Код удачы – падпіска

Калектыў рэдакцыі “Бярэзінская панарама” напярэдадні Дня Незалежнасці падвёў вынікі розыгрышу сярод падпісчыкаў на 3 і 6 месяцаў, якія прынеслі (даслалі) падпісныя квіткі для ўдзелу.

Нумары падпісных квітанцый шчасліўшчыкаў: 114142, 181554, 181559, 181565, 181569, 176748, 181586, 9773, 294303, 181594, 222440, 294455, 294-456.

Калі знайшлі свой нумар – тэлефануйце нам 5-52-52!

Дарэчы, відэа розыгрышу можна паглядзець на старонцы газеты ў сацыяльнай сетцы Іnstagram.

Што чытае прафсаюзны лідар?

Напэўна, на Бярэзіншчыне многія ведаюць Алену Токан. Яна – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў. А яшчэ – даўні сябар “Бярэзінскай панарамы”.

– Шчыра прызнаюся, нечаканы і прыемны сюрпрыз, што і я сярод пераможцаў, – пачынае гутарку Алена Міхайлаўна. – Выпісваю раёнку звычайна адразу на тры месяцы. Даведалася пра конкурс – вырашыла прыняць удзел. І выйграла абанемент у трэнажорную залу!

– Жадаю калектыву “Бярэзінскай панарамы” творчых поспехаў, здароўя і асабістага шчасця, – заўважае пераможца розыгрышу Алена Токан

Традыцыя – выпісваць раёнку

– Увогуле, чытаю родную газету са школьных гадоў. Мае бацькі – пастаянныя падпісчыкі. Памятаю, як яны з нецярпеннем чакалі, ды і зараз чакаюць, чарговы нумар газеты. Таму, напэўна, выпісваць “Бярэзінскую панараму” – сямейная традыцыя.

Супрацоўніцтва

Бясспрэчна, Алена Токан па родзе дзейнасці цесна супрацоўнічае з калектывам газеты.

– У нас, на Бярэзіншчыне, даволі насычанае прафсаюзнае жыццё. Мы, прафсаюзныя лідары, прымаем удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, – дадае Алена Міхайлаўна. – Віншуем юбіляраў, ветэранаў вайны і працы, арганізуем акцыі… Хутка распачнецца ўборачная: будзем ушаноўваць хлебаробаў. Затым збіраць дзетак у школу. А хутка – і навагодняя акцыя “Нашы дети”.

Падабаецца, што журналісты заўсёды аператыўна, “жыва”, ярка асвятляюць кожную тэму. Я супрацоўнічаю з рэдакцыяй даўно. Таму памятаю артыкулы Алы Альфер і Ніны Федаровіч, якія бралі за душу, прымушалі задумацца, “не адпускалі”.

“Сацыялка” і аналітыка

– Чытаю ў раёнцы без перабольшвання ўсё. Вядома ж, адны матэрыялы кранаюць больш, другія – прачытваю, каб быць у курсе падзей, што адбываюцца ў раёне. Больш блізкая сацыяльная тэматыка. Бо гэта, як кажуць, маё, роднае. Чытаю, перачытваю і нават захоўваю артыкулы, дзе гаворка ідзе пра прафсаюзных лідараў, людзей працы, прафесіяналаў справы. З задавальненнем сачу за праектам “Прафесіяналы – у асобах”, дзе расказваецца пра людзей працы, што знайшлі сябе ў творчасці. Радуюся, калі чытаю пра таленавітую моладзь, школьнікаў, якія славяць наш раён. Даспадобы і артыкулы пра шматдзетныя сем’і, жанчын-матуль, удастоеных высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці…

Прыемна, што ў раёнцы даступна асвятляецца і тэма медыцыны. Зараз актуальны парады па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, грунтоўныя адказы на хвалюючыя пытанні па вакцынацыі…. Падабаецца і рубрыка #Дзякуймедыкам пра людзей у белых халатах. Апошнім часам заўважаю, што ў раёнцы з’явілася шмат аналітычных матэрыялаў. Падабаецца аўтарская калонка Міланы Трапянок, дзе журналіст “жыва” разважае на рэзанансныя тэмы.

Любімая і любячая жонка і матуля

Заўсёды здзіўлялася, дзе Алена Міхайлаўна чэрпае сілы, каб быць у добрым настроі, спраўляцца з абавязкамі, а іх у прафсаюзнага лідара шмат.

– Маё галоўнае багацце – сям’я. Любімы муж Аляксандр, двое сыночкаў Дзяніс і Максім, бацькі Міхаіл і Валянціна – ва ўсім падтрымліваюць і натхняюць, – заўважае з усмешкай Алена Міхайлаўна.

Творчая асоба і гаспадыня

Алена Токан, як аказалася, – прафесіянал у творчасці. Нямногія ведаюць, што яна займаецца рукадзеллем.

– Я з дзяцінства актыўны чалавек. Люблю спрабаваць штосьці новае. Таму і пачала ствараць вырабы. Гэта дапамагае абстрагавацца ад будзённасці, расслабляцца. А яшчэ зарадзіцца сіламі дапамагаюць хатнія клопаты! Я не люблю ленавацца. Бо толькі той, хто працуе, штосьці мае. Мы з мужам з дзяцінства прывучаны да працы, прывівалі гэта і сыночкам.

У чым сакрэт?

– Заўважыла, чым больш плануеш, тым больш атрымліваецца, – дзеліцца сакрэтам жанчына. – Я заўсёды распісваю дзень. Вяду нататнік, дзе пазначаю найбольш важныя справы. А яшчэ сакрэт, напэўна, у тым, што люблю тое, чым займаюся. Іду па жыцці з добрым настроем і ўсмешкай, у любой сітуацыі шукаю пазітыўны момант. Гэтага ж раю і чытачам раёнкі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *