Галоўная праблема ветэрынарыі – чалавек

Так лічыць намеснік галоўнага ветурача раёна Ірына Кужалевіч. Яе працоўны стаж у прафесіі амаль 35 гадоў. Пачынала Ірына Пятроўна ў 1985 годзе ў тагачасным калгасе “Памяць Леніна”, дзе маладому спецыялісту давялося адказваць за здароўе не толькі рагуль, але і свіней.

Ірына Пятроўна заўсёды высока трымае свой прафесійны гонар і гатова ў гэтым дапамагаць кожнаму маладому спецыялісту

– Хлеб ветэрынара лёгкім ніколі не быў і не будзе, – гаворыць Ірына Пятроўна.

– Даводзілася прачынацца ў тры ночы, каб да паловы пятай быць у гаспадарцы. Там праводзіць даследаванні жывём на сухоты і іншыя хваробы, уводзіць адпаведныя прэпараты статку да тысячы галоў. Заканчваліся такія маніпуляцыі каля 18 гадзін вечара. Бывала, што працавалі без выхадных і перапынку на абед.

Але не гэта лічыць спецыяліст самым складаным у працы ветурача.

– Як бы гэта парадаксальна не гучала, але самая галоўная праблема ветэрынарыі – чалавек, – тлумачыць Ірына Пятроўна. – Я маю на ўвазе людскую абыякавасць. На жаль, такія адносіны можна назіраць і ў працаўнікоў, што нясуць непасрэдную адказнасць за здароўе жывёлы. Ды і ўвогуле, чалавецтва мроіць пра далёкія зоркі, але не здольнае справіцца з шэрагам захворванняў.

Апошнія трынаццаць гадоў Ірына Кужалевіч шчыруе ў калектыве раённай ветэрынарнай станцыі. Тут яна карыстаецца вялікім даверам кіраўніцтва і бязмежным аўтарытэтам у падначаленых. Усе яны былі рады навіне, што іх паважаная Ірына Пятроўна ў ліку лепшых работнікаў раёна атрымала Ганаровую грамату на раённым свяце працы. Для самой жа жанчыны ўзнагарода стала вялікім сюрпрызам.

– Калі паведамілі аб узнагароджванні, неяк разгубілася, – прызнаецца Ірына Пятроўна. – Пра мяне ж і ў газеце пісалі ўсяго адзін раз. Ды я не крыўдую. Мне сёння больш патрэбна, каб на змену прыйшлі адукаваныя і па-сапраўднаму адданыя ветэрынарыі людзі. Няхай мая ўзнагарода натхніць іх на гэтую бязмерна цяжкую, але такую патрэбную прафесію.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *