Філіял “Ома” першым завяршыў сяўбу “царыцы палёў”

У раёне набірае абароты сяўба кукурузы. Работы на палетках не заціхалі нават у Вялікдзень. А ўсё таму, што агульная пасяўная плошча пад “царыцу палёў” займае 9003 гектары.

Стаўка на кукурузу сёлета асаблівая – пры належнай ураджайнасці яна дапаможа зрабіць важкім запас травяных кармоў і разнастаіць рацыён кармлення на будучую зімоўку. Аднак пакуль строіць планы на кармавыя запасы рана, а ўсяму віной надвор’е. Калі ж гэта было, каб Першамай людзі віталі ў цёплых паліто і пальчатках?!

Дама капрызная

Ужо пасеяны першыя 1753 гектары кукурузы. Механізатары заўважаюць, што менавіта дзякуючы змяненню клімату ў апошнія гады ў рэгіёнах складваюцца выдатныя ўмовы для вырошчвання кукурузы. А ўсё таму, што на новы ўзровень выйшла культура яе вырошчвання, дзе прадуманы кожны тэхналагічны момант. “Царыца палёў” – дама капрызная. Яна патрабуе насення першай рэпрадукцыі і элітных гатункаў, расце не на кожных папярэдніках, не ўзыдзе на дрэнна падрыхтаваных палетках і служыць лепшай праверкай механізатараў на вартасць. Не кожнаму ж давераць шчыраваць на кукурузных палетках. Добра ведаюць да іх падыход механізатары філіяла “ОМА”.

Якасць у аўтарытэце

Глебу на плошчах, адведзеных пад «царыцу палёў», рыхтуе адказны механізатар Васілій Булойчык. Яму па сілах аказалася якасна ўправіцца з 260 гектарамі глебы.

– Сёння трактар стаіць на рамонце, аднак гэта нядоўга, – гаворыць Васілій Булойчык. – Пачышчу, штосьці замяню і адрэгулюю – і зноў на поле! Вясной, нават такой халоднай, прастойваць тэхніка не павінна

– Працаваць даводзілася хутка, вобразна кажучы, даганяць познюю вясну, каб кожная баразна была абагрэта цёплым сонейкам. Пры гэтым ні для каго не сакрэт, што якасць на палях – гэта аўтарытэт, – зазначае мужчына. – Тут павінны быць асаблівая акуратнасць і філіграннасць, ды і цярпенне вялікае – крый Божа дапусціць агрэх!
Аднак хітрыць крыху “омаўскі” механізатар – яго работай можна любавацца. А ўсё таму, што «палявую» прафесію выбраў невыпадкова і любіць зямлю ўсёй душой. Удзячны яму за старанне і прафесіяналізм сейбіт Аляксандр Валасевіч. Яго сеялка шпарка бегла па падрыхтаваных палетках і дазволіла ў ліку першых у раёне справіцца з адказнай кампаніяй — пасеяць 235 гектараў кукурузы з 260 запланаваных.

– Сачу за прагнозам надвор’я і з нецярпеннем чакаю лагоднага сонейка і веснавога цяпла, – зазначае Аляксандр Валасевіч. – З ім надзея на будучы ўраджай толькі б мацавалася

– Яшчэ адзін рывок і сяўба кукурузы для нас завершыцца, – гаворыць сейбіт. – Плошчы ў нас невялікія, аднак амбіцыі – атрымаць не менш за леташні ўраджай кукурузы. Таму працуем без спешкі, без аўралаў, з вялікай любоўю да зямлі-карміцелькі. Яна каторы год не пакідае нас без кармоў, забяспечвае рост прадукцыі жывёлагадоўлі, а адданаму ёй селяніну прыносіць даход.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *