Галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ: «Абавязкова насіце маскі, захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне і зрабіце «укол ад грыпу»»»!

Восень – час уздыму уздыму вострых рэспіраторных інфекцый. Ды і “карона” нікуды не адступае.

Як сёння працуе Бярэзінская ЦРБ,  якая склалася эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне,  чаму неабходна насіць маскі, захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне і абавязкова зрабіць “укол ад грыпу”… Аб гэтым мы пагутарылі з галоўным урачом Бярэзінскай ЦРБ Крысцінай КРУК.

Паважаныя бярэзінцы, калі ласка, не ігнаруйце меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, — заўважае галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук. — Прытрымлівайцеся масачнага рэжыму, захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне і дасканала мыйце рукі, апрацоўвайце іх антысептыкам!

— Крысціна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, якая сёння эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне?

— У Бярэзінскім раёне, як і ў цэлым па краіне, назіраецца рост захворванняў, як вострых рэспіраторных інфекцый, так і каранавіруснай інфекцыі. Пакуль сітуацыя ў раёне стабільная. Мы выяўляем пацыентаў з “каронай”, кантактаў першага ўзроўню, праводзім іх абследаванне. Вядома ж, цесна супрацоўнічаем з усімі службамі раёна.

— Што змянілася ў рабоце райбальніцы ў сувязі з пад’ёмам вострых рэспіраторных захворванняў?
— Паліклініка, як звычайна, працуе з 7.00 да 19.00. Проста ўведзены дадатковыя прафілактычныя меры. Да прыкладу, дзейнічае “масачны” рэжым – увесь медыцынскі персанал павінен весці прыём у сродках індывідуальнай аховы. Для ўсеагульнай бяспекі на кожным паверсе паліклінікі кругласутачна працуе бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра — устаноўка для абеззаражвання памяшканняў. Таксама размешчаны дазатары з антысептыкамі для апрацоўкі рук. Перанесены планавыя гаспіталізацыі і аператыўныя ўмяшанні. Вядома ж, зараз нельга наведваць хворых (ні ў будныя, ні ў выхадныя, ні ў святочныя дні), якія праходзяць стацыянарнае лячэнне. Перадаць ім пасылку можна праз прыёмнае аддзяленне ЦРБ.

— Калі, да прыладу, у чалавека — павышаная тэмпература цела, куды яму звяртацца?

— Мы  раздзялілі паток пацыентаў. Для тых, хто звяртаецца на прыём з тэмпературай і прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, у паліклініцы арганізаваны асобны ўваход. Прыём пацыентаў з тэмпературай ідзе ў дзве змены (з 8.00 да 19.00, а іншы раз і да 20.00). Прыём вядуць чатыры ўрачы агульнай практыкі – Раман Гайшун, Мікіта Чэмбровіч, Марыя Васілеўская,  Настасся Косціна. У гэтым жа крыле паліклінікі, дзе ідзе прыём пацыентаў з тэмпературай, можна здаць аналізы, прайсці флюараграфічнае абследаванне. Такім чынам, мы прадугледзелі ўсё, каб пацыенты з тэмпературай і, да прыкладу, тыя, што праходзяць перыядычныя медыцынскія агляды, не сутыкаліся. На першым паверсе паліклінікі кожнаму вымяраюць тэмпературу. І калі, да прыкладу, у чалавека яна павышаная, адразу ж у рэгістратуры яго накіроўваюць да ўрача, што прымае пацыентаў з такімі сімптомамі.

— А дзе праходзяць лячэнне пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй? Ці функцыянуе на базе ЦРБ шпіталь?

— На базе ЦРБ з 6 лістапада развернуты шпіталь на 37 ложкаў. Тут праходзяць лячэнне пацыенты, у якіх пацверджана каранавірусная інфекцыя, з сімптомамі COVID-19, кантакты першага ўзроўню. Пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй, пнеўманіямі праходзяць лячэнне  таксама ў інфекцыйных шпіталях Мінскай вобласці. Шпіталізуюцца яны на нашым транспарце.

 —  Бярэзінцы цікавяцца, ці можна зараз праходзіць медыцынскі агляд?

—  Так, медыцынскія камісіі мы праводзім па графіку. Усе ўрачы працуюць у штатным рэжыме. Чэргі – мінімальныя. Бясспрэчна, неабходна праходзіць нават медыцынскую камісію ў сродках індывідуальнай аховы.

— Упэўнена, што вы не забываецеся і пра пажылых людзей, інвалідаў. Што раіце ім?
— Вядома ж, пажылым людзям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі раім заставацца дома, лепш не наведваць паліклініку. Для іх наладжаны патранаж на даму. Іх наведваюць фельчары (ФАПы, сельскія амбулаторыі ўрача агульнай практыкі таксама працуюць у штатным рэжыме), памочнікі ўрачоў, участковыя медыцынскія сёстры, урачы агульнай практыкі. Таксама старанна сочым за здароўем адзінокіх, адзінока пражываючых людзей, інвалідаў.

— Магчыма, зараз  выпісваеце рэцэпты на больш працяглы тэрмін, каб людзям лішні раз не наведваць райбальніцу?

— Так, рэцэпты на неабходныя медыкаменты выпісваюцца на тэрмін да шасці месяцаў.

— У Бярэзінскім раёне працягваецца вакцынацыя супраць грыпу. Каму б вы параілі зрабіць “укол ад грыпу” ў першую чаргу?

— Рэкамендуем усім: і дарослым, і дзецям зрабіць прышчэпку. Многія пытаюцца, навошта? На жаль, сёння даволі вялікая імавернасць “падхапіць” так званую “мікст”-інфекцыю – грып плюс каранавірус. А такое захворванне праходзіць са значнымі ўскладненнямі, асабліва для людзей з групы рызыкі (пажылыя, з хранічнымі захворваннямі, цяжарныя жанчыны). Таму, вядома ж, каб не рызыкаваць сваім здароўем і жыццём, лепш зрабіць прышчэпку ад грыпу. У райбальніцы праводзіцца імунізацыя вакцынай «Грыпол плюс» на бясплатнай аснове. Прышчэпкі бяспечныя для здароўя, у крайнім выпадку можа праявіцца пачырваненне на скуры ў месцы ўколу, якое праходзіць праз 2-3 дні. Для правядзення прафілактычнай прышчэпкі неабходна звярнуцца да ўрача-тэрапеўта, урача агульнай практыкі або ў кабінет № 309 (3 паверх), для дзяцей — да ўчастковага ўрача-педыятра.
“Укол ад грыпу” дарослым робяць на базе працэдурнага кабінета паліклінікі (2 паверх) з панядзелка па пятніцу, з 7.30 да 18.00, у суботу — з 8.00 да 14.00. Дзецям — на базе прышчэпачнага кабінета педыятрычнага аддзялення паліклінікі (1 паверх) з панядзелка па пятніцу, з 8.00 да 16.00. Таксама прышчэпкі супраць грыпу можна зрабіць у працэдурных кабінетах амбулаторый урача агульнай практыкі, участковых бальнiц згодна з графікам іх работы. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 5-56-26 (па імунізацыі дарослага насельніцтва), 5-22-97 (па імунізацыі дзяцей).

— Нагадайце, калі ласка, дзе можна зрабіць тэст на каранавірус?

— На сёння тэсціраванне на каранавірусную інфекцыю можна прайсці ў Бярэзінскай ЦРБ. Яго праводзім двума метадамі: экспрэс-дыягностыка з дапамогай тэстаў альбо забор матэрыялаў з носу, зева для правядзення даследаванняў метадам ПЦР. Экспрэс-тэсты, ПЦР–даследаванні робяцца  па медыцынскіх паказаннях на бясплатнай аснове. У першую чаргу пацыентам з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. Таксама кантактам першага ўзроўню для закрыцця альбо прадаўжэння бальнічнага ліста.
А ўсе жадаючыя могуць зрабіць экспрэс-тэст платна. Прайсці тэст можна па будных днях у працэдурным кабінеце. За больш падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца да загадчыка паліклінікі – 55626.
Экспрэс-тэсціраванне праходзіць вельмі хутка: робім забор крыві з вены, адпраўляем у лабараторыю і пасля абеду атрымліваем рэзультат. Ніякай спецыфічнай падрыхтоўкі не патрабуецца: толькі нельга ўжываць ежу непасрэдна перад здачай крыві. Экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць спецыфічных антыцелаў да каранавірусу. У чалавека, які хварэе на каранавірус, з’яўляюцца імунаглабуліны класа М. Калі яны ёсць, значыць, вострая стадыя захворвання. Калі чалавек, да прыкладу, перахварэў на каранавірус, нават у бессімптомнай форме, у крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа G. Такім чынам, можна не толькі вызначыць, ці хварэе чалавек на каранавірус, але — і ці хварэў. Калі, да прыкладу, чалавек на платнай аснове здаў тэст і рэзультат паказаў, што ў крыві выпрацаваны імунаглабуліны класа М (хутчэй за ўсё, каранавірусная інфекцыя), то яго накіроўваюць адразу ж да неабходнага спецыяліста, прызначаюць лячэнне.
Таксама ў пацыентаў з пнеўманіяй, каранавіруснай інфекцыяй, кантактаў першага ўзроўню па назначэнні ўрача бяруцца мазкі для правядзення даследаванняў метадам ПЦР. Адпраўляем матэрыялы ў Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Рэзультат атрымліваем прыблізна праз адзін-два дні. Для выезду за мяжу (ёсць спіс краін) таксама можа спатрэбіцца даведка аб тым, што пройдзена абследаванне на каранавірусную інфекцыю метадам ПЦР. Такое даследаванне робіцца на платнай аснове ў Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і Барысаўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

— Што параіце бярэзінцам, каб засцерагчыся ад вірусаў?
— Ідуць халады, таму неабходна апранацца згодна з надвор’е: каб адчуваць сябе ўтульна і камфортна.  Галоўнае – прытрымлівацца масачнага рэжыму. Насіць сродкі аховы органаў дыхання не толькі ў месцах масавага знаходжання людзей, але і пры наяўнасці 2-3 чалавек. Захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне. Імкнуцца абмежаваць кантакы.  Захоўваць асабістую гігіену (мыць рукі дасканала, апрацоўваць антысептыкам), пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей і заставацца дома, калі вы ўваходзіце ў групу рызыкі. А дома, на працы праветрываць памяшканні.  Калі ласка, беражыце сябе, вядзіце здаровы лад жыцця, правільна харчуйцеся, ужывайце больш вадкасці  і будзьце здаровымі!

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *