Генерал-лейтэнант з Бярэзіншчыны (малавядомыя старонкі біяграфіі)

У час Вялікай Айчыннай вайны два ўраджэнцы Беларусі ўзначальвалі войскі франтоў. Гэта генерал-палкоўнік Фёдар Кузняцоў і генерал-палкоўнік Васіль Сакалоўскі, які з чэрвеня 1946 года стаў Маршалам Савецкага Саюза. Яшчэ тры ўраджэнцы Беларусі былі намеснікамі камандуючага войскамі розных франтоў — В.Д. Сакалоўскі, Ф.І. Кузняцоў і наш зямляк, намеснік камандуючага войскамі Сталінградскага фронту (ліпень-верасень) і Данскога фронту (верасень-кастрычнік 1942 года) генерал-маёр Кірыла Аляксеевіч Каваленка.

Калі жыццёвы шлях Ф.І. Кузняцова і В.Д. Сакалоўскага добра вядомы, то ў біяграфіі К.А. Каваленкі шмат “белых плям”. Нават некаторыя энцыклапедыі засакрэцілі яго пасады.

Родам з Багушэвіч

Кім жа ён быў? Малая радзіма Кірылы Аляксеевіча – мястэчка Багушэвічы Ігуменскага павета (цяпер аграгарадок Багушэвічы Бярэзінскага раёна). Тут 31 сакавіка 1891 года пачаўся яго жыццёвы шлях. У 1910 К. Каваленка скончыў настаўніцкую семінарыю ў горадзе Холм Люблінскай губерні, а ў кастрычніку 1919 – два курсы Мінскага настаўніцкага інстытута.

Першая сусветная

У час Першай сусветнай вайны К. Каваленка служыў у радах Рускай імператарскай арміі і закончыў вайну ў раёне Дзвінска ў званні паручніка, начальніка кулямётнай каманды. Ваяваў на Заходнім і Паўночна-Заходнім франтах, у студзені 1918-га быў дэмабілізаваны. К. Каваленка ўзнагароджаны ордэнам Святой Ганны IV ступені з надпісам “За храбрасць” і Георгіеўскім крыжам з лаўравай галінкай.

У пачатку грамадзянскай вайны Кірыла Аляксеевіч пражываў у Багушэвічах, працаваў народным настаўнікам у вёсцы Угалец Пухавіцкай воласці, затым настаўнічаў на Бярэзіншчыне ў вёсцы Мурава Белічанскай воласці.

К. Каваленка – адзін з высокаадукаваных генералаў Чырвонай Арміі, бо за яго плячыма, акрамя семінарыі і настаўніцкага інстытута, было Адэскае пяхотнае вучылішча (1915), Стралкова-тактычныя курсы ўдас-анальвання камсастава Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі імя III Камінтэрна (1926), двухмесячныя курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу (1929), Ваенная акадэмія імя М.В. Фрунзе (1934).

Ад камандзіра ўзвода да генерал-маёра

У 1920-1921 гадах Кірыла Аляксеевіч прайшоў многія ступені ваеннай кар’еры. Так, у маі ён быў прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі і прызначаны камандзірам узвода, затым служыў памочнікам камандзіра і камандзірам узвода, роты, батальёна. У час польска-савецкай вайны 1920 года ўдзельнічаў у наступальных аперацыях пад Беластокам і Гродна.

У жніўні 1921 года яго назначылі памочнікам камандзіра вучэбнага кадравага палка ў складзе Маскоўскай ваеннай акругі, а з 1922 ён служыць у 6-й Арлоўскай стралковай дывізіі. Потым да 1931 года Кірыла Аляксеевіч быў памочнікам камандзіра 17-га стралковага палка, памочнікам камандзіра і камандзірам 16-га стралковага палка.

У 1931-1939 гадах К. Каваленка – памочнік інспектара пяхоты Чырвонай Арміі, начальнік сектара баявой падрыхтоўкі, інспектар пяхоты, а з лютага 1940 — старшы інспектар 1-га аддзела Упраўлення начальніка пяхоты Чырвонай Арміі, у жніўні 1940 — намеснік галоўнага інспектара пяхоты.

У чэрвені 1940 года К. Каваленку было прысвоена званне генерал-маёра.

І Смаленск, і Сталінград

Вялікая Айчынная вайна застала Кірылу Аляксеевіча на службе ў Галоўным упраўленні фарміравання і камплектавання Чырвонай Арміі. 27 чэрвеня 1941 года. яго назначылі камандзірам 242-й стралковай дывізіі 30-й арміі Заходняга фронту, якая 15 ліпеня 1941 года была ўключана ў Фронт рэзервовых армій і несла абарончыя работы ў раёне Смаленска, удзельнічала ў Смаленскай бітве.

28 ліпеня ў баі ля мястэчка Батурына камдзіў К. Каваленка быў паранены, але застаўся ў страі. 28 жніўня яго зноў цяжка паранілі і эвакуіравалі ў шпіталь, дзе ён знаходзіўся да 25 студзеня 1942 года.

У лютым-ліпені гэтага ж года Кірыла Аляксеевіч праходзіў службу ў Галоўным упраўленні фарміравання і камплектавання Чырвонай Арміі на пасадах намесніка начальніка і выконваючага абавязкі начальніка Упраўлення інспектавання і падрыхтоўкі фарміруемых стралковых часцей і злучэнняў. 27 ліпеня 1942 года ён назначаны намеснікам камандуючага войскамі Сталінградскага фронту генерал-палкоўніка А.І. Яроменкі.

З 21 жніўня па пачатак верасня 1942 года К. Каваленка ўзначальваў аператыўную групу Сталінградскага фронту, арганізаваў шэраг контрудараў па часцях 14-га нямецкага танкавага корпуса, які прарваўся да Волгі на поўнач ад Сталінграда. Пра ўдзел нашага земляка ў тых бітвах мы можам знайсці інфармацыю ў мемуарах камандуючага войскамі Сталінградскага фронту генерал-палкоўніка Андрэя Яроменкі, камандуючага 62-й арміяй Сталінградскага фронту Васіля Чуйкова, начальніка штаба 62-й арміі Мікалая Крылова.

Адначасова з абавязкамі намесніка камандуючага войскамі Сталінградскага фронту К. Каваленка з 10 па 30 верасня 1942 года выконваў абавязкі і начальніка штаба фронту.

Загадам Стаўкі галоўнакамандуючага ад 28 верасня 1942 года К. Каваленка вызвалены ад пасады начальніка штаба Данскога фронту і назначаны намеснікам камандуючага войскамі фронту. Дакумент падпісаны І. Сталіным і А. Васілеўскім. Названым рашэннем Стаўкі Сталінградскі фронт быў перайменаваны ў Данскі. Кірыла Аляксеевіч заставаўся намеснікам камандуючага войскамі гэтага фронту генерал-лейтэнанта К.К. Ракасоўскага.

На службе ў Маскве

12 кастрычніка 1942 года К. Каваленка быў выкліканы ў Маскву і назначаны выконваючым абавязкі галоўнага інспектара – начальніка Упраўлення інспектавання і падрыхтоўкі фарміруемых стралковых часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі (з 11 лістапада 1943 года – упраўленне інспектавання і баявой падрыхтоўкі запасных і навучальных стралковых часцей).

Кірыла Аляксеевіч стаў аўтарам і распрацоўшчыкам вучэбных дапаможнікаў для стралковых часцей, быў членам камісій па распрацоўцы Палявога і баявых статутаў, а таксама Статута ўнутранай службы і Дысцыплінарнага статута.

Пасля вайны Кірыла Аляксеевіч выконваў абавязкі начальніка Галоўнага ўпраўлення ўсеагульнага ваеннага навучання, начальніка Упраўлення ўсеагульнага ваеннага навучання Галоўнага штаба Сухапутных войск. А 5 ліпеня 1946 года яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта, у лістападзе 1947 года ён быў звольнены ў запас.

Яго прозвішча носіць вуліца

Кірыла Аляксеевіч адзначаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, многімі баявымі медалямі. Яго не стала праз тры дні пасля 35-годдзя Вялікай Перамогі, 12 мая 1980 года, на 90-м годзе жыцця.

Імя таленавітага ваеначальніка, баявога саратніка вядомых савецкіх палкаводцаў, аднаго з творцаў Вялікай Перамогі К. Каваленкі ўвекавечана на яго малой радзіме: у аграгарадку Багушэвічы адна з вуліц носіць яго імя.

Маршал Савецкага Саюза А. Васілеўскі ў сваёй кнізе “Справа ўсяго жыцця” піша пра Кірылу Каваленку: “В течение 23 и ночи на 24 августа (1942 года – аўт.) у Самофаловки под управлением нового заместителя командующего Сталинградским фронтом генерал-майора К.А. Коваленко, которого я ранее знал по совместной работе в наркомате, была создана ударная группа из трёх стрелковых дивизий, танковой бригады и 28-го танкового корпуса… Группа войск генерала К.А. Коваленко в ночь на 24 августа разгромила вражеские части, попавшие под её удар, и к утру вышла к Большим Россошкам, где соединилась с частями 62-й армии…»

Эмануіл ІОФЕ,
прафесар,
доктар гістарычных навук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *