Каму не спіцца па начах? Высветлілі бярэзінскія міліцыянеры

У Беразіно выяўлены распаўсюджвальнік “падпольнай” друкаванай прадукцыі

Ноччу 20 лютага ў Бярэзінскі РАУС паступіла паведамленне: у пад’ездзе шматкватэрнага дома мужчына закідвае ў паштовыя скрыні «Честную газету». Прыбыўшыя на месца здарэння міліцыянеры затрымалі начнога “паштальёна”. Ім аказаўся 33-гадовы бярэзінец. Адмаўляцца ад учыненага мужчына не стаў, бо ў яго на руках былі яшчэ 100 экзэмпляраў друкаванай прадукцыі.

Апраўдвацца перад вартавымі правапарадку затрыманы не імкнуўся і адразу заявіў, што распаўсюджваў газету выключна па сваім жаданні.

Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. У ходзе агляду кватэры начнога “паштальёна”, дзе ён пражывае з бацькам, былі выяўлены яшчэ незаконныя боепрыпасы. У выніку гладкаствольнае ружжо і патроны былі канфіскаваны.

Як паведамілі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, па факце парушэння заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, зараз вядзецца праверка.

ДАРЭЧЫ

Ва УУС Мінаблвыканкама адзначылі, што ў вобласці павялічылася колькасць паведамленняў аб выяўленні ў паштовых скрынях і ў пад’ездах дамоў незарэгістраваных друкаваных выданняў, якія дыскрэдытуюць органы дзяржаўнай улады і садзейнічаюць стварэнню пэўнай напружанасці сярод насельніцтва.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *