Калі ў сэрцы – дзве радзімы

Перасяленцы, чарнобыльцы, свае сярод чужых… Яны як птушкі, што вылецелі з абжытых гнёздаў, каб асесці ў незнаёмым краі. Але думкамі ўсё жыццё быць там, дзе плешчыцца ў сонечных промнях самавіты Дняпро і пятляе між узлескаў наравістая Прыпяць, дзе вясной цвітуць абрыкосы і заўсёды шмат грэцкіх арэхаў, а мясцовая гаворка шчодра перасыпана ўкраінскімі дыялектамі.

Яны ніколі не думалі, што Чарнобыль супраць іх волі і жадання стане часткай іх лёсу, невылечнай ранай, што не будзе гаіцца і нават праз пакаленні не сатрэцца з памяці.

Таццяна Уладзіміраўна жыве ў доме па вуліцы Карканіцы горада. Тут, як і ў яе бацькоў, вялікі прысядзібны ўчастак, растуць абрыкосы і персікі, сапраўдны смак якіх яна ведае з дзяцінства

Гарачы красавік 1986

У Таццяны Абрамовіч (Уласавай), як і ў кожнага з нас, таксама быў любы сэрцу куточак. Родная мясціна, да якой яна прырасла душою, да якой яе цягнула неадольная сіла з любой кропкі ў свеце. Такім месцам была для яе вёска Ляды Піркаўскага сельскага Савета, што ў Брагінскім раёне. Шчыра прызнаецца жанчына, што з маладосці аб’ездзіла і пабывала амаль ва ўсіх саюзных рэспубліках і нават за мяжой, але мілей бацькоўскай сядзібы нічога не было. Бацька Уладзімір Аляксандравіч Марчанка працаваў у мясцовым калгасе, а матуля Ганна Іванаўна – прыбіральшчыцай у школе за некалькі метраў ад дома.

Вясной Ляды напаўняліся птушыным спевам, а летам — дзіцячымі галасамі. І хаця вёска лічылася невялікай, дзесьці каля трохсот насельнікаў, жыццё тут ніколі не заціхала. За некалькі гадоў да чарнобыльскага выбуху тут узвялі новы будынак школы і жывёлагадоўчую ферму. Ды і бацькі Таццяны Уладзіміраўны мелі прасторны і прыгожы дом, абставілі жыллё мэбляй. І хаця ў краіне ва ўсім адчуваўся дэфіцыт, у доме быў дастатак, бо трымалі вялікую гаспадарку. З ранку да позняга вечара прыходзілася працаваць, аднак ніхто не ленаваўся. Людзі радаваліся кожнаму новаму дню, ганарыліся поспехамі дзяцей і ўнукаў, як і ўсе, строілі планы.

– Той красавік выдаўся не тое што гарачым, а нават спякотным, – успамінае Таццяна Уладзіміраўна, – ды і добра памятаю, што клубы пылу ўздымаліся ў вышыню на некалькі метраў. Цэлымі днямі людзі знаходзіліся ў двары, у засені дрэў можна было адчуць прахалоду і надыхацца свежым паветрам. У выхадныя справілі Вялікдзень і рыхтаваліся 26 красавіка садзіць бульбу.

Таццяна была старэйшай дачкой у сям’і Марчанкаў. Выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей: сына Уладзіміра і дачку Наталлю, працавала на швейнай фабрыцы і жыла ў горадзе Чарнобыль Украінскай ССР.

– Адсюль да пасёлка атамшчыкаў Прыпяць і да маёй бацькоўскай сядзібы рукой было падаць – некалькі хвілін на электрычцы, – заўважае жанчына. – Таму днём мы ўсёй сям’ёй садзілі бульбу, а вечарам я мела намер вярнуцца дамоў.

Матуля Таццяны Уладзіміраўны з унукамі

Праўда, гэта чамусьці аказалася няпроста. Электрычку не пусцілі. Тады гэта ніколькі не засмуціла маладую жанчыну: па Прыпяці яшчэ хадзіў паром! Не зашчаміла сэрца ў Таццяны і тады, калі на беразе ракі яна пабачыла полымя з боку электрастанцыі, бясконца лятаючыя верталёты, якія нешта скідвалі на агонь.

– Гэта сёння я ведаю, што так у першыя дні аварыі тушылі пажар на чацвёртым рэактары, а тады нам яшчэ ні аб чым не паведамлялі. Ды толькі світанак на беразе Прыпяці пафарбаваўся ў фіялетава-бардовы колер…

Як ішла эвакуацыя?

Трывога доўга не прыходзіла да маладой матулі. Ніколькі не здзівілі яе раптоўная эвакуацыя сем’яў ваеннаслужачых з Прыпяці, ачапленне на пяць кіламетраў ад атамнай станцыі, ды і калона аўтобусаў даўжынёй амаль 50 кіламетраў. З балкона яна налічыла 120 машын з людзьмі.

– Дзяцей і дарослых садзілі ў аўтобусы і перавозілі ў другія вёскі, – успамінае жанчына. – Уздоўж дарогі скрозь стаялі ваенныя. Усе былі ў масках. Што робіцца там, на атамнай станцыі, дакладна ніхто не ведаў. Людзі прыпадалі да тэлевізараў, не выключалі радыё, чакалі газет, але там ніякай інфармацыі не было.

Трывога з кожным днём нарастала, і Таццяна кінулася з дзецьмі да бацькоў у Ляды. Але тут ужо ў адзін з апошніх дзён красавіка ў чатыры гадзіны раніцы прыехалі людзі і пачалі забіраць жывёлу – свіней, кароў, курэй. Гаварылі, што адправяць на мясакамбінат. Вяскоўцы не пярэчылі, бо арганізатары вялі пэўны запіс. Затым надышла чарга эвакуацыі дзяцей – іх накіроўвалі ў санаторый. Вядома ж, гэта рашэнне не ўсім падабалася, таму і былі істэрыкі. Таццяна ж сваіх дзяцей зачыніла ў хаце.

Ляды трапілі ў зону адсялення. Вёска, знаходзілася дзесьці за дваццаць кіламетраў ад станцыі, калі напрасткі. Ад зоны адчужанасці яе аддзяліла асфальтавая дарога. Бацька Таццяны быў ліквідатарам і будаваў дамы для рабочых.

Між тым сем’ям рэкамендавалі выехаць у чыстыя раёны Беларусі. Арганізавана людзей вывозілі ў Рагачоўскі раён, але Таццяна вырашыла ехаць да сваякоў у вёску Слабада Бярэзінскага раёна.

Мы выязджалі са Жлобіна

5 мая нават без чамаданаў, – гаворыць жанчына, – білетаў у касе не было. Давялося доўга ўпрошваць правадніцу, але тая трапілася вельмі ўпартай. Маўляў, ну і што, што з Чарнобыля, дык чаго бегчы? Мы ўжо і не спадзяваліся выехаць, але тут заплакаў сын, ды так моцна, што правадніца ўмомант знайшла нам месца. Ужо ў Мінску Таццяна страціла прытомнасць і “хуткай” дапамогай была дастаўлена ў бальніцу.

– Памятаю, калі ачуняла, – гаворыць жанчына, – не знайшла ўпрыгожванняў. Напэўна, думалі, што яны мне больш не спатрэбяцца. Медыкі ж бачылі мае дакументы з Чарнобыля.

У сямейным архіве асаблівае месца займаюць дакументы і пасведчанні пацярпелых ад ЧАЭС. Яны пажоўклі і сцёрліся, але ўсё роўна нагадваюць жанчыне аб тым, іншым жыцці

Жыццё з чыстага ліста

Уласавы былі першай пацярпелай ад Чарнобыльскай трагедыі сям’ёй у раёне. Таццяна ўладкавалася на швейную фабрыку нават без працоўнай кніжкі. Апошняя прыйшла з Чарнобыля толькі праз год. Ды і з кватэрай жанчыне дапамаглі. Затым сюды пераехалі і яе бацькі. Яны працавалі ў тагачасным калгасе “Ленінскія дні”. Услед за імі ў раён прыехалі малодшыя браты Таццяны Мікалай і Сяргей.

Пасведчанні пацярпелых жанчыне і яе сваякам выдалі ў 1987 годзе. Тады ж выплацілі і “грабавыя”. А па першым часе Таццяне не было нават чаго насіць зімой. Ды і што купіш, калі паўсюдна быў дэфіцыт і рэчы прадаваліся па талонах! Пераадолець нягоды дапамаглі бярэзінцы. А Бярэзіншчына прытуліла яшчэ перасяленцаў з Хойніцкага, Нараўлянскага і іншых адселеных раёнаў.

Таццяне Уладзіміраўне нават і не верыцца, што прайшло ўжо трыццаць пяць гадоў пасля тых жудасных чарно-быльскіх падзей. Яна стала часткай Беразіно, бо большасць бярэзінцаў – яе калегі, сябры, добрыя і спагадлівыя суседзі. Тут выраслі дзеці і нарадзіліся ўнукі. Тут яна нібы пачала жыццё з чыстага ліста і замест кар’еры, якая свяціла маладой і актыўнай жанчыне, выбрала ўласнае шчасце – знайшла другую палову, пабудавала дом і нарадзіла малодшую дачку. Тут склалася жыццё ў яе братоў і тут знайшлі вечны спакой бацькі.

– Я ніколькі не звязваю іх смерць з удзеяннем радыяцыі, – прызнаецца жанчына. – Бацька памёр у 56 гадоў пасля трэцяга інфаркту, паспеўшы ўсяго два разы як ліквідатар атрымаць пенсію ў 1995 годзе. Магчыма, не вытрымала яго сэрца развітання з роднай вёскай. Матулі не стала сем гадоў таму, яе жыццё забрала анкалогія. Ды і я не магу пахваліцца ў свае 63 гады выдатным здароўем. Бачыце, паўсюдна ў доме ляжаць лекі!

Раней штогод на Радаўніцу вялікая і дружная сям’я Марчанкаў вярталася на адзін дзень дамоў, на сваю малую радзіму, каб наведаць магілы продкаў, сустрэцца з вяскоўцамі, вярнуцца ў дзяцінства і маладосць, надыхацца родным паветрам. Аднак сёлета ўжо трэці год з імі не будзе Таццяны Уладзіміраўны…

Сям’я Марчанкаў каля роднага дома ў Лядах (1992 г.)

– Дагэтуль перад вачыма стаіць закінуты і зарослы бур’яном бацькоўскі дом, – гаворыць жанчына. – Яго ледзь пазнаеш, бо будынак урос у зямлю, дах прасеў і абваліўся. Пужаюць сваёй недагледжанасцю Ляды. Раней тут на могілках хавалі вяскоўцаў, а цяпер толькі вузкія сцежкі разразаюць вёску. Ды і дагэтуль стаіць жудасная цішыня ў Прыпяці і Чарнобылі, куды забаронены людзям уваход. Глядзець на гэта без болю ў сэрцы і слёз немагчыма! Аднак супакойвае, што без Беразіно, сваёй другой радзімы, ужо не магу. Яна жыве ў душы паралельна з першай.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ
і з архіва сям’і Марчанкаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *