Ці ў парадку ўсё з парадкам? Высвятлялі на пасяджэнні камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў пры Бярэзінскім райвыканкаме

Насычаным і шматпланавым аказаўся спектр пытанняў, якія выносіліся на чарговае пасяджэнне камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў пры Бярэзінскім раённым выканаўчым камітэце. Перш-наперш быў праведзены аналіз работы па папярэджванні вытворчага траўматызму ў прыватным будаўнічым прадрыемстве, дзе адбыўся няшчасны выпадак, які прывёў да цяжкай вытворчай траўмы. Нягледзячы на тое, што на сёння тут улічаны і выпраўлены ўсе выяўленыя недахопы, на прадпрыемстве павінен весціся пастаянны пільны кантроль за ходам выканання патрабаванняў норм тэхнікі бяспекі.

З вынікамі работы мабільнай групы за студзень-чэрвень 2019 года пазнаёміў членаў камісіі галоўны дзяржаўны інспектар Барысаўскага МРА Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы С.В. Сыраквашка. Ён жа паведаміў аб выяўленых тыповых парушэннях па ахове працы ў арганізацыях раёна. З вынікамі работы рэйдавай групы тэхнічнай інспекцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў арганізацыях і ўстановах Бярэзіншчыны пазнаёміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў А.М. Токан.
Са справаздачамі аб праводзімай рабоце па забеспячэнні аховы працы
выступілі начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Бярэзінскага раёна І.А. Саскавец і намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.А. Фаміна.
Падчас пасяджэння камісіі разглядалася і пытанне аб павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў раёна па ахове працы.
Асаблівую ўвагу прысутных засяродзіў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама У.М. Навіцкі на своечасовасці правядзення медыцынскіх аглядаў работнікаў арганізацый і ўстаноў Бярэзіншчыны.
— Тут павінна быць агульная зладжаная работа кіраўніцтва і адпаведных спецыялістаў, работнікаў райбальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, — падкрэсліў ён.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *