Каму пасуе зялёная форма? Адказ шукалі бярэзінскія школьнікі

Кіраўніцтва Бярэзінскага лясгаса актыўна развівае прафарыентацыйны рух у нашым раёне. Як зрабіць першы крок у прафесію і якія бонусы абяцае работа ў лясной галіне, на мінулым тыдні наглядна і падрабязна расказвалі вучням старэйшых класаў раёна на базе ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно”.

— Кожны з нас мае прамое дачыненне да лесу, — звярнуўся да вучняў Сяргей Чэмка, — бо гэта сапраўднае беларускае багацце, якім трэба ўмела распарадзіцца

 

Такія мерапрыемствы сталі звычайнымі ў рабочым раскладзе педагогаў, работнікаў лясной гаспадаркі і выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх і сярэдне-спецыяльных устаноў краіны. Усе яны накіраваны на ўзмацненне кадравага патэнцыялу лясной гаспадаркі актыўнай, матываванай на сумленную працу моладдзю.

Сяргей ЧЭМКА, дырэктар Бярэзінскага лясгаса:

— Асноўная задача мерапрыемства — даць школьнікам і будучым абітурыентам рэальнае ўяўленне аб “лясных” прафесіях, расказаць аб іх перавагах і значэнні для грамадства, паказаць, чым можа быць прыцягальнай работа ў лясной галіне. Наша справа ж сёння не абмяжоўваецца толькі спецыяльнасцю лесавода альбо эколага, бо мы актыўна займаемся перапрацоўкай драўніны, ландшафтным дызайнам, турызмам. Таму для нас падобныя сустрэчы са школьнікамі – інвестыцыі ў кадравы рэсурс прадпрыемства. Мы шчыра жадаем, каб да нас на працу прыходзілі зацікаўленыя спецыялісты, гатовыя развівацца, прапаноўваць рацыянальныя ідэі, строіць кар’еру ў сваім родным раёне. Для такіх ахвотнікаў і аматараў лесу прадугледжаны бонусы. Па-першае, стабільнае працаўладкаванне, якое пры належным старанні гарантуе шматгадовую занятасць. Па-другое, цікавая праца і перспектывы, бо лясная прамысловасць штогод адкрывае новыя спецыяльнасці. Па-трэцяе, дастойны па мерках раёна, ды і вобласці заробак, значны сацыяльны пакет і яшчэ, што самае галоўнае і запатрабаванае ў моладзі, вялікая колькасць культурных, забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў.

Праўда, для актыўных старшакласнікаў гэта — не навіна, бо штогод у навучальныя ўстановы лясной прамысловасці паступае некалькі бярэзінскіх вучняў. Нямала сярод іх дзяцей работнікаў лясгаса, якія па бацькоўскіх сцежках выбіраюць лес справай свайго жыцця.

Алена Валасевіч, метадыст раённага вучэбна-метадычнага цэнтра:

— Мы рады, што дзякуючы падобным сустрэчам яшчэ больш таленавітых бярэзінскіх юнакоў і дзяўчат зможа своечасова зарыентавацца і знайсці свой шлях. У нашым раёне шмат робіцца, каб прыцягнуць падрастаючае пакаленне да працы ў лясной гаспадарцы. Каторы год запар падлеткі маюць магчымасць падзарабіць у час летніх канікулаў у лясгасе, актыўна бяруць удзел у конкурсах і даследаваннях на экалагічную тэму, займаюцца пасадкай лесу і яго ўборкай. Цікавасць да «лясных» прафесій ёсць у многіх старшакласнікаў, і падтрымліваецца яна магчымасцямі мэтавага размеркавання. Каго не грэе перспектыва пачынаць кар’еру, дакладна ведаючы, дзе давядзецца працаваць пасля атрымання дыплома?

Шчыра пераканана, што падобныя сустрэчы маюць плён, бо па вачах юнакоў і дзяўчат было відаць, што некаторыя ўпершыню даведаліся, дзе можна атрымаць прафесію майстра па вырабе мэблі альбо спецыяліста ў галіне ландшафтнага дызайну ці турызму. Карыснай аказалася і інфармацыя аб прахадных балах для абітурыентаў. Яны падуладны вучням гарадскіх і вясковых навучальных устаноў. Атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць можна пасля 9 класаў, а тэрмін навучання ў вышэйшых навучальных установах складае 4 гады.

Застаецца нагадаць, што ў прафарыентацыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічна-га ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага лесатэхнічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага. Яны падрыхтавалі для будучых абітурыентаў прэзентацыі аб апошніх тэндэнцыях і навацыях у лясной гаспадарцы, давялі лічбы прыёму на платнае і бясплатнае навучанне ва ўстановах, а таксама расказалі аб сацыяльных гарантыях для работнікаў галіны. На памяць аб сустрэчы кожнаму школьніку маладыя людзі ў зялёнай форме ўручылі падарункі з лагатыпам Бярэзінскага лясгаса і буклеты з інфармацыяй, дзе можна атрымаць «лясную» прафесію.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *