Дзякуй медыкам! Алег Вараб’ёў — эпідэміёлаг са стажам больш за 20 гадоў

У памочніка ўрача-эпідэміёлага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Бярэзінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алега Вараб’ёва працоўны стаж у дадзенай сферы больш за 20 гадоў.
Таму Алег Ігаравіч з упэўненасцю сцвярджае:
— Калі ведаеш, як інфекцыя перадаецца, як яе папярэдзіць, то баяцца яе не патрэбна!
У свеце ёсць шмат больш небяспечных інфекцый, чым каранавірус. У нас, у цэнтры, штогод праводзяцца тактычныя вучэнні, дзе мы адпрацоўваем розныя сітуацыйныя задачы на практыцы. Агульнымі намаганнямі мы трымаем сітуацыю з распаўсюджваннем каранавірусу пад кантролем.

Алег Вараб’ёў упэўнены, што галоўнае ў барацьбе з любой інфекцыяй — ведаць, як яна распаўсюджваецца, і захоўваць усе прафілактычныя меры

Зараз галоўная задача супрацоўнікаў РЦГЭ — праводзіць усе супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сярод насельніцтва, ва ўстановах, на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна.
Працоўны дзень Алега Ігаравіча, як і ўсіх супрацоўнікаў аддзела эпідэміялогіі, ненармаваны. Пачынаецца ў восем гадзін раніцы, а калі скончыцца, загадзя дакладна невядома. Працоўныя і выхадныя, і святочныя дні.
— З чаго зараз пачынаецца мой працоўны дзень? Са складання спісаў кантактаў першага, другога ўзроўняў. Нам аператыўна паступае інфармацыя з райбальніцы пра людзей, у якіх пацверджана каранавірусная інфекцыя. І пачынаецца эпідэміялагічнае расследаванне. Гэта даволі складаная, напружаная і адказная справа. Да кагосьці з пацыентаў, апрануўшы супрацьчумны касцюм, рэспіратар, пальчаткі, ахоўныя акуляры, выязджаем на дом, праводзім апытанне, з кім цесна кантактавалі за апошнія 14 дзён (родныя, блізкія, калегі). Іншым – тэлефануем. Нам зараз неабходна быць крыху і псіхолагамі. Да прыкладу, чалавек даведаўся, што ў яго каранавірус. А да гэтага начытаўся ў інтэрнэце неправеранай інфармацыі, наслухаўся міфаў пра каранавірус. Адразу ж яму становіцца жудасна, боязна: “а што будзе далей, а ці ачуняю я, а што падумаюць суседзі, родныя, калегі”. І людзям псіхалагічна складана адказваць на нашы пытанні, а нам жа неабходна як мага хутчэй сабраць інфармацыю аб кантактах. Тлумачым, што хвароба не прысуд, што нельга адчайвацца. Чалавек супакойваецца і пачынае згадваць, з кім цесна кантактаваў за апошнія 14 дзён… Калі пражывае не адзін, родныя дапамагаюць скласці спіс кантактаў. Пакідаем свае нумары тэлефонаў, просім тэлефанаваць, калі яшчэ кагосьці згадае. Вядома ж, суседзі бачаць, што прыехалі медработнікі ў спецыяльнай форме і пачынаюць дадумваць…. Таму даводзіцца гутарыць і з імі, тлумачыць, што іх суседу зараз складана і псіхалагічна, і фізічна. Паўтаруся, ад хваробы ніхто не застрахаваны. І нельга хворага альбо кантакт рабіць ізгоем. Тут самае важнае — правераная інфармацыя, — зазначае Алег Вараб’ёў.

Пасля таго, як спісы кантактаў першага, другога ўзроўняў складзены, супрацоўнікі цэнтра перадаюць іх у райбальніцу і міліцыю. Праз пэўны час медработнікі прыязджаюць да пацыента, бяруць аналізы для дыягнаставання каранавіруснай інфекцыі і ўручаюць памятку, што неабходна 14 дзён захоўваць самаізаляцыю.

— Мы з супрацоўнікамі РАУС аб’язджаем тых, хто знаходзіцца на самаізаляцыі. Прыязджаем. Тэлефануем. Просім чалавека падысці да акна альбо выйсці на балкон, прыадчыніць дзверы. Альбо просім выйсці ў двор (калі пражывае ва ўласным доме), — расказвае А. Вараб’ёў. — Захоўваем сацыяльнае дыстанцыраванне. Га-лоўнае, упэўніцца, што чалавек захоўвае самаізаляцыю. У большасці бярэзінцы яе захоўваюць, але, на жаль, ёсць і тыя, хто ігнаруе. За такія свавольствы чакаюць даволі ўнушальныя штрафы — ад 30 да 50 базавых велічынь. Дарэчы, здараецца, што нераўнадушныя і самі тэлефануюць, паведамляюць, што чалавек, які знаходзіцца на самаізаляцыі, выходзіць на вуліцу без важкай прычыны, ігнаруе сродкі аховы, парушае рэжым.
Супрацоўнікі РЦГЭ, у тым ліку і Алег Ігаравіч, кантралююць захаванне прафілактычных рэкамендацый на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя.
— Паважаныя бярэзінцы, калі ласка, захоўвайце нормы прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Яна перадаецца ў большасці выпадкаў паветрана-кропельным шляхам, — дадае Алег Ігаравіч. — Таму рэкамендуем насіць сродкі аховы дыхання (абавязкова прыкрываць нос і рот) у месцах масавага знаходжання лю-дзей. Дасканала і часцей мыць рукі, правільна апрацоўваць іх антысептыкам. І, вядома ж, не панікаваць, давяраць праверанай інфармацыі. Калі ёсць пытанні наконт распаўсюджвання, прафілактыкі, каранавірусу, тэлефануйце. Працуе “гарачая лінія” па нумары 6-55-94. Будзьце здаровы і беражыце сябе.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *