Дзень работнікаў гідраметэаралагічнай службы 

23 сакавіка, метэаролагі ўсёй планеты адзначалі сваё прафесійнае свята.

Дарэчы, сёлетні год асаблівы для работнікаў Бярэзінскай раённай метэастанцыі – юбілейны, з дня заснавання яе спаўняецца 85 гадоў. Зараз тут пад кіраўніцтвам начальніка станцыі Валянціны Харытановіч працуюць 5 спецыялістаў – інжынер-аграметэаролаг Алена Цэдрык і тэхнікі-метэаролагі — Наталля Цюхай, Таццяна Галуза, Галіна Жылко, Павел Акуліч.

Памятаюць тут і пра ветэранаў метэаралагічнай службы, за плячыма якіх шматгадовая добрасумленная праца і багаты вопыт, якім яны шчыра дзяліліся з маладымі калегамі. Сярод іх – Зінаіда Насаржэўская, Марыя Пусева, Зінаіда Найдзенка.

— Цяпер у нас аўтаматызавана амаль усё, што раней рабілі ўручную, — гаворыць тэхнік-метэаролаг Наталля Цюхай. – Але без чалавека ўсё роўна тут не абысціся. Бываюць розныя сітуацыі, напрыклад, збоі электраэнергіі, і мы павінны быць заўсёды напагатове. Таму,  нягледзячы на значную аўтаматызацыю, наша работа ніколі не будзе поўнасцю даверана машыне. З дапамогай складаных прыбораў фінскай і беларускай вытворчасці мы бесперапынна вядзём назіранні за ўмовамі надвор’я, прыроднымі з’явамі, замяраем тэмпературу глебы, вышыню снежнага покрыва і г. д. І прадастаўляем інфармацыю ў Дзяржаўную ўстанову «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» (Белгідрамет).

Алена ГРОМАВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *