Калі ёсць на каго раўняцца

За час жніва сельскагаспадарчы філіял “Здравушка-агра” часта наведвалі сталічныя госці для ўручэння працаўнікам палёў каштоўных падарункаў і падзяк. І справа тут не ў тым, што гаспадарка знаходзіцца на мяжы раёна і размешчана на ажыўленай аўтатрасе. Больш значнай нагодай з’яўляюцца старанныя вадзіцелі і механізатары, што працуюць тут. А іх нямала. Ёсць тут дастойныя прадстаўнікі і іншых спецыяльнасцей.

Віталь Самец

Пацвярджэнне гэтых слоў – Віталь Самец. Ён – загадчык зернятока. Колькі збажыны праходзіць за сезон праз яго рукі, падлічыць няпроста. А калі ўлічыць той факт, што Віталь Віктаравіч на сваёй адказнай пасадзе шчыруе ў гаспадарцы не першы год, то і вынік яго работы будзе большым у разы. Дарэчы, сёлетні намалот у “Здравушцы-агра” радуе не толькі яго: на круг тут атрымліваюць крыху больш за 30 цэнтнераў з гектара, што вышэй за сярэднераённы паказчык. Атрымаць жа такую ўраджайнасць на небагатых паплаўскіх землях зусім няпроста.

Уладзіслаў Старцаў

У дасягнутым ёсць пэўная заслуга і слесара па рамонце сельгасмашын і абсталявання Уладзіслава Старцава. Толькі першы год, як з’явіўся гэты малады чалавек у калектыве пасля заканчэння Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, і адразу, што называецца, “упісаўся” ў калектыў. Давераную справу выконвае з задавальненнем і веданнем. Паралельна з выкананнем сваіх асноўных абавязкаў У. Старцаў займаўся рамонтам трактара МТЗ-82, на які неўзабаве і перася-дзе, каб і ў новым статусе даказаць, што і гэтыя абавязкі яму па сілах. Дарэчы, умелыя рукі і кемлівасць навічка паспелі ўжо запрыкмеціць. Падзякай за стараннасць адзначыла Уладзіслава старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. Такім жа чынам быў заахвочаны і Віталь Самец.

Злева направа: Уладзімір Цішкевіч, Уладзімір Сігаёў, Васіль Хвацік і Аляксандр Капанец

Да маладога пакалення працаўнікоў палёў сельгасфіліяла “Здравушка-агра” адносіцца і Уладзімір Цішкевіч. Перш чым прыйсці ў родную гаспадарку, ён паспрабаваў сябе ў розных ролях на іншых работах. Толькі, відаць, прыцягненне роднай зямлі ўсё ж узяло верх. Сёлетняе жніво для
У. Цішкевіча другое па ліку. І трэба адзначыць, што абодва разы Уладзімір уваходзіў у лік лепшых вадзіцеляў на адвозцы збожжа. Мала таго, ён носіць ганаровае званне “тысячніка”, бо на яго рахунку (з улікам перавезенага рапсу) больш як 1600 тон дастаўленага ад камбайнаў зерня. Сваёй упартасці малады чалавек не хавае, намераны і ў наступным сезоне не збаўляць абаротаў і выйсці ў лік лідараў раённага маладзёжнага спаборніцтва.
Раўняцца ж у сваёй упартасці і працавітасці маладому папаўненню “Здравушкі” ёсць на каго. Неаспрэчнымі аўтарытэтамі на жніве тут вось ужо каторы год з’яўляюцца Ігар Капанец і Уладзімір Сігаёў. Вось ужо колькі год запар яны не здраджваюць роднай зямлі і збожжавай ніве, лідарству на спаборніцтве ў час жніва і свайму тандэму. Ён правераны ўжо многімі гадамі і склаўся яшчэ задоўга да далучэння ААТ “Новіны”, дзе пачыналі механізатары сваю жніўную эпапею, да сельгасфіліяла “Здравушка-агра”. Сёння Уладзімір Міхайлавіч і Ігар Аляксандравіч зноў наперадзе. На іх рахунку больш як 1700 тон няпроста здабытага хлеба. Уявіце сабе: для атрымання такога намалоту экіпажу давялося зжаць больш як 700 гектараў!
А не так даўно членаў дружнага экіпажа і маладога вадзіцеля У. Цішкевіча павіншаваў старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў АПК Васіль Хвацік. Дарэчы, на гэтым спіс старанных работнікаў сельгасфіліяла не завяршыўся. І пра іх мы таксама абавязкова раскажам.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і Марыны КАЎЗУНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *