Крымінальная хроніка ад бярэзінскіх следчых

Сын ужо вырас, а аліменты засталіся

51-гадовы мужчына, абавязаны па пастанове суда выплачваць маці свайго сына 2002 года нараджэння аліменты, дапусціў запазычанасць. А ўсё таму, што на працягу трох месяцаў не пералічыў ні рубля.

З законам не жартуюць!

Аб гэтым начыста забыўся 64-гадовы бярэзінец. Пастановай суда ў адносінах да яго быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на 12 месяцаў. Аднак на працягу гэтага часу мужчына дапусціў невыкананне патрабаванняў асаблівага рэжыму. Вечарам 27 сакавіка ён адсутнічаў дома…

Аматар чужой зброі затрыманы

У перыяд часу з 7 сакавіка па 3 красавіка 35-гадовы мужчына вырваў прабой у дзвярах дачы ў вёсцы Чырвоны Сад і вынес пнеўматычнае ружжо “Байкал” коштам 120 рублёў.

Колькі можна паўтараць?

Банкаўскія работнікі ні ў якім разе і пры ні пры якіх абставінах не пытаюцца ў сваіх кліентаў па тэлефоне пашпартныя дадзеныя і інфармацыю аб банкаўскай плацежнай картцы. А менавіта яе без ніякіх падазрэнняў выдаў махлярам 61-гадовы бярэзінец. З яго карт-рахунку зніклі 396 рублёў.

А чаму з чужой карткі?

3 ліпеня з дапамогай чужой банкаўскай карткі мужчына зняў 400 рублёў. Цікава, а як жа ён даведаўся пін-код?

Пакаранне не прызнае

Катэгарычна ўхіляецца ад адбыцця пакарання ў выглядзе 200 гадзін грамадскіх работ 41-гадовая кабета.

Чаму матуля не дбае пра дзяцей?

Жывёлавод сельгаспрадпрыемства дапусціла на працягу трох месяцаў звыш дзесяці прагулаў без уважлівых прычын. Але ж жанчына — гора-матуля, якая абавязана судом вяртаць грошы на ўтрыманне траіх дзяцей у дзяржаўных установах. Хто ж верне дзяржаве сродкі?

Не стала лядоўні

Невядомы ў перыяд часу з 5 па 10 красавіка праз выстаўленае шкло ў акне трапіў у дачны дом па вуліцы Ульянава горада. Тут яму моцна спатрэбілася лядоўня коштам 350 рублёў.

Адкуль у мужчыны марыхуана?

Яна “выпадкова” знайшлася ў рукзаку 30-гадовага бярэзінскага юнака днём 12 красавіка ў лясным масіве паблізу вёскі Слабада. Яна захоўвалася без мэты збыту ў палімернай ёмістасці вагой у 1,73 грама. Аднак вядома, што марыхуана была і застаецца ў нашай краіне небяспечным наркатычным сродкам, які не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах.

Трэба на дачах бываць часцей!

Невядомы на працягу часу з лістапада мінулага года па красавік сёлетняга ўлез праз выстаўленае аконнае шкло ў дачны дом у аграгарадку Мікулічы. Тут злодзей прыдбаў прадукты харчавання і вугла-шліфавальную машынку агульным коштам 150 рублёў.

Моцна есці хацелася…

На няхітры набор прадуктаў спакусіўся 45-гадовы мужчына. Неяк у канцы сакавіка ён выбіў акно і трапіў у дачны дом у аграгарадку Мікулічы. Пасля візіту злодзея гаспадары не далічыліся прадуктаў харчавання на 15 рублёў 45 капеек.

Ізноў на лаву падсудных

Там у хуткім часе ў каторы раз апынецца 39-гадовы бярэзінец. Мужчыну судом устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на 12 месяцаў. Але ўжо праз год пакаранне прадоўжылася ізноў… А затым — яшчэ на год.

Ды вывадаў небарака не зрабіў, бо ў час прэвентыўнага нагляду адсутнічаў па месцы жыхарства позна вечарам.

Дзіўная знаходка

На кухні ў сваім жылым доме 64-гадовы жыхар вёскі Лясковічы з 2006 года без спецыяльнага дазволу і без мэты збыту захоўваў, ведаючы аб забароне на абарот выбуховых сродкаў, 135,81 грама жоўта-зялёнага і 119,98 грама зялёна-жоўтага парашку.

Згодна з заключэннем экспертаў, выяўлены парашок з’яўляецца бяздымным порахам альбо прамыслова вырабленым кідальным рэчывам, прыдатным для выбуху.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *