Каму і спёка ў радасць

На адміністрацыйным будынку машыннага двара сельгас-прадпрыемства «АграМАЗ», што ў аграгарадку Любушаны, устаноўлена электроннае табло, дзе паказваюцца дата, час і тэмпература паветра. Дык вось у мінулую пятніцу тэмпература на вытворчым аб’екце, дзе адначасова вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да жніва і першасная апрацоўка збожжа новага ўраджаю, дасягнула 38 градусаў па Цэльсію. Толькі вось любушанскія работнікі ўвагі на невыносную спёку і лічбы на табло не звяртаюць, бо працуюць у звычайным рэжыме.

У панядзелак тэхніка на лінейцы гатоўнасці

– У панядзелак у нас адказны дзень, – рапартуе намеснік кіраўніка гаспадаркі па вытворчых пытаннях Анатолій Драздоў. – Уся тэхніка, задзейнічаная на жніве, павінна з раніцы стаяць на лінейцы гатоўнасці. Правяраць машыны будзем грунтоўна, бо нагрузка на адзін камбайн атрымліваецца значнай. Таму трэба пераканацца, што машына не падвядзе ў адказны момант. Вось чаму каля тэхнікі ва ўсю завіхаюцца камбайнеры.

Прыдзірлівая пазіцыя правяраючых тлумачыцца тым, што ў гаспадарцы дзейнічае цвёрдае правіла: да кожнай кампаніі ставіцца грунтоўна і не спадзявацца на апошні момант.

– Нішто не павінна перашкодзіць убраць якасна і абмалаціць вырашчаны ўраджай, – тлумачыць Анатолій Уладзіміравіч. – Уборачная плошча ў нас дасягае амаль дзвюх тысяч гектараў, з якіх маем намер намалаціць па 30 цэнтнераў на круг. І гэта па самых сціплых падліках, калі надвор’е не падвядзе і не абрушыцца праліўнымі дажджамі.

Цешыць вока рапсгігант

Гаворыць спецыяліст з веданнем справы, бо ўжо зараз на палетках каласуе небывалы ўраджай зерневых. Ён нібы пераліваецца золатам на фоне спякотлівага сонейка. Ды душа літаральна спявае ад уражанняў, калі бачыш, які шыкоўны вырас азімы рапс на аграмазаўскіх палетках. Яго вышыня больш за рост чалавека, ды і ўвесь ён шчодра ўсыпаны стручкамі з каштоўным масланасеннем.

– Ужо зараз, па самых сціплых падліках, гэта каштоўная і прыбытковая культура дасць нам па 20 цэнтнераў на круг, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Пілецкі. – Усё па тэхналогіі: ад вырошчвання да нагляду за палеткамі. Ды і не падвёў надзей мясцовых аграрыяў гібрыдны гатунак насення. Цяпер галоўнае, каб надвор’е не перакрэсліла нашы планы на лідарства ў раёне па вырошчванні капрызнай алейнай культуры.

Яўгеній Пілецкі дэманструе азімы рапс-гігант

У якасці бонусу — новы камбайн

Праўда, толькі на надвор’е ў Любушанах не спадзяюцца. Інакш чаму разам з камбайнамі рамантуюцца пажарныя машыны і грунтоўна прадумваюцца меры матэрыяльнага стымулявання ўдзельнікаў жніва. Спраўных механізатараў чакаюць прыемныя грашовыя бонусы і яшчэ адзін сюрпрыз.

– Днямі папоўніцца наш камбайнавы парк новай машынай, – прызнаўся Анатолій Драздоў. – Сакрэт, хто стане яго гаспадаром, выдаваць не стану, але, паверце мне, работнік гэты дастойны і апраўдае наш давер.

Яму і яшчэ аднаму камбайнеру на магутных высокавытворчых машынах выпадае сёлета гонар даць старт жніву ў гаспадарцы і абмалаціць палеткі з азімым рапсам.

– Стаўку робім не толькі на тэхніку, але і людзей, – падкрэсліў галоўны аграном Яўгеній Пілецкі, – бо за плячыма кожнага не першы хлебаробскі сезон. Ды і запал на сумленную працу ў людзей магутны.

Завяршаючыя рамонтныя работы вядуць Руслан За-харэўскі і Аляксандр Слабко

З кармавых палеткаў на зерневыя

Так, нядрэнна ідзе корманарыхтоўчая кампанія з траў другога ўкосу. Яна працягваецца і зараз. Пры гэтым любушанцы паказальна стаўку робяць не на колькасць кармоў, а іх выключную якасць. Закладваюцца яны строга па тэхналогіі ў аптымальныя тэрміны спеласці траў, з выкарыстаннем кансервантаў, шчыльнай трамбоўкай і закрыццём траншэй.

Такі сур’ёзны настрой на справу мае дывідэнды не толькі ў нарошчванні вытворчасці таннага малака і мяса, але і росце дадатковых даходаў ад прадукцыі раслінаводства. Так, гаспадарка днямі рэалізавала 65 тон насення свірэпіцы, а ўжо зараз на машынным двары дасушваецца і першапачаткова дапрацоўваецца насенне купкоўкі.

Разам з камбайнамі на лінейку гатоўнасці выйдуць пажарныя машыны

На старце — і студатрад

Ураджай насеннікаў шматгадовых культур сёлета слаўны. Каля яго спраўна завіхаліся з рыдлёўкамі члены маладзёжнага сельскагаспадарчага атрада. Дзейнічае ён тут усяго толькі першы год. Таму першачаргова залічваліся дзеці работнікаў гаспадаркі. Аднак не толькі яны пажадалі дапамагчы роднаму сельгаспрадпрыемству ў гарачы час. Працуюць падлеткі ў дзве змены і жадаюць рупіцца да самага завяршэння жніва. Падкупляе іх магчымасць зарабіць ды і паспрабаваць свае сілы ў карыснай справе.

– У нас гэта апошняе лета дзяцінства, – гавораць Кірыл Маркелаў і Дзмітрый Цэдрык. – Таму хочацца яго запомніць. Праз год не будзе магчымасці пагуляць і пацешыцца ўволю, але куды больш хочацца праверыць сябе на вартасць. Таму і вырашылі адмовіцца ад бацькоўскіх грошай і самастойна зарабіць на выпускны баль. Балазе, абяцаюць прыстойныя заробкі.

Кіпіць работа па дасушванні купкоўкі. Таму няма часу адпачываць студэнцкаму атраду

У атрадзе не толькі хлапчукі, але і 14-гадовыя дзяўчынкі, якім пасуе рабочае адзенне.

– Мы яшчэ вясной даведаліся, што ў гаспадарцы будзе дзейнічаць студэнцкі атрад, і з нецярпеннем чакалі яго адкрыцця, – прызнаюцца Паліна Маркелава і Кацярына Юшкевіч. – Усім задаволены, хаця працаваць даводзіцца цяжка. Ды што зробіш, калі грошы лёгка не даюцца.

***

Калі рэдакцыйны аўтамабіль пакідаў машынны двор, на табло заззяла ўжо 40 градусаў. А пры такіх тэмпературных рэкордах жніво ўжо не за гарамі, і сустрэнуць яго любушанцы напагатове. Наконт гэтага сумненняў няма!

Ужо назапашана на будучую зімоўку жывёлы 74 тоны сена, 11840 тон сенажу, у тым ліку 510 — у палімернай плёнцы. На ўмоўную галаву жывёлы маецца па 12 цэнтнераў кармавых адзінак.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *