Галалёдзіца і да -13°С чакаецца ў Беларусі ў выхадныя

 

У суботу, 8 лютага, уначы па паўночным захадзе, удзень на большай частцы краіны будзе адчувацца ўплыў атмасфернага фронту, які ідзе з тэрыторыі Фінляндыі. Уначы пераважна па паўночным захадзе, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаюцца слабы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, удзень з пераходам на заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 4-11 градусаў марозу, месцамі — да мінус 13. Удзень будзе ад мінус 5 па паўднёвым усходзе да плюс 2 па захадзе.

У нядзелю, 9 лютага, уначы надвор’е будзе фарміраваць малаактыўны франтальны раздзел, удзень будзе адчувацца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплых паветраных мас, якія паступаюць з Заходняй Еўропы. Пацяплее. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 7 да нуля, удзень — ад нуля да плюс 6 градусаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах пройдзе невялікі кароткачасовы мокры снег, удзень будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні, паўднёва-заходні ўмераны, удзень месцамі парывісты.

Паводле папярэдняга прагнозу, у першай палавіне наступнага тыдня надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплае акіянічнае паветра. У панядзелак, 10 лютага, уначы пераважна па паўночным захадзе, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж). Месцамі чакаецца слабы галалёд, уначы на дарогах галалёдзіца. У многіх раёнах прагназуецца моцны парывісты паўднёва-заходні вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2, удзень — ад плюс 1 па паўночным усходзе — да 8 градусаў цяпла па паўднёвым захадзе.

У аўторак, 11 лютага, часам чакаюцца ападкі (дождж, мокры снег), слабы галалёд. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, заходні парывісты. Уначы месцамі, удзень па захадзе магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, удзень — ад нуля да плюс 5 градусаў.

У сераду, 12 лютага, часам чакаецца снег, мокры снег. Вецер прагназуецца заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2, удзень — ад мінус 2 да плюс 4 градусаў.

Па інфармацыі БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *