Дзеці таксама хварэюць СOVID-19!

Урач-педыятр Надзея Анцыпава заклікае бярэзінцаў прайсці вакцынацыю

З надыходам чацвёртай хвалі каранавіруса, здаецца, самымі безабароннымі выглядаюць дзеці, бо ў адрозненні ад дарослых, прышчэпкі ад кавіднай інфекцыі ім не робяць. Як пазбегнуць заражэння, якія прафілактычныя меры захоўваць і як працуюць зараз педыятры? На гэтыя і іншыя пытанні мы размаўляем з урачом-педыятрам Бярэзінскай ЦРБ Надзеяй АНЦЫПАВАЙ.

— Колькі зараз дзяцей прыходзіць на прыём?

— Па 50-60 за дзень. Гэта шмат, але два тыдні таму было яшчэ больш.

— З чым гэта звязана?

— З сезонным абвастрэннем вострых рэспіраторных захворванняў. Сярод пацыентаў даволі шмат дзяцей з каранавіруснай інфекцыяй.

— Як распазнаць каранавірус у дзяцей?

— Галоўная прыкмета – раптоўнасць. Яшчэ некалькі хвілін назад дзіця нармальна сябе адчувала – і раптам высокая тэмпература. Далей – заложанасць носа, зніжэнне нюху. Сухі і дакучлівы кашаль. Слабасць, стамляльнасць, недамаганне. Пры вострых рэспіраторных захворваннях гэтыя сімптомы таксама ёсць, але не так ярка выяўленыя. Слабасць настолькі моцная, што немагчыма падняць руку і зрабіць крок. Парушэнне работы страўнікава-кішэчнага тракту (боль у жываце, дыярэя). Гэта назіраецца пры сярэдняй і цяжкай формах захворвання. Зазначым, што прыкладна ў 80 працэнтах выпадкаў хвароба працякае ў лёгкай форме. Больш за тое, немалая частка дзяцей пераносіць хваробу наогул бессімптомна.

— Дзеці могуць быць пераносчыкамі каранавіруснай інфекцыі?

— У тым і праблема: ад дзіцяці могуць падхапіць вірус мама, дзядуля, старэйшыя брат, сястра, іншае дзіця ў садку, або аднакласнік і настаўніца ў школе. Часам COVID-19 нагадвае лёгкі выпадак рэспіраторнай інфекцыі, і не ўспрымаецца дарослымі дастаткова сур’ёзна. А потым ніхто не можа зразумець, адкуль пачалася хвароба. Да таго ж, у дзяцей каранавірус можа маскіравацца пад іншыя захворванні. У прыватнасці, ён можа працякаць пад маскамі кішэчнай інфекцыі, сардэчна-сасудзістых, вострых хірургічных захворванняў.

— Бывае, што праз месяц-паўтара ў дзіцяці, якое хварэла лёгка або бессімптомна, можа развіцца мультысістэмны запаленчы сіндром. Прычым таксама адбываецца ўсё раптоўна.

— Якія дзеці найбольш схільныя да захворвання? Хто ўваходзіць у групу рызыкі?

— Па-першае, гэта немаўляты, бо пакуль маюць слабы імунітэт. Таксама дзеці, народжаныя раней тэрміну. Хлопчыкі і дзяўчынкі гадоў да трох-чатырох. Таксама ў групе рызыкі застаюцца дзеці з сацыяльна-нядобранадзейных сем’яў, дзеці з хранічнымі захворваннямі лор-органаў, сэрца, нырак і алергікі. Небяспека існуе і для дзяцей, якія нядаўна перанеслі цяжкае захворванне.

— Да прыкладу, у дзіцяці тэмпература, дзеянні бацькоў?

— Не панікуйце! І лепш за ўсё выклічце доктара на дом. Выклікаць доктара трэба і калі ў вас ці вашага дзіцяці быў кантакт з чалавекам, у якога падазрэнне ці выяўлена каранавірусная інфекцыя. Падчас тэлефанавання ў рэгістратуру абавязкова папярэдзьце пра гэта спецыяліста.

— Атрымліваецца, калі ў дзіцяці недамаганне, лепш выклікаць доктара на дом?

— Калі ў дзіцяці тэмпература, кашаль, выклікайце ўрача на дом, далей спецыяліст вызначыць лячэнне. І калі трэба, накіруе ў паліклініку на дадатковае абследаванне. Паважаныя бацькі, калі ваша дзіця захварэла (з’явіліся насмарк, кашаль, лёгкае недамаганне), не адпраўляйце яго, калі ласка, у школу, дзіцячы сад. Праяўляйце клопат пра здароўе свайго дзіцяці, яго аднакласнікаў, выхавальнікаў, настаўнікаў.

— Патлумачце, у якіх выпадках праходзяць лячэнне дома і калі патрэбна шпіталізацыя?

— Дзеці без сімптомаў хваробы і хворыя ў лёгкай форме лечацца амбулаторна і ізалююцца дома. А вось з сярэдне-цяжкім і цяжкім працяканнем хваробы шпіталізуюцца ў спецыялізаваны інфекцыйны стацыянар. Калі ж развіваецца цяжкая форма пнеўманіі і ўзнікае недастатковасць дыхання – патрабуецца аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі.

— Якія яшчэ прафілактычныя меры неабходна захоўваць?

— Часцей мыйце дзіцяці рукі, раскажыце, што нельга датыкацца да рота, носа, вачэй пасля вяртання з грамадскіх месцаў, пасля кашлю ці чыхання, перад ядой, пасля наведвання прыбіральні, пакуль не памыеш рукі. На прагулкі давайце дзіцяці з сабой антыбактэрыяльныя сурвэткі або гель для рук. Рэгулярна дэзынфіцыруйце дзіцячыя цацкі. Абмяжуйце карыстанне грамадскім транспартам. Асабліва ўважліва назірайце за дзіцем, калі яно кантактавала з захварэўшым, мерайце тэмпературу, сачыце за агульным станам. Важна сачыць за падтрымкай імунітэту ў дзіцяці. Збалансаванае харчаванне, у меру фізічныя нагрузкі, розумовая актыўнасць і эмацыянальная стабільнасць, вакцынацыя дарослых дапамогуць прадухіліць заражэнне.

— Напрыканцы размовы некалькі слоў пра сябе, калі ласка.

— Працую ў медыцыне ўжо 12 гадоў, скончыла ў 2009 годзе факультэт лячэбнай справы Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, спецыялізуюся ў педыятрыі. Сёлета ў чэрвені хварэла на кавід у цяжкай форме, давялося правесці ў стацыянары амаль чатыры тыдні. Да гэтага часу засталіся праблемы з успрыманнем пахаў. Вакцынавалася прышчэпкай “Спутнік-V”, якую перанесла лёгка. Таму хачу заклікаць дарослых людзей. Шаноўныя бацькі, каб дзеткі менш хварэлі, абавязкова сачыце таксама і за сваім здароўем, выконвайце прафілактычныя меры, насіце маскі ў грамадскіх месцах і абавязкова зрабіце прышчэпкі, у каго няма супрацьпаказанняў.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *