Дзе можна прайсці курс рэабілітацыі бярэзінцам

Тэма “COVID-19” зараз сярод самых актуальных і першачарговых. Таму важна ведаць, дзе можна прайсці курс рэабілітацыі, аздаравіцца пасля каранавіруса і якія дакументы патрэбны для гэтага.

Адказы дае галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Алена Післевіч:
— Вядома, пацыентам, якія перахварэлі на каранавірус, урачы раяць весці здаровы лад жыцця, харчавацца не радзей як чатыры разы на дзень, спаць не менш за восем гадзін, устрымацца ад курэння і ўжывання алкагольных напояў. Таксама па рэкамендацыі ўрачоў неабходна рабіць спецыяльныя практыкаванні для аднаўлення лёгкіх. Гэта асабліва тычыцца тых пацыентаў, якія доўга знаходзіліся ў шпіталі з цяжкай формай COVID-19.

Рэабілітацыю можна прайсці ў чатырох санаторыях Мінпрацы і сацабароны — «Ясельда» (Брэсцкая вобласць, Пінскі раён), «Белая Вежа» (Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён), «Бярэзіна»(Мінская вобласць, Барысаўскі раён), «Вяжуці» (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён).

Сумесным рашэннем Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторнакурортным лячэнні насельніцтва Міністэрства працы
і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь непрацуючым грамадзянам з ліку ветэранаў працы і інвалідаў І і ІІ груп, якія перанеслі пнеўманію, выкліканую інфекцыяй COVID-19, праз месяц пасля выздараўлення прадастаўляецца права пазачарговага санаторна-курортнага лячэння ў вышэйназваных санаторна-курортных арганізацыях. Па стане на 9 снежня такім правам скарысталіся 293 чалавекі з ліку ўказанай катэгорыі.

Улічваючы цяперашнюю эпідэміялагічную сітуацыю, права на пазачарговае санаторна-курортнае лячэнне ўказаныя катэгорыі грамадзян могуць выкарыстаць і ў 2021 годзе.

За пуцёўкай трэба звяртацца працуючым грамадзянам – у камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы працы, мець даведку аб стане здароўя; непрацуючым — да спецыяліста прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра, падаць заяву, прадаставіць медыцынскую даведку аб стане здароўя, якая пацвярджае неабходнасць у санаторна-курортным лячэнні, з указаннем інфармацыі аб перанесенай пнеўманіі, выкліканай інфекцыяй COVID-19; копію працоўнай кніжкі, пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда.

Людзі, якія перанеслі пнеўманію на фоне COVID-19, у «Вяжуці» праходзяць далечванне, у «Ясельдзе», «Бярэзіне» і «Белай Вежы» — санаторна-курортнае лячэнне.

Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *