Героі праекта «Пандусы жыцця» — дзеткі з карэкцыйнага цэнтра

Многія ведаюць, што ў Беразіно ёсць унікальны цэнтр рэабілітацыі і навучання, дзе займаюцца дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як тут наладжаны навучальны працэс, як праходзіць рэабілітацыя, ці падабаецца дзеткам наведваць установу?!

Прапануем разам зазірнуць у цэнтр. Героі чарговага выпуску праекта – дзеці, якія праходзяць навучанне ў цэнтры. І, вядома ж, сам калектыў установы – чуллівыя, адкрытыя настаўнікі і выхавальнікі, прафесіяналы сваёй справы.

Цэнтр аказвае раннюю комплексную дапамогу для немаўлят: ад 0 да 3 годзікаў.

Зроблена з пяшчотай

Знаходзіцца цэнтр у адным будынку з дзіцячым садком “Крынічка”.

Людміла Чакрыжова працуе дырэктарам цэнтра 18 гадоў. – Дапамагаем дзеткам у сацыялізацыі, – заўважае Л. Чакрыжова. – Яны – творчыя, актыўныя, пазітыўныя. Але, у кожнага свой характар, тэмперамент, таму да кожнага неабходна знайсці падыход.

– І гэта цудоўна! – заўважае дырэктар цэнтра Людміла Чакрыжова. – Нашы выхаванцы ўзаемадзейнічаюць з наведвальнікамі дзіцячага садка. Разам гуляюць падчас прагулак. Дружна, весела, адной камандай мы праводзім мерапрыемствы, святы. Такім чынам асаблівыя дзеткі не адчуваюць сябе пакінутымі. Прыемна адзначыць, што хлопчыкі і дзяўчынкі з садка сябруюць з нашымі навучэнцамі, адносяцца да іх з павагай. І вось гэта інклюзія садзейнічае таму, што наведвальнікі цэнтра не знаходзяцца ў нейкім вакууме.

Заўважаем, што ў цэнтры і каля яго ўсё зроблена для дзетак з любоўю. Прычым, прадумана так, што тут могуць займацца хлопчыкі і дзяўчынкі з рознымі захворваннямі. Абсталяваны пандус. Надпісы на класах, санвузле зроблены спецыяльным шрыфтам Брайля – для людзей з парушэннямі зроку.

Асноўны накірунак дзейнасці цэнтра – арганізацыя навучальнага працэсу для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Пры ўваходзе ў клас – некалькі стэндаў. Да прыкладу, “Нашы дасягненні”, дзе размяшчаюцца фотаздымкі, на якіх дзеткі займаюцца маляваннем, пішуць, ствараюць вырабы. Ёсць і стэнд “Супрацоўніцтва з бацькамі”. Тут знаходзіцца вялікая кветка, у пялёстках якой – фотаздымкі дзетак. А побач – матылькі, што сімвалізуюць удзячнасць. Дзеткі разам з выхавальнікамі выказваюць словы падзякі бацькам за ўдзел у культурна-масавых, забаўляльных, спартыўных мерапрыемствах… Бачна, што ў цэнтры наладжана цесная сувязь з бацькамі.

Праходзяць навучанне 7 дзетак

Для аднаго з іх навучанне і карэкцыйная дапамога праводзяцца дома (пражывае ў вёсцы Якшыцы).

– Прыходзіць настаўнік-дэфектолаг тры разы на тыдзень. А ў самім цэнтры займаюцца не толькі дзеткі з Беразіно, але і з раёна. Для іх наладжаны штодня падвоз у цэнтр, – дадае Людміла Уладзіміраўна. – У нас праходзяць навучанне асобы да 18 гадоў. Затым, калі ёсць жаданне, яны наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН.

Распарадак дня амаль нічым не адрозніваецца ад дзіцячага садка. Дзеткі прыходзяць у групу, затым – снедаюць. Пасля – навучальны працэс. Заняткі праводзіць настаўнік-дэфектолаг, у памочніках яго – выхавальнік. Урокі скончыліся – і надыходзіць час дадатковай дзейнасці. Выхаванцы лепяць, займаюцца выяўленчым мастацтвам, выконваюць фізічныя практыкаванні. Дарэчы, заўважыла, што ў цэнтры шмат развіваючых гульняў, цацак, крэатыўная “гульнявая” зона.

Праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Народныя промыслы”

Калі зазірнула ў цэнтр, праходзілі заняткі аб’яднання па інтарэсах “Народныя промыслы”.

– Усе дзеткі творчыя. І наша задача – да кожнага знайсці падыход, раскрыць той альбо іншы талент, – заўважыла кіраўнік аб’яднання Наталля Казлоўская.

Працуе для дзетак і яшчэ адно аб’яднанне па інтарэсах “Волшебные ручки”.

– Заняткі накіраваны на рэабілітацыю і сацыялізацыю дзетак, — дадае кіраўнік аб’яднання Іна Чорная. – Заняткі праходзяць у групах. Выразаем з каляровай паперы, кардону, малюем, клеім… Да свят рыхтуем падарункі блізкім, родным. Так, бывае складана навучыць дзетак. Але калі я бачу, што заняткі ім прыносяць асалоду, яны шчаслівыя, я таксама радуюся. Іх поспехі дорыць і мне шчасце.

Лепшыя вырабы, створаныя выхаванцамі ўласнаручна, афармляюцца ў выставы.

– Прымаем удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, – заўважае Людміла Уладзіміраўна.

Дарэчы, некаторыя творчыя работы можна паглядзець пры ўваходзе ў цэнтр.

Індывідуальны падыход

Самая дарослая ў цэнтры – Вікторыя Рабкевіч. Яна – вучаніца 6 класа.

– Вікторыя наведвае цэнтр з маленства. Спачатку матуля яе прыводзіла на заняткі па ранняй комплекснай дапамозе, затым дзяўчынка перайшла ў дашкольную групу. І, ведаеце, заўважаем, як яна мяняецца. Радуемся яе поспехам і ў вучобе. Разам адточваем, развіваем навыкі самаабслугоўвання, — дадае настаўнік-дэфектолаг Лілія Гоман.

Яраслаў Сяліцкі — трэцякласнік, а Арцём Марук – першакласнік.

– Для дзетак з аўтызмам створана спецыяльнае навучальнае асяроддзе. Абсталявана месца для навучання, якое належыць толькі ім. Набыты гульнявыя, метадычныя дапаможнікі, з якімі займаюцца толькі яны. Бо дадзеная катэгорыя дзетак – не любіць змен, — заўважае Л. Гоман.

Арцём Марук займаецца з настаўнікам-дэфектолагам Ліліяй Гоман

У цэнтры займаюцца і двое “сонечных” дзетак. Арцём Жораў – трэцякласнік. І першакласнік – Ягор Аўсіевіч.

– Хлопчыкі адкрытыя, актыўныя, камунікабельныя, пазітыўныя. Ягор у нас толькі першы год, але цудоўна ўпісаўся ў калектыў. Сябруе з усімі дзеткамі, ва ўсім імкнецца ім дапамагчы. А Арцём – наша сонейка. Усміхаецца, зараджае пазітывам. А яшчэ ён робіць шыкоўныя карціны з бісеру, – расказвае Лілія Гоман.

Арцём Жораў робіць карціны з бісеру разам з выхавальніцай Таццянай Паддубскай

Паліна Кандрашова – трэцякласніца.

– Сёлета Паліна асабліва радуе: асвоіла пісьмо, вывучыла лічбы, вучыць літары. Яна – вельмі старанная дзяўчынка. Увогуле, хочацца адзначыць, што ў кожнага з нашых наведвальнікаў заўважаем прагрэс у навучанні, развіцці, вып-рацоўцы навыкаў самаабслугоўвання, — дадае Лілія Гоман.

Заняткі аб’яднання па інтарэсах “Волшебные ручки” праводзіць Іна Чорная

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *