Гарбузы ад бабулі Сафіі, або Падводзім вынікі фотаконкурсу разам

Яшчэ ў верасні рэдакцыя газеты “Бярэзінская панарама” аб’явіла аб правядзенні фотаконкурсу сярод падпісчыкаў “Ураджай-2020”, які знайшоў жывы водгук. Як высветлілася, бярэзінцы надзвычай гаспадарлівыя людзі, і іх намаганні на градках, сотках, прысядзібных і дачных участках прыносяць вялікі плён у выглядзе багатага ўраджаю садавіны і агародніны.


І вось конкурс падыходзіць да фіналу. Хто ж ака-жацца яго пераможцам і ўладальнікам прызоў ад спонсараў у рэдакцыі? Усё залежыць ад вас, паважаныя сябры. Кожны жадаючы да 10 кастрычніка можа прыняць удзел у інтэрнэт-галасаванні на лепшы фотаздымак на нашым сайце.
Канкурсант, які набярэ найбольшую колькасць галасоў, і стане пераможцам.
Дарэчы, першы пераможца конкурсу (па рашэнні рэдакцыйнага журы) ужо вызначаны. Ім аказалася жыхарка г. Беразіно Сафія Стасевіч.
Уразіў не толькі багаты ўраджай вырашчаных ёю гарбузоў, асобныя экзэмпляры якіх перавышаюць 20 кілаграмаў. Унікальнай аказалася і гаспадыня шчодрага падворка. Па-першае, Сафія Пятроўна — самая сталая ўдзельніца конкурсу: сёлета ў жніўні ёй споўнілася 95 гадоў! Па-другое, С. Стасевіч –
адна з лічаных ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што засталіся на Бярэзіншчыне. Па-трэцяе, жанчына ўласнаручна займаецца вырошчваннем гарбузоў, а таксама шэрагу іншых відаў агародніны, і робіць з іх нарыхтоўкі і ўкручванні на зіму. У час нашай размовы выявілася і яшчэ адна цікавая дэталь: Сафія Пятроўна да гэтага часу не карыстаецца акулярамі!
— Агарод і праца на ім з’яўляюцца для мяне паратункам ад усіх хвароб, — расказвае жанчына. – Найбольш даймае астэахандроз, з-за якога стала хадзіць, абапіраючыся на два кіёчкі. Але і хвароба не перашкаджае палоць градкі, даглядаць іх і збіраць ураджай. А ён у мяне штогод добры. Таму і нарыхтовак, якія вельмі люблю рабіць па розных рэцэптах, заўсёды ўдосталь.
Сапраўды, уражвае працавітасць гэтага чалавека і яго непаўторная ўнікальнасць. Так трымаць, Сафія Пятроўна, і яшчэ доўга быць для нас прыкладам для
пераймання!

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *