Гартаем альбом шматдзетнай сям’і Апарэвічаў

Шматдзетная сям’я! Магчыма, кагосьці такі статус і пужае. Але толькі не маладую, шматдзетную, шчаслівую сям’ю Апарэвічаў з Беразіно. Сяргей і Святлана разам гадуюць траіх дзетак. І будуюць уласны дом! Складана?! Заглянём да іх і даведаемся.

Адзінаццаць з паловай гадоў

Святлана і Сяргей мясцовыя. Яна – з Чыжахі, а ён – з Жукаўца.

– Дзе пазнаёміліся? Традыцыйна – на дыскатэцы, – заўважаюць гаспадары. – Сустрэліся, пачалі сябраваць. А дзесьці праз год і вяселле згулялі. І вось разам ужо больш за 11 гадоў.

Вядома ж, захацелася пацікавіцца, у чым сакрэт-рэцэпт сямейнага шчасця.

– Напэўна, яго і няма. На наш погляд, галоўнае ў сям’і – знаходзіць кампрамісы, – зазначаюць гаспадары. – Дапамагаць адзін аднаму ва ўсім. І разумець, што складаная сітуацыя – гэта проста адзін з этапаў жыцця і з ім неабходна дастойна справіцца. І ведаеце, адзін з самых складаных перыядаў у сямейным жыцці – нараджэнне дзіцяці. Так, гэта вялікая радасць, але і значны стрэс і для таты, і для матулі. Неабходна зразумець, што дзіця – ваша будучыня і ў яго выхаванне неабходна ўкладаць часцінку душы. Бяссонныя ночы, турботы, клопаты – нязначныя дробязі ў параўнанні са шчаслівай усмешкай, радаснымі вачыма дачушак. Але адна справа нарадзіць, іншая – выгадаваць. А гэта – вельмі нялёгкая праца. Галоўнае ж у выхаванні дзетак: паказваць уласны прыклад.

І мы з упэўненасцю можам сказаць: шматдзетная сям’я = шчаслівая сям’я!

Тры дачушкі

У Сяргея і Святланы тры дачушкі. Дзень у Святланы распланаваны па хвілінах: прыгатаваць сняданак, сабраць дзяцей у школу, садок, не паспела азірнуцца – час абеду… Ды і за малодшай гарэзай Ксеніяй неабходна сачыць, забаўляць. Кожнаму трэба ўдзяліць час. Як усё паспець?!

– Мне пашчасціла з мужам! Ён ва ўсім дапамагае. Няма такога, што, маўляў, “твая” і “мая” работа. Па меры магчымасцей імкнёмся дапамагаць адзін аднаму. А інакш і нельга спраўляцца і з выхаваннем дзетак, і з хатнімі справамі, і з работай! Ці думалі, што будзем шматдзетнай сям’ёй? Я і сама са шматдзетнай сям’і, — дадае Святлана. – І, як ні дзіўна, у маіх матулі і таты – таксама тры дачушкі, як і ў нас з мужам.

Разважлівая Дар’я

Самая старэйшая ў сям’і – Дар’я. Яна вучаніца трэцяга класа другой гарадской школы.

– Са школьных прадметаў мне больш за ўсё падабаюцца фізкультура, руская мова і літаратура. Таксама люблю маляваць, спяваць, танцаваць, ствараць на занятках па працоўным навучанні, – расказвае дзяўчынка. – І чытаць! Бяру кніжкі і ў школьнай бібліятэцы, і ў раённай, куды хаджу з матуляй. А яшчэ – дапамагаю матулі з хатнімі справамі.

– Так, Дар’я і Паліна – мае галоўныя памочніцы. Дапамагаюць з хатнімі справамі. І з Ксеніяй праводзяць час, — дадае Святлана.

Дапытлівая Паліна

Паліна наведвае дзіцячы садок. Разважлівая, удумлівая, камунікабельная і дапытлівая дзяўчынка. Ёй падабаецца, здаецца, займацца ўсім: маляваць, ляпіць, бегаць…

– Мне вельмі падабаецца хадзіць у садок! Там мы спяваем, малюем, гуляем. А таксама вучымся. Восенню пайду ў першы клас, таму зараз рыхтуюся. Ужо ўмею лічыць, ведаю некаторыя літары і спрабую сама чытаць. На Новы год Дзядуля Мароз прынёс музычны Буквар. З дапамогай яго вучу літары.

Гарэзлівая Ксенія

Самая маленькая ў сям’і – Ксенія. 27 красавіка ёй споўніцца толькі 6 месяцаў. Дзякуючы Ксеніі, кожны дзень у сям’і знакавы і непаўторны: першая ўсмешка, першыя пакуль незразумелыя “размовы”, а хутка і першыя крокі, першыя словы…

– Мы вельмі рады, што ў нас такая вялікая сям’я, – дадаюць дзяўчынкі. – Нам ніколі не бывае сумна, бо мы ёсць адзін у аднаго.
І, сапраўды, бачна, што яны дружныя. Разам гуляюць каля дома, да прыкладу, у хованкі, даганялкі.

– І займаемся спортам, — дадаюць Паліна і Дар’я. – Некалькі разоў на тыдзень разам з татам ходзім у басейн.

На адной са сцен дома Апарэвічаў кідаецца ў вочы надпіс “Месца для шчасця – наш дом”! І, сапраўды, у гэтай сям’і жыве шчасце

Будаўнік і сацработнік

Сяргей – майстар на ўсе рукі, будаўнік. Таму ўсё ў доме, ды і сам дом (фундамент, страха, вокны) зроблены ўласнаручна. Сяргей выразае і вырабы з дрэва.

– Складана? Для мяне – не! Люблю гэтым займацца, таму і атрымліваецца, — дадае Сяргей. – Вядома ж, з задавальненнем будую наш дом, прадумваю ўсё да дробязей.

А Святлана – зараз у дэкрэтным водпуску. А да гэтага працавала сацыяльным работнікам.

– У мяне на абслугоўванні было 9 чалавек. Галоўнае – знайсці падыход да людзей. Здаецца, у мяне гэта атрымалася. Бо і зараз мае бабулі і дзядулі тэлефануюць, пытаюцца, як справы. Віншавалі і з нараджэннем дачушкі. Прыемна, што ў нас склаліся “цёплыя” адносіны.

А іначай і не магло быць. Аказваецца, у Святланы ў радні многія жанчыны працуюць у сацыяльнай службе. Матуля Ала Шмэрка, нягледзячы на тое, што на пенсіі, шчыруе сацработнікам у Чыжасе. Свякроў Ларыса Апарэвіч – у Жукаўцы. І нават сястра Алена працуе ў Беразіно сядзелкай.

– У нас, можна сказаць, дынастыя, — заўважае Святлана. – І праца падабаецца, бо любім дапамагаць людзям.

Уласны дом ці кватэра?

Апарэвічы адной камандай, дружна і весела, будуюць уласны дом.

– Доўгі час жылі ў інтэрнаце, затым здымалі жыллё. А пасля вырашылі, што патрэбна мець свой вугал, – расказваюць гаспадары. – Узялі крэдыт. Было няпроста. Але мы марылі пра ўласны дом. Таму паступова спраўляліся і спраўляемся з цяжкасцямі на шляху да мары. Калі пачыналі будоўлю, у нас было двое дзетак. А калі сталі шматдзетнай сям’ёй, то частка крэдыту “спісалася”. Прыемна, што дзяржава так падтрымлівае шматдзетныя, маладыя сем’і. Мы і зараз працягваем будоўлю. Спраў хапае. Не паверыце, засяліліся ў дом, калі тут былі, як кажуць, толькі “чарнавыя” сцены і столь, нават шпалеры не былі паклеены. Затым паступова рабілі рамонт. Спачатку абсталявалі дзіцячы пакой, праз час – іншыя. Галоўнае – паставіць мэту. І настойліва ісці да яе.

– Мы з самага пачатку ведалі, што абавязкова будзем будаваць дом. Каб быў прысядзібны ўчастак, дзе можна дзеткам бегаць, гуляць. Ды і шматдзетнай сям’і ў доме – прастора! – дадаюць гаспадары.

Заўважаю, што дома ў сям’і Апарэвічаў шмат розных кветак.

– Мне падабаецца іх вырошчваць, – заўважае Святлана. – Пакуль не так шмат, як хацелася б, але паступова аранжарэя папаўняецца. Люблю фіялкі, архідэі, гладыёлусы. Як толькі добраўпарадкуем тэрыторыю вакол дома, абавязкова разаб’ём і кветнік.

– А яшчэ, як дабудуем дом, абавязкова завядзём сабачку, маленькага, беленькага і пушысценькага, — расказалі аб сваёй мары Дар’я і Паліна. – І самі будзем яго даглядаць. Справімся! У нас дома, у акварыуме, ужо жывуць дзве чарапашкі. Таму пэўны вопыт у зносінах з жывой прыродай маем.

Вялікдзень і Дзень Перамогі

Самае любімае свята ў сям’і Апарэвічаў – Вялікдзень! І да яго ўжо пачалі рыхтавацца.

– Абавязкова фарбуем яйкі, свякроў і маці пякуць смачныя кулічы, а я пакуль вучуся ў іх гэтаму майстэрству. На Вялікдзень збіраемся разам у маці альбо свекрыві. Увогуле, любім праводзіць час вялікай сям’ёй у вёсцы. І Дзень Перамогі для нашай сям’і – асаблівая памятная дата, – расказвае Святлана. – Збіраемся ў Жукаўцы. Прыходзяць суседзі, родныя, блізкія. Спяваем песні ваенных часоў, расказваем дзецям пра жудасныя гады ліхалецця. Каб яны ведалі нашу гісторыю!

Што самае галоўнае ў сям’і?
Каханне. Але яго неабходна падтрымліваць «дрывамі» з павагі, узаемаразумення і цярпення. Інакш яно хутка згасне.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *