Крымінальная хроніка ад бярэзінскіх следчых

Адна п’янка — дзве крымінальныя справы

У аграгарадку Пагост у адзін дзень, 5 ліпеня, і час, 11 гадзін дня, ды і па адным адрасе двойчы існавала пагроза забойства. Так, у першым выпадку 52-гадовы мужчына на падпітку, дэманструючы сякеру, пагражаў забойствам жанчыне, а ў другім — задзіра дастаў нож і тэрарызаваў сабутэльніка. Як бачым, сродкі выбраны розныя, але вынік адзін – у ахвярвыпівак рэальныя падставы хвалявацца за сваё жыццё і здароўе. Таму яны звярнуліся ў праваахоўныя органы.

Ужо і ў Інстаграм

Самы час прыслухацца да парад праваахоўнікаў і быць пільнымі і асцярожнымі ў папулярных сацыяльных сетках. Невядомы ў невядомым месцы атрымаў несанкцыянаваны доступ да старонкі ў сацыяльнай сетцы, заблакіраваў яе і размешчаную гісторыю ўладальніка з просьбай аб пералічэнні грошай на банкаўскую карту.

Проста выхапіў з рук вяскоўца

Менавіта так завалодаў бутэлькай піва ёмістасцю 1,9 літра ў нецвярозым стане 37-гадовы жыхар вёскі Крапіўня.

Не стала прадуктаў на 100 рублёў

Яшчэ ў красавіку 59-гадовы мужчына ўзламаў дзвярны прабой і трапіў у дом па вуліцы Арэхаўскай вёскі Бялавічы. Пасля яго візіту гаспадары не далічыліся прадуктаў харчавання.

Незаконнае паляванне коштам 3480 рублёў

Невядомы вечарам 12 чэрвеня, знаходзячыся на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі Бярэзінскага лясгаса, паблізу вёскі Краснае, учыніў паляванне з выкарыстаннем металічнай пятлі. Такім чынам была здабыта касуля еўрапейская.

Наадмяняў на крымінальную справу

Адміністратар гандлёвай залы магазіна “Тры цаны” на працягу часу са снежня 2020 года па люты 2021 года з выкарыстаннем касавага абсталявання шляхам адмен аперацый аб набыцці тавараў прысвоіў сабе 1144,94 рубля.

Не стала шрубавёрта

Мужчына 15 чэрвеня днём вырваў прабой у дзвярах і трапіў у гараж домаўладання па вуліцы Кастрычніцкай горада, дзе прыхапіў шрубавёрт коштам 220 рублёў.

Сказ пра наркотыкі

Невядомы, імкнучыся незаконна збыць наркатычныя сродкі, пры невядомых абставінах рэалізаваў 30-гадовай жыхарцы горада не менш, чым 0,0127 грама асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах.

Беражыце веласіпеды

Днём 18 чэрвеня паблізу дома па вуліцы Рачной у аграгарадку Брадзец быў украдзены веласіпед коштам 200 рублёў. А паквапіўся на двухколавы транспарт 49-гадовы мужчына.

І кола, і грошы

Невядомы праз незачыненыя дзверы ў жылым доме вёскі Арэшкавічы вынес кола ад веласіпеда і 300 рублёў.

Не стала мёду і рамак

На працягу часу з 5 па 15 чэрвеня з рухомай платформы, размешчанай паблізу вёскі Клубча, зніклі 4 сотарамкі з разнатраўным мёдам вагой 8 кілаграмаў. Матэрыяльны ўрон налічвае 100 рублёў.

Дзеці выраслі, а матуля не выправілася

Гэта тычыцца дзяжурнага аператара машыннага даення сельгаспрадпрыемства. Яна, асуджаная за ўхіленне ад вяртання расходаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах на падставе рашэння яшчэ ад 2006 года, дагэтуль не разлічылася з дзяржавай. Ды і не збіраецца жанчына гэтага рабіць, бо за апошнія тры месяцы больш за дзесяць дзён прагуляла працу.

Крадзяжу перашкодзілі

Днём 27 мая мужчына з малочнатаварнай фермы спрабаваў вынесці электрарухавік коштам 647 рублёў. Але ажыццявіць намечанае не змог: яму перашкодзіў рабочы гаспадаркі.

Была ў гасцях і абабрала

На гэты раз кабета, знаходзячыся ў кватэры па вуліцы Перамогі, прысвоіла 550 рублёў. Аднак вінаваціць жанчына не сябе, а колькасць выпітага.

Забраў толькі набор інструментаў

На крадзеж пайшоў ураджэнец вёскі Альхоўка. Ён 16 чэрвеня вырваў прабой у дзвярах і вынес з гаража домаўладання па вуліцы Кастрычніцкай горада набор інструментаў замежнай вытворчасці.

Будзьце пільнымі пад гарачым сонцам

Невядомы ноччу 29 мая ў двары дома па вуліцы Хонінава горада выкраў сумачку, якая засталася без нагляду на арэлях. У ёй былі акуляры, пашпарт і 25 рублёў.

У трэндзе — электрарухавікі

Яго разам з рэдуктарам агульным коштам 106 рублёў яшчэ ў сакавіку выкраў 52-гадовы мужчына з тэрыторыі домаўладання па вуліцы Баранава горада.

Не матуля, а зязюля

Толькі так можна назваць 41-гадовую работніцу сельгаспрадпрыемства. Яна, абавязаная судом вяртаць расходы на ўтрыманне траіх дзяцей у дзяржаўных установах, нахабна прагульвае працу.

Хто здымаў грошы з банкаўскай карткі бабулі?

Невядомы з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскай карткі на імя састарэлай жанчыны падключыўся да інтэрнэт-банкінгу і выкраў 1000 рублёў.

Сяргей ЖЫЛІЧ, начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *