Гаспадарку вялікім малаком не сапсуеш

Стаўка ў малочнай жывёлагадоўлі вось ужо каторы год запар робіцца на сучасныя малочнатаварныя комплексы і фермы з даільнымі заламі і робатамі. Новыя тэхналогіі павялічваюць вытворчасць працы, дапамагаюць справіцца з дэфіцытам кадраў і справядліва лічацца галоўнай крыніцай даходаў сельгаспрадпрыемстваў і вяскоўцаў. Летась тут было атрымана амаль 5 мільёнаў тон малака, а прадукцыйнасць жывёлы выйшла на 5 811 кілаграмаў. Прыбаўка прадукцыі, на першы погляд, значная, аднак чаму яна не радуе жывёлаводаў?

Работнікі ферм адразу зразумелі: каб малочныя рэкі не мялелі і раслі даходы, недастаткова ўсяго толькі новай фермы і абсталявання, трэба яшчэ строга кіравацца пэўнай тэхналогіяй і рэгламентам, а значыць, працаваць над высокапрадукцыйным статкам і кармавой базай, нацэліць людзей на новы ўзровень і культуру работы. А гэта далёка не проста.

Спадзяванні на “саламанку”

– Сёння мала на ферме ўстанавіць камп’ютар і аптымізаваць штат жывёлаводаў, – зазначае дырэктар ААТ “Пагосцкі” Наталля Сокал, – каб выйсці на планавы надой не ніжэй за 7 тысяч кілаграмаў малака на карову. Трэба штогод рупіцца над павелічэннем прадукцыйнасці статка і не цурацца новаўвядзенняў.

— Корманарыхтоўчая кампанія абяцае стаць знакавай, — гаворыць Карына Аруцюнян

У гаспадарцы дзейнічае сучасны малочнатаварны комплекс “Лешніца”. Пабудаваны ён у 2013 годзе за крэдытныя сродкі Банка развіцця. І сёння гаспадарка спраўна штомесяц пералічвае туды 13 тысяч рублёў. Грошай ад рэалізацыі малочнай прадукцыі хапае і на дастойныя заробкі работнікаў комплексу. Яны вагаюцца ў залежнасці ад пасады, ад 440 рублёў – у вартаўніка да 1470 рублёў – у аператара машыннага даення. Летась на комплексе валавая вытворчасць малака дасягнула 2901834 кілаграмы, а надой на рагулю – 4639 кілаграмаў. Палова атрыманай прадукцыі рэалізоўвалася перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам, а яшчэ трэць – гатункам “экстра”. Належная якасць малака дазволіла павялічыць цану яго рэалізацыі да 697 рублёў 50 капеек. Аднак нядрэнныя даходы ўсё ж такі пакуль не пакрываюць неабходныя затраты.

– Дзейнасць комплексу ліхаманяць шматлікія праблемы – ад недахопу кадраў да неабходнасці паляпшэння кармавой базы, – прызнаецца Наталля Уладзіміраўна. – У гаспадарку востра патрабуюцца тэхнік-селекцыянер, ветурачы, ды і няма лавы запасных з ліку аператараў машыннага даення. Не хапае сродкаў, каб збалансавана і якасна накарміць статак у 750 галоў.

Таму сёлета ў ААТ “Пагосцкі” кардынальна перагледжаны падыход да кармавой базы. Замест канцэнтратаў павялічаць долю ў рацыёне травяных кармоў з вялікім утрыманнем бялку.

– Мы нават рызыкнулі і пасеялі гарох нямецкага гатунку “саламанка”, – тлумачыць Наталля Уладзіміраўна, – каб у пэўнай меры замяніць канцэнтраты на якасны пашавы корм ці зялёную масу. Гэта дазволіць істотна сэканоміць, наладзіць для жывёлы свое-асаблівы курс аздараўлення і атрымаць большы прыбытак. Мы ж такім чынам зможам нарасціць малочную вытворчасць і зменшыць кошт кармоў на 10-15%.

Увага – корманарыхтоўцы

Прыклад ААТ “Пагосцкі” ў плане змянення севазвароту і перспектыў развіцця комплексу варты пераймання для гаспадарак раёна, чые малочнатаварныя фермы абсталяваны даільнымі заламі. Такіх буйных ферм налічваецца 14. Там утрымліваецца 6796 кароў альбо 70% дойнага пагалоўя раёна. На 1 красавіка маецца нядрэнная прыбаўка валавой прадукцыі і прадукцыйнасць статка ў 1205 кілаграмаў. Аднак нават запаветны плюс у 241 кілаграм не дазволіў бярэзінскім жывёлаводам выйсці на сярэднеабласны і рэспубліканскі паказчыкі. Сярэдні надой па вобласці на падобных фермах у першым квартале – 1572 кілаграмы. У гэтым спісе бярэзінцы апярэджваюць вілейскіх, крупскіх і мядзельскіх жывёлаводаў.

Прыклад МТК «Лешніца» варты для пераймання ў плане павышэння надояў і росту вытворчасці малака

– Асноўны рэзерв для выхаду з сітуацыі – у паляпшэнні кармавой базы, – зазначае выконваючая абавязкі начальніка райсельгасхарчу Карына Аруцюнян. – Таму сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія для бярэзінскіх аграрыяў абяцае стаць асаблівай і знакавай. Дзеля нарыхтоўкі кармоў належнай якасці будзе наладжаны пільны кантроль за закладкай сенажу і сіласу. Ужо вядзецца перазалужэнне паш і сенажацяў на карысць бабовых культур. Сёлета ўвялі ў севазварот новую культуру – кантры, якая нечым падобна на вядомы райграс. Узяты курс на паляпшэнне кармавой базы станоўча ўспрымаецца кіраўнікамі, спецыялістамі і працаўнікамі гаспадарак. Яны рэальна ўсведамляюць, што іншага выйсця ў сучасных эканамічных умовах няма, бо трэба ўмела расходаваць сродкі і атрымліваць прыбытак, каб забяспечыць развіццё гаспадаркі і рост заробку.

Мілана Трапянок. Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *