І ў старасці трымаецца бадзёра

Здаўна беларускія паэты апявалі прашчураў роднай зямлі, дзякуючы якім існуем сёння мы з вамі. І як карысна для моладзі паспець застаць жывымі хаця б сваіх бабулю з дзядулем, пагаварыць з імі па душах, распытаць пра мінулае. Упэўнены, што іх успаміны застануцца з намі назаўсёды. Пра свайго дзеда, Аляксандра Паўлавіча Салаўёва, праз якога захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне традыцыі ў нашай сям’і, я і хачу расказаць.

Дзядуля — не мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Валосава Талочынскага раёна, што на Віцебшчыне, і быў старэйшым хлопцам у сям’і калгаснікаў. Малодшы брат яго памёр ад тыфу, у жывых засталіся дзве сястры. Свайго бацьку памятае дрэнна — той таксама рана памёр. Затое жывыя ў Аляксандра Паўлавіча ўспаміны пра дзеда Івана. То быў дужы барадаты мужчына, ляснік. Маці Аляксандра была доўгажыхаркай, памерла ў 92 гады.

Мой дзядуля з пакалення людзей, якія бачылі вайну. Усё зведала іх сям’я: і блуканні, і голад. Дапамагла выжыць свая карова. Як кажа дзед: “Што ні елі, усё з малаком”.

Калі вайна скончылася, Аляксандр Паўлавіч, скончыўшы 6 класаў, пайшоў працаваць у калгас, як і многія іншыя дзеці з няпоўных сямей.

Будучы юнаком Саша сустрэў дзяўчыну-равесніцу, маю бабулю, якая, атрымаўшы спецыяльнасць зубнога фельчара, прыехала ў Валосава на адпрацоўку. Доўга сустракаліся, марылі аб тым, як будуць жыць далей. Урэшце, калі абавязковы тэрмін адпрацоўкі для Тамары закончыўся, пераехалі ў Беразіно, дзе сталі жыць у яе бацькоў.

На новым месцы дзядуля ўладкаваўся слесарам на аўтабазу. На той час гэта было адно з самых вялікіх прадпрыемстваў горада, дзе шчыравала каля 400 чалавек. Новага работніка хутка заўважылі і прапанавалі пасаду механіка. Неўзабаве нарадзілася і двое сыноў-пагодкаў. Сям’і выдзелілі двухпакаёвую кватэру.

Праз які час дзядуля перасеў за “абаранак” грузавога аўтамабіля, аб’ездзіў усю Беларусь. Хутка нарадзіўся і трэці хлопец. Дзеці сталелі, атрымлівалі адукацыю. Старэйшы сын адвучыўся на інжынера і зараз працуе ў Мінску. Сярэдні — стаў урачом. А малодшы шчыруе ляснічым у Пагосцкім лясніцтве.

Таму, што кожны з сыноў заняў сваё годнае месца ў жыцці, паспрыялі пераемнасць пакаленняў і спрадвечныя каштоўнасці Аляксандра Паўлавіча.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *