І мы жывём. І зноў вясну сустракаем…

Яркі сонечны май прынёс чарговую гадавіну Вялікай Перамогі. 76-ы год мы сустракаем мірную вясну, дарагое ўсім свята “са слязамі на вачах”, ізноў выказваем шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай
Айчыннай вайны, ушаноўваем памяць аб загінуўшых…

У жыццесцвярджальнай белай квецені вясенніх садоў, па-святочнаму ўпрыгожаная Бярэзіншчына рыхтавалася ўрачыста сустрэць Дзень Перамогі. У цэнтры ўвагі, як заўсёды, — ветэраны вайны. Ім прысвячаліся самыя шчырыя словы, для іх былі самыя прыгожыя кветкі, а героі-вызваліцелі дзяліліся ўспамінамі аб “саракавых франтавых”, дзякавалі дзяржаве, раённай уладзе, грамадскасці за ўвагу і падтрымку, з радасцю гаварылі аб тым, як папрыгажэў наш родны горад…

Парадны пінжак Галіны Магілка ўпрыгожвае вялікая колькасць ордэнаў і медалёў. З самых дарагіх – “За перамогу над Германіяй”, “За абарону Каўказа”. Яны, нібы машына часу, вяртаюць 98-гадовую жанчыну ў ліхі ваенны час, калі яна слаўна біла ворага ў складзе 744-га зенітна-ракетнага палка, прайшла з баямі праз родны Дагестан, Беларусь, Украіну і сустрэла вялікую Перамогу ў Берліне.

Парадны пінжак Галіны Ма-гілка ўпрыгожвае вялікая колькасць ордэнаў і медалёў

– Мы змагаліся і перамагалі дзеля шчасця нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. У гэтым і была наша вялікая моц. Няхай ніколі не забываюцца пра гэта нашчадкі! – гаворыць жанчына.

Паступова набліжаецца да 100-гадовага юбілею Сафія Стасевіч, якая дзяўчынкай дапамагала партызанам 340-га
атрада, што размяшчаўся ў вёсцы Дулебы.

Паступова набліжаецца да 100-гадовага юбілею Сафія Стасевіч

– Вайна забрала ў мяне братоў і бацьку, — зазначае жанчына. — Немцы спалілі бацькоўскую хату… Нікому не зычу спазнаць такое гора. Таму і заклікаю шанаваць мір!

Гадоў сваіх жанчына не лічыць. Дагэтуль рухавая, самастойна вядзе гаспадарку. А сілы бярэ ад прыгожых родных даляглядаў. За яе домам – хуткаплынная сінявокая Бярэзіна.

Сцяпан Буракоў у 1946-ым адзначыў дваццацігадовы юбілей. А за плячыма ў яго ўжо былі акупацыя, партызанская барацьба і вайна на перадавой. Не пералічыць, колькі подзвігаў здзейсніў гэты юнак. Забыцца пра іх не даюць ордэн Чырвонай Зоркі і шматлікія медалі. І сёння ў паважаным узросце ветэран у страі. Разам з дачкой Людмілай добраўпарадкоўвае ўласны дом, каб той прыгажэў і дарыў асалоду.

Сцяпан Буракоў у 1946-ым адзначыў дваццацігадовы юбілей

У снежні 1943 у няпоўныя васямнаццаць пайшоў на фронт Мікалай Ульянаў. Служыў дастойна, сумленна і старанна працаваў у мірны час у сельскай гаспадарцы. Дагэтуль яго як слаўнага вадзіцеля добрым словам успамінаюць і не забываюць павіншаваць з Днём Перамогі ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”.

У снежні 1943 у няпоўныя васямнаццаць пайшоў на фронт Мікалай Ульянаў

Настасся Касаткіна прыехала ў Беразіно з далёкай Удмуртыі. Яна — ветэран тылу, якая кавала перамогу на Іжэўскім заводзе. Бярэзінскі край стаў для жанчыны родным і дарагім, бо тут не толькі клапоцяцца пра ветэрана, але і ўшаноўваюць яе подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Настасся Касаткіна прыехала ў Беразіно з далёкай Удмуртыі

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *