу. Уявіць сабе, што тут будуць жыць чужыя людзі, мы ніяк не маглі, і вырашылі стварыць тут месца для адпачынку. З таго часу мінула пяць гадоў — і ніхто ніводнага разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні.
Бацькі пераехалі ў Беразіно з Клічаўскага раёна ў далёкім 1972 годзе. Пераехалі з двума дзецьмі на руках. Дакладна вядома, што ўчастак для забудовы па вуліцы Ульянава ім выдаў старшыня гарвыканкама Савета дэпутатаў працуючых І.Казачонак.
— Старэйшыя сёстры часта ўспамінаюць, што на вуліцы была наскрозь разбіта велікагрузамі дарога, якая ляжала да сплаўучастка, — гаворыць Іна Яўгенаўна. — Дзецям ад гэтага было раздолле, бо вясной тут ва ўсю журчалі ручайкі і малыя пускалі караблікі, а вось дарослым не вельмі — вясной і ўвосень вада змывала ўсё на сваім шляху.
Сям’я Камлёнкаў будавалася чатыры гады і ўвесь гэты час тулілася ў часовым збудаванні.
— Напэўна, хутчэй за ўсё з’явіўся агарод, які займаў усе соткі, — дадае жанчына, — большасць з іх была занята бульбай. Кветак было зусім нямнога, бо тады кожны жыў, як кажуць, з мазаля. Не памятаю я ў сваім дзяцінстве на ўчастку і кустоў ягад: матуля іх збірала ў суседнім лесе.
А гаспадарку трымалі — карову і свіней. Бацькі ж мае — людзі вясковыя!
Матуля Іны доўгі час працавала рабочай у гарпалівазбыце, а бацька — вадзіцелем. Грошай вялікіх не мелі, таму дом будаваўся няспешна і ўсё сваімі рукамі.
— Бацька нават сам кладку рабіў, цаглінку за цаглінкай, — расказвае Іна Яўгенаўна, — ён у нас, наогул, быў майстар — залатыя рукі. Сам зрабіў стопку, якая і дагэтуль служыць для захоўвання нарыхтовак на зіму.

На памяць аб родных маслабойка. Яе вырабіў яшчэ прадзядуля

У бацькоўскай сядзібе яшчэ практычна ўсё нагадвае пра былых гаспадароў. У доме паўсюдна іх партрэты і рэчы. Захаваўся нават фотаздымак дзядулі, які прайшоў усю вайну. У выдатным стане знаходзіцца маслабойка, зробленая прадзедам. Яна ніколі не падводзіла матулю. Ды і ў стопцы паважнае месца займае сапраўдны драўляны куфар. Быў час, тут бацькі захоўвалі збожжа на корм жывёле, а дзеці сёння — прылады для газонакасілкі. Ды і шуміць перад домам раскідзістая трыццацігадовая вярба, цешаць вока вішні і яблынька, пасаджаная матуляй, і чырванеюць маліны. Разводзіць іх пачынаў яшчэ бацька.
— Мы адразу вырашылі са сваякамі, што нічога радыкальна не будзем змяняць у бацькоўскім доме, — працягвае Іна, — каб не толькі захаваць памяць, але і пакінуць пэўную атмасферу шчаслівага і бесклапотнага дзяцінства.

Здараецца, гэта бывае няпроста. Так, моцны вецер зламаў старую яблыньку, яе часткова спілавалі, а з маленькага чаранка вырасла новае дрэва — і на ім ужо ёсць першыя яблыкі. Праўда, зусім не змяняць воблік сядзібы не атрымалася. Так, агульнымі намаганнямі з’явілася крытая тэраса, якая стала ўпадабаным месцам адпачынку на круглы год. Ды і ў летняй верандзе і на кухні цяпер ніхто не змерзне зімой. Тут зроблены рамонт, праведзены газ.
— У нас ёсць правіла — не дзяліць паміж сабой абавязкі, — расказвае жанчына. — Таму рамонтам і будаўніцтвам займаюцца ўсе па меры магчымасцей і сіл. Так, я дапамагала абшываць сцены дошкамі, пляменнік зрабіў са старога іржавага кола мангал, на якім любое мяса і шашлыкі атрымліваюцца самымі смачнымі і духмянымі, а дровы запальваюцца ад першай запалкі, мой муж змайстраваў драўляныя стол і тапчаны, іншыя сваякі рэалізавалі цікавыя ідэі ландшафтнага дызайну. Ды і я адкрыла ў сабе шмат талентаў, напрыклад, навучылася карыстацца газонакасілкай, і цяпер толькі я адказваю за стан газона. Наперадзе — асваенне электрапілы. Гэта абавязкова спатрэбіцца, калі пачнём разбіраць хлеўчукі.

Іна Ладуцька – кветкавод са стажам, а яе ўпадабаная кветкі – лілеі. Яны найбольш пасуюць характару гаспадыні і ландшафтнаму дызайну сядзібы

Знаёмыя, калегі і сябры ведаюць, што Іна Яўгенаўна — выдатны кветкавод, у яе кватэры і ў рабочым кабінеце ўсё патанае ў самых розных кветках. Яшчэ больш іх цяпер можна пабачыць на яе дачы. Тут — рознакаляровыя лілеі, стракатыя герані, прымулы, петуніі і іншыя. Яны стаяць у гаршчках, вісяць на верандзе, растуць па перыметры дачы. Гаспадыня асабліва ставіцца да лілей, але не менш зачароўваюць яе ружы. Іх на сядзібе багата і ўсе яны розных колераў.
— Ніколі не думала, што ружы вырошчваць так проста, — прызнаецца Іна, — дастаткова толькі не выкідаць на сметнік старыя букеты. Таму тут у памочніках дачка, якая заўсёды дорыць кветкі матулі. Ды і персікі на бацькоўскім участку растуць выдатна. Яны ў нас толькі трэці год, але ўжо радуюць сакавітым і смачным ураджаем.
На ўчастку своеасаблівымі арыенцірамі служаць елка, пасаджаная для святкавання Новага года, божыя кароўкі і прыгожыя буслікі, якія спыніліся каля жбаноў. Аднак пачэснае месца займае, як і ў бацькоў, агарод.


— Ён у нас невялікі і даглядаецца выключна без хіміі, для нашых патрэб, — тлумачыць Іна. – Летам тут добра нарваць цыбулі і кропу для салатаў. А зімой: дастанеш са слоіка засоленыя агурочкі, ды пад звараную бульбачку таксама з уласных сотак – смаката! А хіба параўнаеш смак памідораў ці агуркоў з градкі з магазіннымі?
Аднак для вялікай і дружнай сям’і Камлёнкаў дача — гэта змена абстаноўкі, найперш, безумоўна, дзеля адпачынку і аднаўлення сіл.
— Зразумела, тут трэба і папрацаваць — траву падкасіць, нешта адрамантаваць, зрабіць іншыя дробныя справы, — падхоплівае жанчына. — Але гэта, лічу, абсалютна не праблема, бо робіш для сябе. Галоўнае, выконваць работы з задавальненнем. Для нас дача — гэта адназначна адпачынак сярод блізкіх і родных, дзе заўсёды цёпла на душы.
Так у дзяўчат Камлёнкаў з’явіўся свой невялікі родны кавалачак зямлі, куды едуць сваякі з Мінска і Жодзіна. Тут і сапраўды шмат працы для іх руплівых рук: дом адрамантаваць, на самім участку газон аднавіць, кветкі пасадзіць, сад і агарод прывесці ў парадак. Але гэта ўсё яны робяць не напружваючыся, каб атрымаць задавальненне ад добра зробленай працы. Клопаты на дачы для іх — своеасаблівы адпачынак ад гарадскога рытму і будзённых праблем, а таксама вяртанне ў час, калі яны былі бесклапотна шчаслівымі.


— У нас ёсць правіла: ніколі не прыязджаць на дачу толькі «папрацаваць». Тут за кубачкам кавы і абмяркоўваем сямейныя навіны, і шашлыкі робім, і снедаем на свежым паветры, — расказвае Іна. — Згадзіцеся, адпачываць усё ж лепш і больш прыемна на дагледжанай і роднай тэрыторыі. Добра, што гэта разумеюць нашы дзеці і пляменнікі, якія таксама любяць бавіць вольны час на дачы. Гледзячы на нас шчаслівых, у іх язык не паварочваецца лічыць нашы страты і даходы ад працы на бацькоўскай зямлі. Гэта лепшы SPA-салон, які верне скуры ззянне і сэрцу — душэўны спакой.
Дарэчы, тым, хто сумняваецца ў гэтым, варта хоць аднойчы зазірнуць на вуліцу Ульянава горада. Тут амаль няма закінутых альбо лядашчых дамоў, хаця будавалася вуліца ў 70-ых гадах мінулага стагоддзя.
І сакрэт яе доўгажыхарства тоіцца не толькі ў суседстве з ракой Бярэзінай, а ў звычайных людзях, якія выхавалі ў сваіх дзяцей працавітасць і любоў да сваіх каранёў. Нездарма ж тут жыве сям’я буслоў, якая сваім клёкатам аберагае спакой жыхароў.

А вось і сімвал вуліцы Ульянава — буслік. Ён тут застыў каля жбанка

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *