Дзень народнага адзінства для мяне

З гэтага года беларускі каляндар стаў багацейшым яшчэ на адно свята. Сам па сабе факт таго, што яму нададзены статус дзяржаўнага, сведчыць аб яго значымасці для ўсёй краіны, а яго назва – Дзень народнага адзінства — указвае на глыбіню паходжання нашага роду як нацыі ў цеснай узаемасувязі з днём сённяшнім, з жыццём нашага грамадства ў няпростым ХХІ-м супярэчлівым стагоддзі.

Так, 17 верасня 1939 года адбылася значная падзея ў жыцціы нашага грамадства, калі падзеленая на дзве часткі Беларусь змагла аб’яднацца ў адну цэласную дзяржаву і вызваліць з-пад польскага прыгнёту не адзін мільён сваіх суайчыннікаў.

Але не толькі ў гэтым сутнасць аб’яўленага Указам Прэзідэнта новага свята. Яно мае больш грунтоўны змест, бо сапраўднае адзінства народа вымяраецца не асобнымі гістарычнымі фактамі і падзеямі, а штодзённым жыццём і працай на карысць сваёй Радзімы, што заўсёды рабілася і дасягалася толькі агульнымі намаганнямі, яднаннем памкненняў у дасягненні пастаўленай мэты.

Якія ж мэты стаяць перад намі сёння, да чаго мы імкнёмся? Па-першае, мы абавязаны захаваць не толькі народныя набыткі многіх стагоддзяў ў плане культуры, свайго этнасу, самасвядомасці, але і не страціць гонар за свой гераічны народ, які ў цяжкіх бітвах са шведамі, французамі, нямецка-фашысцкімі акупантамі змог выстаяць, не сагнуць галаву перад ворагам, аднавіць сваю гаспадарку і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень.

Народнае адзінства — гэта таксама і сённяшняе яднанне беларускага народа ў выбары стратэгічнага курса на развіццё моцнай, суверэннай і працвітаючай краіны. Мы шмат чаго дасягнулі за час аб’яднання Беларусі як суверэннай дзяржавы. І ўдалося гэта нам толькі за кошт таго, што мы па прыкладзе некаторых іншых краін, не сталі дзяліць сваю зямлю на кавалачкі па нацыянальным або рэлігійным прынцыпах на карысць патаемных знешніх сіл, якія былі б рады бачыць нас разгромленымі не знешнімі сіламі, а за кошт унутранага разладу.

Менавіта яго зараз так насаджаюць нашы заходнія во-рагі ў спадзяванні на дэстабілі-зацыю эканомікі і палітыкі нашай дзяржавы. Прабачце, не атрымаецца і на гэты раз. Беларусы — не тая нацыя, якая ў адзін дзень можа спакусіцца на смачныя пернікі і здольная перакрэсліць усю сваю гісторыю, свае непадробныя якасці, да якіх спакон вякоў адносіліся памяркоўнасць, сардэчнасць, братэрства, яднанне, нясхільнасць, вернасць Радзіме.

Праяўленне гэтых загартаваных якасцей мы бачым сёння ў многіх нашых сумесных дзеяннях, справах, думках, памкненнях, мерапрыемствах і акцыях. Колькі іх прайшло, колькі іх яшчэ будзе і колькі іх патрэбна наладзіць для таго, каб некаторыя гарачыя галовы пераканаліся: беларусы ніколі не стануць іншымі, не будуць з пагардай ставіцца да сваёй існасці і здраджваць ёй, бо іначай не зможам мы “людзьмі звацца”.

Наша дзяржаўнасць, наша сіла, наша будучыня залежаць ад нас, нашай самасвядомасці і ад таго, наколькі мы, сапраўды, адзіныя ў сваіх памкненнях і жаданні шчасця сваім нашчадкам. Вось і заклікае нас усіх наша новае дзяржаўнае свята народнага адзінства да гэтай высокай мэты, да згуртаванасці, пільнасці і адказнасці за свае дзеянні як сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы.

Што здольна аб’яднаць народ? Нацыянальная ідэя! І яна ў нас ёсць. Яе складальнікі — слаўная шматвяковая гісторыя, самабытныя нацыянальныя традыцыі, мілагучная родная мова, найпрыгажэйшыя ў свеце краявіды і талерантны беларускі народ.

Шчыра прызнаюся, я заўсёды з задавальненнем, а не па прымусе, удзельнічаю ў шматлікіх патрыятычных рэспубліканскіх, абласных і раённых акцыях. Цёплая, сямейная, сяброўская атмасфера панавала падчас аўтапрабегу, да якога далучыліся і бярэзінцы. Прызнаюся, я была здзіўлена, калі бачыла, з якой радасцю сустракалі ўдзельнікаў аўтапрабегу, “Патрыётаў Беларусі” жыхары аграгарадка Лешніца, куды мы зазірнулі. Такія акцыі пакідаюць цеплыню ў сэрцы, паказваюць, што нас, сапраўдныях патрыётаў, вельмі і вельмі шмат. Так, усе мы розныя, у кожнага свой характар, свае думкі. Мы розныя — але ў гэтым наша багацце. Але нас усіх без выключэння аб’ядноўвае любоў да Радзімы, жаданне жыць пад мірным небам. Каб у нашых сем’ях панавалі шчасце, дабрабыт і ўзаемаразуменне. Таму для мяне Дзень народнага адзінства — асаблівае свята! Я ганаруся, што жыву ў сінявокай Беларусі. Я ўпэўнена, што братэрства, згода і павага засцерагуць наш народ ад спроб рэалізацыі бясконцых сцэнарыяў каляровых рэвалюцый.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *