І. Лаўрыненка: “Раённыя газеты павінны існаваць”

Яшчэ адным пераможцам розыгрышу прызоў ад раёнкі стаў наш нядаўні падпісчык — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Лаўрыненка.

Ігар Лаўрыненка знаёміцца з чарговым нумарам газеты «Бярэзінская панарама»

 

— Газету “Бярэзінская панарама” пачаў выпісваць з таго часу, як стаў дэпутатам па Бярэзінскай акрузе. Дзякуючы раёнцы заўсёды ў курсе таго, што адбываецца на Бярэзіншчыне. Атрымліваю таксама крупскую і чэрвеньскую газеты, каб ведаць, што адбываеца ў цэлым па маёй выбарчай акрузе.

Сёлета ў лютым я ўдзельнічаў у рабоце дыялогавай пляцоўкі ў г. Чэрвені. Адно з пытанняў, якія там абмяркоўваліся, было стварэнне холдынгу з ліку раённых газет і “Мінскай праўды”.

Але асабіста я лічу, што газета павінна быць раённай, заставацца бліжэй да тых людзей, што жывуць у канкрэтным рэгіёне, адлюстроўваць мясцовыя падзеі. Менавіта так і адбываецца на прыкладзе “Бярэзінскай панарамы”.

Падчас гутарак з жыхарамі раёна, у ходзе правядзення прыёмаў, сустрэч у калектывах я бачу, што раённую газету чытаюць. Асабліва старэйшае пакаленне. Лічу, што выданне знаходзіцца на ўзроўні. І наколькі мне вядома, асаблівых праблем з падпіскай тут няма. Таму выкананне калектывам пастаўленых задач заслугоўвае станоўчай ацэнкі.

Калі гаварыць пра падзеі жніўня 2020 года, то ўжо відавочна, што мы недапрацавалі ў інфармацыйным плане. Асабліва гэта датычыць работы з моладдзю. Маладыя людзі сёння — у тэлеграм-каналах і чатах, што ствараюцца ў сацыяльных сетках.

Так, час мяняецца. І патрэбна некаторая пераарыентацыя ў падачы інфармацыі.

Сёння свет усё больш заваёўваюць электронныя сродкі масавай інфармацыі. Паралельна з газетай у кожным раёне існуюць тэлеграм-каналы, якія аператыўна змяшчаюць інфармацыю. Іншы раз яна дубліруецца ў раёнцы. Кепска гэта ці не? Лічу, што падобная з’ява апраўданая: у газеты і тэлеграм-канала свая аўдыторыя.

Ці ёсць будучыня ў газеты? Абавязкова. І галоўная яе задача – знайсці людзей той канкрэтнай мясцовасці, дзе яна выдаецца, і несці запатрабаваную чытачамі інфармацыю. У раённых газетах, магчыма, не трэба асвятляць шырока тое, што друкуюць рэспубліканскія выданні, а аддаваць перавагу мясцовым навінам.

Абанемент на наведанне басейна сям’і Якімовічаў перадае дырэктар Паплаўскай школы Алена Жаўняровіч

Прыемна адзначыць, што па выніках розыгрышу сярод падпісчыкаў і я трапіў у лік пераможцаў. А свой падарунак — абанемент на наведанне плавальнага басейна – я перадаў сям’і Якімовічаў з аграгарадка Паплавы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і з архіва Паплаўскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *