“Экскурсійны маршрут па храмах Бярэзіншчыны” ад Кацярыны Ганчарук

У рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” прайшоў фінал конкурсу «Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея». У намінацыі «Крыніцы духоўнасці» сваю работу «Экскурсійны маршрут па храмах Бярэзіншчыны» прадстаўляла вучаніца 3 “В” класа ДУА «Пачатковая школа №1 г. Беразіно» Кацярына Ганчарук.

— Тэма ўзнікла не выпадкова, — зазначае намеснік дырэктара навучальнай установы Тамара Ефіменка. – Школа даўно і плённа працуе над інавацыйнымі праектамі па духоўна-маральным выхаванні, у ходзе якіх вучні і педагогі наладжваюць паломніцтвы па святых мясцінах Беларусі. Аднак падчас заняткаў на факультатыве “Асновы праваслаўнай культуры” Кацярына заўважыла, як мала яе равеснікі ведаюць пра праваслаўныя святыні раёна. Так і ўзнікла ідэя расказаць пра храмы і іх гісторыю. Фотасправаздача з паездак была аформлена ў прэзентацыю, а сабраная інфармацыя — у даследчую работу.

Кацярына спадзяецца, што яе даследаванне будзе карысным не толькі для вучняў яе роднай школы, але і для жыхароў і гасцей раёна, бо на аснове праекта створаны сайт “Экскурсійны маршрут па храмах Бярэзіншчыны”. На ім кожны жадаючы зможа пазнаёміцца са святынямі раёна і іх гісторыяй.

Застаецца нагадаць, што дзяўчынка бліскуча абараніла свой праект у час відэаканферэнцыі, за што заслужана была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *