Кожная трэцяя нядзеля верасня — прафесійнае свята!

Кожную трэцюю нядзелю верасня работнікі лесу адзначаюць прафесійнае свята. Для Міхаіла Кушнера, лесніка Брадзецкага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса, сёлетняе свята — дваццатае па ліку.
Ён нават памятае дату свайго працаўладкавання – 10 сакавіка. А шлях да мары быў няпростым, было вялікае жаданне працаваць у лясной гаспадарцы.

Горкае сталенне

Бацькі Міхаіла жылі ў вёсцы Красная Горка, тады быў саўгас “ХХІІ з’езда КПСС”, там і працавалі, гадавалі траіх сыноў.
— Мы з братамі рана асірацелі, — распавядае Міхаіл Іванавіч. — Маці захварэла, перанесла аперацыю, але пасля пажыла зусім нядоўга. Бацьку страцілі раней (няшчасны выпадак на вадзе). Мне было 17 гадоў, калі застаўся без бацькоўскай падтрымкі, вучыўся ў Смілавіцкім ПТВ, набываў спецыяльнасць механізатара. Потым — апрануў салдацкую форму. Служыў у Прыволжскай ваеннай акрузе г. Куйбышаў (цяпер – Самара). Пасля службы працаваў трактарыстам у МПМК-182, у сельгасхіміі. А потым старэйшы брат паклікаў да сябе ў калгас імя Ільіча, ён тады шчыраваў старшынёй гаспадаркі. Менавіта там, у вёсцы Сяліба, я сустрэў сваю “палавінку”.
Людмілу Яўгенаўну ўсе звалі “по имени-отчеству”, бо працавала яна настаўніцай пачатковых класаў у Сялібскай школе.

“У лясніцтва паклікаў дзядзька…”

Прыроду Міхась любіў з дзяцінства. А ў Брадзецкае лясніцтва клікаў яго дзядзька – Уладзімір Габец, ён адпрацаваў там ляснічым амаль 33 гады. Таму ў 2000 годзе, калі з’явілася магчымасць трапіць у лясную гаспадарку, бо калгасныя лясы перадаваліся “на баланс” Бярэзінскага лясгаса, Міхаіл Іванавіч трапіў сюды, за кошт такога пашырэння плошчаў і штату.
На працу мяне афармляў ляснічы Яўгеній Вараб’ёў, тады працоўныя кніжкі захоўваліся ў лясніцтвах, гэта ўжо потым – у аддзеле кадраў лясгаса…

Лес — крыніца бадзёрасці

— Хоць прафесія лесніка не з лёгкіх, лес для мяне – як крыніца бадзёрасці і добрага настрою, — гаворыць Міхаіл Іванавіч. — Пад маім наглядам знаходзіцца абыход №11. Гэты ўчастак, агульная плошча якога 606 гектараў, пачынаецца перад Сялібай і працягваецца да мяжы з Клічаўскім раёнам.
За гады працы Міхаіл Іванавіч пратаптаў лясныя сцежкі і ўдоўж, і ўпоперак. Працаваць у лесе – значыць, яго разумець і адчуваць. А пакуль не агледзіш кожнае дрэўца, не пройдзеш па кожнай сцежцы сотні разоў, не будзеш ведаць стан даверанага табе ўчастка. І тут ніякія падручнікі не дапамогуць.
А справа лесніка – дапамагаць лесу расці, мацнець і развівацца, вызначаць захварэўшыя дрэвы для планавых санітарных высечак, выконваць план пасадкі, даглядаць маладзенькія саджанцы, выконваць даведзеныя планы па нарыхтоўцы шышак, жалудоў, насення бярозы і г.д.

“Ёсць усё”

З любімай жонкай Міхаіл Кушнер выгадаваў дваіх дзяцей. Сын закончыў вучобу ў БДАТУ, адпрацаваў у ААТ “Першамайскі” і стаў прадпрымальнікам. Дачка таксама знайшла свой шлях – пасля заканчэння Бабруйскага аграэканамічнага каледжа працуе бухгалтарам у родных мясцінах — ААТ “Месціна”.
— Пра што мне яшчэ марыць? – усміхаецца Міхаіл Іванавіч. – У мяне ўсё ёсць. Добрая хата, любімая сям’я, добрая гаспадарка і вельмі шчодрая, добрая цешча – Марыя Мікалаеўна Іўчык. Яна жыве ў вёсцы Колас. Усё жыццё мы будзем удзячныя ёй за дабрыню і падтрымку.
Застаецца дадаць, што ў 2017 годзе Міхаіл Кушнер быў узнагароджаны знакам “10 лет безупречной службы” да Дня работнікаў лесу і Ганаровай граматай за распрацоўку ветравальнага буралому.

“Мае маршруты – па ўсёй Беларусі”

Васілій Новікаў – вадзіцель магутнага сартыментавоза МАЗ-6303А8. Мы засталі яго за падрыхтоўкай тэхнікі да тэхагляду. І няважна, што рукі былі чорныя ад мазуту і турботна з раніцы, аднак настрой бадзёры, і справы ладзіліся.


— На гэты МАЗ я перасеў крыху больш за 2 гады, — гаворыць Васілій Фёдаравіч. – А дагэтуль кіраваў МАЗам-0066 ОКА5. Зразумела, запомніўся той момант, і радасны, і хвалюючы. Бо без высокаэфектыўнай тэхнікі, якая дапамагае забяспечваць сыравінай дрэваперапрацоўчую вытворчасць, эфектыўна працаваць складана ў лясной галіне.
У Бярэзінскі лясгас Васілій Фёдаравіч уладкаваўся ў 2012 годзе, ужо з багатым жыццёвым вопытам.
Спачатку, пасля службы ў арміі, 10 гадоў адпрацаваў у саўгасе “Камунар”, потым, з 1995 года служыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях вадзіцелем пажарна–аварыйнай выратавальнай часці. А калі выйшаў на заслужаны адпачынак, вырашыў працягнуць працоўную дзейнасць у лясной гаспадарцы.
— Мае маршруты пралягаюць па ўсёй Беларусі – Барысаў, Шклоў, Бабруйск… Пералічваць можна доўга, — усміхаецца ён. – Практычна ў кожнага вадзіцеля амаль палова жыцця праходзіць у дарозе. Мне падабаецца наш калектыў, я задаволены тым, што маю, чаго дасягнуў у сваім жыцці. У мяне любімая справа, любімая сям’я, радуюць дзеці і ўнукі.
Дарэчы, за сваю добрасумленную, руплівую працу па ліквідацыі наступстваў урагану ў Смалявічах, а таксама ў барацьбе з караедам у Любані, Васілій Новікаў быў адзначаны граматамі адміністрацыі Бярэзінскага лясгаса і Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Андрэй Рыбакоў працуе на граніцы

Асноўнае месца працы для Андрэя Рыбакова знаходзіцца на станцыі “Бобр”, што ў Крупскім раёне. А працуе Андрэй Уладзіміравіч майстрам пагрузачна-разгрузачных работ.


І кожны яго працоўны дзень звычайна пачынаецца з планавання і размеркавання тэхнікі.
Пад непасрэдным кіраўніцтвам Андрэя Уладзіміравіча працуе брыгада з пяці чалавек, у складзе якой вадзіцель Віктар Галіеўскі, трактарыст Аляксандр Дзяхцяр і трое рабочых – Дзмітрый Пашко, Генадзь Буяльскі, Яўген Ізмер.
Дзякуючы іх зладжанай працы, прадукцыя Бярэзінскага лясгаса (піламатэрыялы, дранка і інш.) транспартуецца не толькі на ўнутраны рынак, а таксама ідзе на экспарт у Літву, Латвію, Польшчу, Кітай, Германію, Галандыю.
Некалі Андрэй Уладзіміравіч закончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць агранома, але жыццё склалася так, што менавіта лясныя багацці, а не шырокія палі, сталі неад’емнай часткай яго лёсу.
Працоўны стаж майстра ў лясной гаспадарцы налічвае ўжо больш за 2 дзясяткі гадоў, а за добрасумленную, бездакорную працу ён неаднаразова быў адзначаны граматамі адміністрацыі Бярэзінскага лясгаса і Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
Дарэчы, да слоўнага партрэта Андрэя Рыбакова трэба дадаць, што ён вельмі добры сем’янін. Дома штодзень чакаюць і ствараюць утульнасць яго дзяўчаты — жонка Яна Яўгенаўна і дзве дачушкі Аліна і Ганначка. Праўда, старэйшая Аліна сёлета закончыла школу і паступіла ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць “лячэбная справа”. Прыкладам стала матуля – таксама медык па адукацыі. А Ганначка яшчэ наведвае дзіцячы садок.

Алена ГРОМАВА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *