Што трапіла ў поле зроку аглядавай камісіі Паплаўскага сельвыканкама, альбо Як бярэзінцы да зімы падрыхтаваліся?

Для членаў аглядавых камісій, якія існуюць пры кожным сельвыканкаме, з пачаткам восені наступае чарговы этап узмоцненай работы. Дзякуючы іх аператыўнасці, абавязковаму імкненню дайсці да кожнага домаўладальніка, пільнаму кантролю за ўмовамі іх пражывання ў многім залежыць пажарнае становішча ў рэгіёне ў бліжэйшы зімовы сезон, утульнасць пражывання саміх грамадзян.

У полі зроку членаў аглядавай камісіі Паплаўскага сельвыканкама пры арганізацыі такой работы ў першую чаргу знаходзяцца мнагадзетныя сем’і, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, асобы з асацыяльным ладам жыцця, жыхары аддаленых вёсак. Менавіта па такіх адрасах мы і адправіліся ў адзін з кастрычніцкіх дзён.
Якраз у першым з наведаных дамоў у в. Новіны мы сустрэлі дзвюх адзінока пражываючых састарэлых сясцёр Бабіновіч. Зразумела, што ім, жанчынам ва ўзросце, няпроста ўтрымліваць у належным стане сваё жыллё і прысядзібны ўчастак. Таму пакоі патрабуюць касметычнага рамонту. Неабходна таксама замяніць электрычны ўвод да дома. Для выканання “мужчынскай работы” кабеты звяртаюцца па дапамогу да брата. Ён у адзін з бліжэйшых візітаў да іх з Чэрвеня паабяцаў давесці да ладу печку.
На вуліцы Садовай зазірнулі мы да адзінокай Г.С. Лагоўскай. Няпроста ёй змагацца з праблемамі. Але яна, па магчымасці, вырашае іх, падтрымлівае парадак. Ды і аб пажарнай бяспецы клапоціцца: устанавіла апавяшчальнік.
Менш прывабны малюнак назіралі мы ў А.М. Зайкоўскага. Асноўныя патрабаванні да гаспадара – адрамантаваць печку і ўстанавіць апавяшчальнік. Тут патрабуецца і належны касметычны рамонт пакояў, толькі, відаць, наступіць ён вельмі няхутка.
Н.А. Ермакова пражывае ў калгасным доме. Здадзены ў эксплуатацыю ён быў ужо даўно. Але вось давесці стан пакояў да таго, каб набылі яны прыгажосць, тут асабліва не спяшаюцца – сцены месцамі так і засталіся непафарбаванымі і непаклеенымі, глядзяць на гаспадароў шэрай тынкоўкай. А ў сям’і ж малыя дзеткі!
Наведаліся члены аглядавай камісіі і да дзвюх мнагадзетных сем’яў – В.В. Каваленкі і В.В. Джуган. Што можна сказаць? Колькасць дзяцей, нават калі ў некаторых з іх ёсць праблемы са здароўем, – не перашкода для вядзення гаспадаркі і ўтульнага ўтрымання свайго жылля. Як і належыць, домаўладанні забяспечаны пажарнымі апавяшчальнікамі з вывадам на фасад. Паклапаціліся гаспадары і пра запас дроў на зіму.
У Дамашках завіталі да Р.В. Аляшкевіч. Пажылая жанчына пражывае разам з сынам. Але гаспадарскай рукі таго асабліва не відаць: патрабуецца замена электра-праводкі ды і шпалеры памяняць было б дарэчы. Дапамагчы абяцае дачка, толькі прыедзе пазней – сама нядаўна атрымала жыллё, пакуль там парадак навядзе… Толькі вось зіма чакаць не будзе — і сённяшнія недапрацоўкі абавязкова вылезуць вонкі. Не было б позна.
У доме Ф.І. Грышкевіч цёпленька і ўтульна. Тут шчыруе работнік па доглядзе за інвалідам першай групы, якая даглядае нямоглую жанчыну, што большую частку часу праводзіць у ложку і зрэдку калі бывае на вуліцы. Перад тым, як пераклеіць шпалеры ў доме, тут спачатку запланавана памяняць праводку. У хуткім часе зоймуць сваё месца новыя вокны – вунь рамы стаяць напагатове. Жанчына, якая даглядае састарэлую кабету, клапоціцца і пра тое, каб у хлеўчуку вялася жыўнасць. Шкада толькі, што дзеці тут рэдкія госці. Менш сумавала б бабуля.
Тут жа, у в. Красны Сад, наведваемся і да Г.М. Ванькевіч. Пажылая жанчына пражывае разам з дачкой. Вядома, разам і справы ідуць весялей, спарней. Таму і не было з боку членаў камісіі нараканняў да вядзення хатняй гаспадаркі. А вось пажаданне дамачадцаў аб устаноўцы каля домаўладання ліхтара, яны ўзялі на кантроль. З’явіцца святло павінна і каля сядзібы Ф.І. Грышкевіч.


Вось так прайшоў адзін з выездаў членаў аглядавай камісіі Паплаўскага сельвыканкама. Нямала іх будзе яшчэ, кожнае домаўладанне будзе наведана. Вядома ж, зіма – экзаменатар строгі і спытае яна з кожнага. Таму неабходна гэты экзамен прайсці паспяхова.
Дарэчы, у ходзе выезду ўвага надавалася і навядзенню парадку на прысядзібных участках. Парадавала, што гэтым заняты не толькі прыватныя домаўладальнікі, а і адміністрацыя сельгасфіліяла “Здравушка-агра”, намаганнямі якой у в. Новіны ў гэты час вялася ліквідацыя двух старых нежылых дамоў. А гэта і ў эстэтычным плане добра, і ў супрацьпажарным таксама.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *