Крымінальная хроніка бярэзінскіх следчых

Хто ж такі мастак?

Невядомы ў перыяд часу з 19 гадзін вечара 5 верасня па раніцу 9 верасня белай фарбай напісаў “3%” на фасадзе гандлёвага кіёска “Табакерка” паблізу прыпынку “Сырзавод” па вуліцы Марыі Рамановіч.

А ўжо, лічы, праз месяц уночы з 2 на 3 кастрычніка нехта прама на полі паблізу вёскі Трасцянка размаляваў 7 цюкоў з сенажом ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” фарбай чырвонага колеру. Матэрыяльны ўрон налічвае амаль 96 рублёў.

У дадатак да гэтага невядомы “мастак” уночы з 21 па 22 ліпеня размаляваў агароджу на гандлёвым рынку і гандлёвы павільён індывідуальнага прадпрымальніка.

Аднаго разу не хапіла

25-гадовы мужчына, будучы ў канцы жніўня прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне карыстання гукавымі сігналамі, ужо 3 верасня быў затрыманы за кіраванне матацыклам без адпаведных дакументаў.

У рэстаране неспакойна

Тут 17 верасня 33-гадовы бярэзінец у фае, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, з хуліганскіх памкненняў разбіў люстэрка коштам амаль 84 рублі.

Ізноў абудзіліся “банкаўскія” махляры

Невядомы “работнік банка” ў ходзе тэлефоннай размовы завалодаў рэквізітамі банкаўскай карты жыхаркі Беразіно і выкраў
з яе карт-рахунку 3400 рублёў.

Прыкладна па такой жа схеме зніклі 162 рублі 40 капеек у яшчэ адной жыхаркі раёна. Яна таксама неабачліва паведаміла махлярам-банкірам свае банкаўскія рэквізіты.

Знялі электрарухавік з помпы

Злачынства было ўчынена на працягу часу з 9 па 17 верасня ў памяшканні МГП “Кастрычнік”, размешчаным у вёсцы Краснаполле. Матэрыяльны ўрон налічвае 1000 рублёў.

Дакатаўся… да крымінальнай справы

31 — гадовы мужчына вечарам 18 верасня, будучы ў нецвярозым стане, угнаў з домаўладання ў вёсцы Дзмітравічы аўтамабіль “Сітраен” і даімчаў на ім у родную вёску Мачаск.

“Ах, какая женщина”

24-гадовая кабета позна ноччу 13 верасня адкрыта выкрала дзве бутэлькі гарэлкі “Брэст-Літоўск” коштам 22 рублі 12 капеек з вітрыны гандлёвай залы АЗС №5 па вуліцы Горкага Беразіно.

Кіпяць страсці

У міліцыю звярнулася жыхарка вёскі Гарэнічы. А ўсё таму, што стала рэальна баяцца за сваё жыццё і здароўе. 22 жніўня яе 60-гадовы сужыцель прыставіў да горла вастрыё сякеры.

Трэба на дачах бываць часцей

У гэтым цалкам пераканаўся ўладальнік дома ў аграгарадку Пагост. Ён два месяцы не быў на дачы і не далічыўся цэлага набору кухоннай тэхнікі, шэрагу электраінструментаў і яшчэ некалькіх хатніх рэчаў на агульную суму 460 рублёў.

Невядомы ў перыяд часу з 27 па 29 верасня выставіў акно і праз яго трапіў у дачны дом па вуліцы Новай у Жорнаўцы. Пасля яго візіту гаспадары недалічыліся прыстаўкі і пульта, 8 чайных пакецікаў і трох шклянак на суму 45 рублёў.

Праз незачыненае акно, прыкрытае толькі драўлянымі аканіцамі, трапіў злодзей у дачны дом у вёсцы Манча прыкладна на працягу часу з чэрвеня па кастрычнік. Таму і нядзіўна, што завітаўшы сюды, гаспадар не далічыўся 8 бутэлек віна і адной бутэлькі гарэлкі агульным коштам 62 рублі.

Пільнуйце метал

Невядомы на працягу часу з чэрвеня па верасень выцягнуў з домаўладання ў вёсцы Па-ложына металалому на 200 рублёў.

Вядзецца пошук

16 верасня каля 15 гадзін дня пайшоў з дому ў вёсцы Вяшэўка і да гэтага часу не вярнуўся 60 — гадовы Леанід Валасевіч.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *