Гавораць падпісчыкі. Л. Толкач: “Бярэзінская панарама” яднае нас!”

8 Сакавіка – час падарункаў! Калектыў рэдакцыі таксама дорыць падарункі сваім сябрам-падпісчыкам. Чарговая пераможца нашага розыгрышу — лідар прафсаюзнага руху Бярэзіншчыны Людміла Толкач.

— Шчыра прызнаюся, вельмі нечакана і прыемна, што і я сярод пераможцаў розыгрышу, — заўважае Людміла Толкач. – Выйграны абанемент у басейн планую падарыць. Зрабіць нечаканы і прыемны сюрпрыз да свята. Каму? Пакуль дакладна не вызначылася. Думаю – ветэранам працы нашай галіны

-“Бярэзінская панарама” – любімая газета ўсёй нашай сям’і! Як даўно выпісваю я? Ды колькі сябе памятаю, з самага дзяцінства, – пачынае гутарку Людміла Іванаўна. – Сама я мясцовая, з Бярэзіншчыны. Пэўны час жыла ў Чэрвеньскім раёне, але, прыязджаючы да бацькоў, заўсёды чытала раёнку, знаёмілася з навінамі малой радзімы.

Людміла Іванаўна – актыўная, пазітыўная жанчына, прафесіянал з вялікай літары. Яна 6 гадоў была загадчыцай дзіцячага садка нумар 1 горада Беразіно. А апошнія гадоў шэсць – старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі.

— Таму я не толькі чытаю газету, але і цесна супрацоўнічаю з калектывам рэдакцыі, — дадае Людміла Іванаўна. – Мы абавязкова віншуем праз газету. І нашым людзям прыемна такая ўвага! Большасць выпісвае газету. І затым, калі бачаць віншаванне, тэлефануюць, дзякуюць за тое, што памятаем пра іх. Ветэранаў у нашай галіне вельмі шмат, мы клапоцімся пра кожнага з іх… Удзячны ім і сённяшнім педагогам, што столькі ўклалі і ўкладаюць у сістэму адукацыі, выхаванне падрастаючага пакалення, таму і праз любімую раёнку хочацца выказаць ім словы падзякі за плённую працу. Вось і да 8 Сакавіка падрыхтавалі ім віншавальную паштоўку. У сувязі з пандэміяй у нас не будуць наладжвацца масавыя мерапрыемствы. Але ў кожным калектыве пройдуць невялікія канцэрты, куды абавязкова будуць запрошаны і ветэраны педагагічный працы. Калі хтосьці не зможа прыйсці, прафсаюзны актыў разам з вучнямі павіншуе ветэранаў дома.

Пра што люблю чытаць больш за ўсё? Бясспрэчна, пра адукацыю. Чытаю і перачытваю артыкулы пра нашых слаўных педагогаў, вучняў, радуюся іх перамогам. Я люблю людзей, што працуюць у адукацыі. Яны асаблівыя: інтэлігентныя, церпялівыя, уважлівыя, міласэрныя… Пра кожнага можна напісаць артыкул, ім ёсць пра што расказаць, чым падзяліцца. Усе педагогі ўкладваюць у вучняў часцінку сябе, сваёй душы… Дзякуй вялікі за плённую працу! І я ганаруся, калі пра іх расказвае “Панарама”. Перапаўняе радасць, калі ў героях матэрыялаў я пазнаю былых сваіх выхаванцаў. Бо за час работы ў дзіцячым садку мы выпусцілі ў дарослае жыццё шмат дзетак. Многія зараз дастойна шчыруюць на карысць нашага раёна, краіны, вобласці. І так прыемна “сустракацца” з імі на старонках газеты.

Прыносяць асалоду і матэрыялы пра ветэранаў працы, юбіляраў, плённых працаўнікоў, сем’і нашага раёна. Іншы раз чытаю артыкул, здаецца, і ведаю, да прыкладу, гэтую сям’ю. Але праз газету быццам знаёмлюся па-новаму! Ды і ўвогуле, дзякуючы “Бярэзінскай панараме”, мы знаёмімся з жыццём раёна, з людзьмі, якія тут жывуць і ствараюць. Прайшло свята, мерапрыемства – абавязкова чытаю артыкул, адзначылі кагосьці граматай, дыпломам – зноў жа даведаюся пра гэта з любімай газеты, прайшла акцыя – раёнка раскажа! Дзякуючы газеце, незнаёмыя да гэтага людзі становяцца знаёмымі. Менавіта “Бярэзінская панарама” яднае нас, жыхароў Бярэзіншчыны. Упэўнена, у газеце кожны знойдзе тое, што можа зацікавіць.

З задавальненнем чытаю матэрыялы пад рубрыкамі “Пасля падзеі”, “Юбіляры”, “З нагоды”, “Ведай нашых”, “#дзякуймедыкам”. Даспадобы і гістарычныя артыкулы, дзе ідзе гаворка пра наша мінулае. Гэта — наша памяць, якую мы павінны захоўваць і перадаваць падрастаючаму пакаленню.

Людміла Толкач не толькі выпісвае газету, але і знаёміцца з навінамі на сайце раёнкі, у сацыяльных сетках.

— Так, на сайце газеты, у сацыяльных сетках люблю глядзець здымкі, аператыўна знаходзіць навіны, — заўважае Людміла Іванаўна. – Але менавіта артыкулы – чытаю толькі ў “жывой” газеце. Бо калі прачытаў артыкул у газеце, то ён надоўга застаецца ў памяці. Ды і ў любы час можна перагkедзець яго, пачарпнуць патрэбную інфармацыю. У мяне нават ёсць своеасаблівы архіў “Бярэзінскай панарамы”, дзе змяшчаюцца найбольш каштоўныя матэрыялы. І большасць з іх — пра нашых педагогаў і вучняў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *