Калі адзін у полі воін

Дыспетчар адкрытага акцыянернага таварыства “Брадзец” Ірына Ермаловіч заўсёды ведае, дзе і на якім участку сёння шчыруюць механізатары гаспадаркі. І дапамагае ёй у гэтым не толькі мабільны тэлефон.

– У нашай гаспадарцы на кожным з 18 трактароў і аўтамабіляў устаноўлены прыборы, якія дазваляюць адсочваць перамяшчэнні тэхнікі кожную хвіліну, – тлумачыць жанчына. – Вось, паглядзіце на манітор камп’ютара — на полі каля вёскі Налазы зараз рупіцца Сяргей Аўсянскі, а непадалёк яшчэ адзін участак — тут уносяцца тукі і рыхтуецца глеба да будучых пасяўных работ. Пагадзіцеся, гэта вельмі зручна! Ноу-хау прыйшлося па душы, ды і фактаў крадзяжу паліва і прастояў тэхнікі не заўважана.

– Гэта зручна, ды і моцна дысцыплінуе нашых механізатараў, – гаворыць пра гаджэты Ірына Ермаловіч

Дыспетчару і сапраўды новыя ўмовы працы падабаюцца, бо вызваляецца час для іншых спраў. Яна ж яшчэ і запраўшчыца, і кантралёр за парадкам на машынным двары. А як ставяцца да віртуальнага кантролю самі механізатары?

– Надзвычай спакойна, — адказаў сейбіт Сяргей Аўсянскі. – Прагрэс не можа напалохаць сучаснага селяніна! Куды больш непакояць дрэннае надвор’е і паломка тэхнікі. Таму кожны з нас прастояў не дапускае і імкнецца хутчэй у лагоднае надвор’е ўправіцца з сяўбой. Ды і чаго красці паліва ў роднай гаспадарцы: сумленна працуем і зарабляем дастойна!

Так, Сяргей Аўсянскі на сваім трактары “Беларус-3522” з шасціметровай сеялкай ПППП-6 адзін пасеяў клін ранніх зерневых культур. А гэта не больш–не менш як 250 гектараў. Няцяжка?

– Гэта нямнога, бо магу і болей – да дзвюх тысяч гектараў засяваць, — гаворыць брадзецкі сейбіт. — Тут галоўнае – не ленавацца і ўласнаручна адрамантаваць кожны агрэгат, каб машына не падвяла ў адказны момант. І нікуды не спяшацца, каб якасна пакласці насенне ў глебу. Зямля капрызная і мітусні не любіць!

– Сёння земляроб універсальны, яму па сілах удзельнічаць ва ўсіх відах работ, а сучасная тэхніка і гаджэты – у дапамогу! — лічыць Сяргей Аўсянскі

Сёлета на пасяўной Сяргей Аўсянскі — не толькі сейбіт, але і араты. Засеяныя плошчы ўзараў сам і без агрэхаў. На трактары заўважаю металічны трос. Няўжо давялося выцягваць машыну?

– Не, такіх выпадкаў не было, але калі што і здарыцца, дык дыспетчар першай патэлефануе, спытаецца, як справы, і арганізуе дапамогу!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *